Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гэта гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Гэтым разам сведчаннем сямейнага жыцця дзеляцца Мікалай Цяцёркін і Ганна Якубчык.
Мікалай: «Мы ў сужэнстве ўжо сем гадоў, у нас двое дзетак — Адам і Адэлька. Мы грэка-католікі.
Да шлюбу мы не былі сталымі вернікамі, рэдка хадзілі ў царкву. Праз знаёмых мы патрапілі ў грэка-каталіцкую царкву і каля года, перад вянчаннем, праходзілі там катэхезу ў айца Яўгена Усошына.
Мы прыйшлі ў царкву, каб павянчацца, і зусім не планавалі прысвячаць адносінам з Богам шмат часу. Але Бог пакрыху, маленькімі крокамі прыходзіў у нашае жыццё.
Так і пачаўся наш шлях да Яго.
Вянчаліся мы ў старой драўлянай грэка-каталіцкай царкве каля Мінска — у музеі народнай архітэктуры і побыту ў Строчыцах. Царква гэтая не дзеючая, там было даволі цёмна і халодна, бо вянчаліся мы позняй восенню. Але я адчуваў, што Бог з намі і Ён бярэ нашую сям’ю пад сваю ахову».
Ганна: «Для мяне было вельмі важна абвянчацца з Міколам, але, калі мы толькі прыйшлі ў царкву, я лічыла вянчанне, хутчэй, рытуалам, не разумела сакрамэнтальнае вымярэнне сужэнства. Цяпер для мяне вельмі знакава, што мы прыйшлі ў царкву разам з Міколам, разам праз наш шлюб пачалі гэты шлях да Бога.
Сямейнае жыццё прыносіла свае радасці, нарадзіліся дзеці. Хапала і цяжкіх момантаў, узнікалі непаразуменні паміж намі. Малыя дзеці патрабавалі шмат увагі, і нам з Міколам заўсёды не хапала часу адно на аднаго.
Я адчувала сябе расчараванай, мне здавалася, што Мікола часта не чуе мяне, маіх патрэбаў.
Вясной гэтага года я выпадкова даведалася пра „Сужэнскія сустрэчы“. Мне падалася цікавай ідэя паўдзельнічаць у гэтым разам з Міколам. Гэта здалося мне добрай магчымасцю пастарацца паразмаўляць пра ўсё тое, пра што дома не атрымлівалася. Шчыра кажучы, мне хацелася змяніць Міколу, зрабіць больш зручным для сябе».
Мікалай: «Калі Аня прапанавала мне паехаць на рэкалекцыі, мне падалося гэта не вельмі добрай ідэей, я не хацеў ехаць. Мне здавалася, што нашыя адносіны і так добрыя і таму сэнсу іх паляпшаць няма. Але я паехаў дзеля жонкі, можа, нават каб паказаць ёй, як яна памылялася.
Але памыляўся я. Мы ўбачылі тое, што перашкаджае нашаму паразуменню, і змаглі шчыра паразмаўляць адно з адным.
Гэтаму спрыяла атмасфера, якую стваралі вядучыя рэкалекцый. Сваімі ўласнымі прыкладамі з жыцця яны паказалі нам, што нашыя праблемы не такія ўжо і невырашальныя, мы ўбачылі чужы досвед і змаглі ім скарыстацца».
Ганна: «Нашы з Міколам рэкалекцыі прынеслі мне шмат радасці, я яшчэ раз адчула, як моцна муж мяне кахае. Я адчула, што Мікола — сапраўды дар Госпада для мяне. Я ведала, што ён не хацеў ехаць, што гэта выклікала ў ім ўнутраны пратэст. І тое, што мы паехалі, што Мікола, нягледзячы ні на што, падзяліўся са мной сабой, сваімі страхамі і няўпэўненасцямі, асабліва каштоўна для мяне.
З’явілася ўпэўненасць, што я магу быць выслуханай, што Мікола не стане судзіць мяне за мае пачуцці.
Я вярталася дадому з надзеяй на працяг дыялогу, я адчувала, што нават у складанай сітуацыі мы зможам пачуць адно аднаго».
Мікалай: «„Сужэнскія сустрэчы“ моцна паўплывалі на нашае сямейнае жыццё. Лічу, што вельмі карысным для нас з’явілася разуменне правілаў дыялогу. Простыя правілы даюць вельмі добры вынік. Маё разуменне жонкі стала лепшым, я адчуў яе страхі, я даведаўся пра яе пачуцці, якія раней хаваліся, і сам змог адкрыцца ёй.
У нядзелю, ужо перад самым заканчэннем рэкалекцый, мы гулялі з жонкай каля прыгожых дамоў у в. Ляскоўка. І мы дзяліліся сваімі перажываннямі, чаканнямі і планамі на будучыню. Мы абмяркоўвалі, як бы хацелі збудаваць свой дом і збірацца ўсёй сям’ёй за круглым сталом з дзецьмі на верандзе. І гэтае пачуццё еднасці было адным з самых моцных за нашае сямейнае жыццё. Таму зараз, у цяжкія моманты непаразумення, я, бывае, узгадваю, наколькі было цудоўна разам і наколькі лепш жыць у ладзе адно з адным і разам з Богам.
Але, канешне, „Сужэнскія сустрэчы“ не чароўная пігулка, мы застаемся людзьмі і робім памылкі. Веды не спыняюць пачуццяў, але даюць больш магчымасцяў пераадолець непаразуменні пры жаданні.
Мы, як і дагэтуль, можам казаць непрыемныя рэчы адно аднаму, але зараз мы хутчэй прыходзім да паразумення, ды і наогул больш імкнемся да яго.
Я адчуваю, што цяпер нам значна прасцей паразумецца. Раней нашыя крыўды мы маглі доўга хаваць адно ад аднаго. А зараз мы як мінімум раз на месяц маем нагоду ўсё прыгадаць падчас паслярэкалекцыйных сустрэч. Пасля ўік-энду мы планавалі штотыдзень хадзіць на каву без дзяцей і абмяркоўваць шчыра ўсе пытанні. На самай справе, не заўсёды атрымліваецца, але мы стараемся, бо важнасць часу, які мы прысвячаем адно аднаму, цяжка пераацаніць.
Сапраўды, дзеці, быт, хваробы моцна ўплываюць на стасункі, яны губляюць былую пяшчоту. Таму любая магчымасць больш часу прысвяціць самім сабе — тое, што нам трэба.
Вялікім адкрыццём для мяне з’явілася тое, наколькі праблемы сярод сямейных пар падобныя.
На сустрэчах мы маем магчымасць дзяліцца з іншымі парамі сваімі пачуццямі, сваімі цяжкасцямі, можам пачуць іншых і тое, як яны спраўляюцца з гэтым. Асабліва каштоўным для мяне бываць прыклады шматдзетных сямейных пар, якія ў сужэнстве шмат гадоў. Усе гэтыя прыклады даюць мне надзею і веру ў тое, што і наша сям’я справіцца з любымі перашкодамі.
Раней я сумняваўся, ці магчыма, каб каханне захавалася ў сям’і праз 10, 20, 30 гадоў жыцця, бо ёсць думка, што застаецца толькі ўзаемная павага ў лепшым выпадку.
Цяпер я ўпэўнены, што каханне прысутнічае ўсё жыццё, калі мы гатовыя да яго.
Любая мая жонка Анюта, я кахаю цябе і вельмі ўдзячны за тое, што ты знайшла гэты сужэнскі ўік-энд, за тое, што дапамагла нам прайсці гэты шлях, шлях да саміх сябе і да Бога».
Вы маеце таксама магчымасць паклапацiцца аб сваіх сужэнскіх адносінах, прыняўшы ўдзел у рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», якія адбудуцца з 1 па 3 лютага ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!
Кантактныя тэлефоны:
Вольга: +375 29 316 95 59
Сяргей: +375 29 341 68 23