Пошук

15.10.2024 10:04   Фота: з сямейнага архіву Ганны і Андрэя Высоцкiх / Catholic.by

Удзельнікі «Сужэнскіх сустрэч» Ганна і Андрэй Высоцкiя дзеляцца сваім досведам удзелу ў рэкалекцыях, якія далі ім надзейны інструмент для лепшага разумення адно аднаго і саміх сябе.

Андрэй: Нашая гісторыя кахання пачалася, калі нам абодвум было па 18 гадоў. На нашым шлюбе ў жніўні 2013 года да алтара неслі 60 руж: менавіта столькі месяцаў мы сустракаліся. За 5 гадоў разам прайшлі праз многія выпрабаванні, з энтузіязмам і надзеяй, уласцівымі маладым, у дзень шлюбу мы былі на 100% ўпэўненыя, што не толькі ведаем, але і разумеем адзін аднаго нават без словаў. Наіўныя! (усміхаецца)

Першыя гады сямейнага жыцця былі вельмі насычанымі не толькі цікавымі, але і цяжкімі падзеямі. Мы пажаніліся, будучы студэнтамі, першая няпростая цяжарнасць; дыягназы, якія без належнай урачэбнай далікатнасці агучваліся ў радзільным доме нашай першай дачцы; цяжкія, але безумоўна шчаслівыя партнёрскія роды і цалкам новыя для нас ролі мамы і таты.

Ганна: З першымі цяжкасцямi прыйшлі і непаразуменні паміж намі. Тое, што было натуральным, станавілася клапатлівым, патрабавала шматлікіх намаганняў. Так няпроста было будаваць шчырыя адносіны, цяжэй за ўсё было заставацца шчырай з сабою. Не хлусіць сабе, не казаць, што ўсё добра. Я адчувала сябе падманутай і расчараванай; мне здавалася, што Андрэй зусім не чуе мяне, не бачыць маіх патрэбаў.

Андрэй: У той перыяд мы ўсё менш і менш разумелі адзін аднаго, адасабляліся. Я адчуваў сябе нялюбым, нявартым і непрынятым са сваімі турботамі і адчуваннямі.

Ганна: На ўік-энд нас запрасіў айцец Аляксандр, сэрцанін, які ў той час нёс святарскую паслугу ў нашай парафіі, ён таксама прымаў удзел у рэкалекцыях.

Тры дні разам з мужам без дзяцей, асобны пакой для дваіх, трохразовае харчаванне, спрыяльная атмасфера прыняцця і ўзаемнай падтрымкі — цудоўныя ўмовы, каб глыбей пазнаць і зразумець адзін аднаго.

Андрэй: Я ехаў на рэкалекцыі ў Ляскоўку без асаблівых чаканняў. Так, магчымасць некалькі дзён адпачыць ад клопатаў пра дом і працу, смачна паесці, выпіць кавы.

Сам працэс групавой працы мне спадабаўся, хоць я не паказваў гэтага. Трымаў да апошняга маску напышлівасці. Я слухаў ўсё, што казалі тады, і быў упэўнены, што справа, па-першае не ўва мне, а па-другое, няўжо адносіны можна рэанімаваць за адныя выходныя?..

Ганна: Праз шчыры дыялог адкрыліся раны, якія мы спрычынялі нашаму сужэнству на працягу многіх гадоў; здавалася, што станавілася яшчэ больш балюча. Толькі праз некаторы час мы зразумелі, што менавіта ў той перыяд для нас было жыццёва неабходна пачаць вырашаць набалелыя пытанні.

Такім чынам, удзел у ўік-эндзе «Сужэнскіх сустрэч» стаў адным з самых каштоўных падарункаў на дзень нараджання: на рэкалекцыях я распачала новы год свайго жыцця з моцнай верай і выразным усведамленнем таго, што нашае сужэнства больш ніколі не будзе ранейшым, час падзяліўся на «да» і «пасля».

Дзякуючы Божай ласцы і малітвам мы не здаваліся, ішлі насустрач болю. Пасля ўік-энду далучыліся да малой групы «Сужэнскіх сустрэч» у Гродне. І гэта дало магчымаць паступова ўсё глыбей і глыбей адкрывацца адно на аднаго, пакрысе адналяўць нашыя адносіны… Ісці праз боль і даходзіць да радасці ў адносінах.

Андрэй: Мне было цяжка ўваходзіць углыб іншага чалавека, таму што здавалася, я ўсё пра яе ведаю. Цяпер жа я разумею, што з-за сваёй стратэгіі «глухой сцяны» я страціў сувязь з маёй Ганнай.

Не магу дакладна сказаць, калі ўсё пачало змяняцца. Свае перамены звязваю з рашэннем пачаць дыялог з самім сабой: так, прынцыпы дыялогу працуюць і тут.

Сведчанні падчас сустрэч малой групы пачалі ўмацоўваць, дапамагаць нам разумець часовасць пэўных праблем, служыць падбадзёрваннем і вялікай надзеяй. Ішоў час, і мы самі нават не заўважылі, калі прынцыпы дыялогу пачалі працаваць і ў нашым сужэнстве.

Ганна: Калі б добры Бог праз «Сужэнскія сустрэчы» не працягнуў нам сваю далонь, не ведаю, як выглядала б нашае сужэнства сёння. За гэтыя 11 гадоў мы атрымалі «спадчыну ад Пана» (Пс 127 (126), 3): цудоўных Веру, Герарда і Моніку. Многае навокал змянілася, шмат што мы змаглі ў сабе змяніць, але дыялог застаецца тым, што нас аб’ядноўвае да сённяшняга дня. Я бязмежна ўдзячная нябеснаму Айцу за ўсе благаслаўленні, якімі Ён так шчодра адорвае нас праз «Сужэнскія сустрэчы».

Андрэй: На сённяшні дзень я не магу сказаць, што мае адносіны з жонкай ідэальныя, але яны ёсць і яны жывыя. Я ўпэўнены, што дыялог — гэта той інструмент, з дапамогай якога можна змяніць свае адносіны з блізкімі, са светам, а перш за ўсё — з самім сабой.

Дзякуючы «Сужэнскім сустрэчам» мы ведаем, як клапаціцца пра свае адносіны праз шчыры дыялог, слуханне, дзяленне і прабачэнне адно аднаго. Наперадзе яшчэ шмат працы, але ўжо цяпер мы не стаім на месцы, кожны дзень расцем і будуем нашае «разам».

 

 

Абноўлена 15.10.2024 10:11
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа