Пошук

20.01.2025 16:05   Тэкст: Ірэна Ахрамовіч / Фота: Анастасія Ляошка / Catholic.by

16 студзеня ў катэдральным касцёле Найсвяцейшага Імя Марыі ў Мінску прайшла катэхеза для моладзі на тэму адносін, выбару сужонка і стварэння сям’і.

Сустрэча адбылася ў дольным касцёле мінскай архікатэдры. Спікерамі гэтым разам сталі Алена і Андрэй Місан — сямейная пара з Мінска.

На мерапрыемства сабраліся больш за восем дзясяткаў дзяўчат і юнакоў з розных парафій сталіцы і наваколля, а таксама іх душпастыры.

Алена і Андрэй ужо 10 гадоў у сужэнстве і выхоўваюць чацвярых дзяцей. Алена працуе доктарам акушэрам-гінеколагам, а Андрэй — сістэмным архітэктарам і з’яўляецца заснавальнікам праекта Imsha.by, які дае магчымасць шырокаму кола карыстальнікаў даведацца пра актуальны час святой Імшы ў парафіях Мінска і многіх іншых мясцін Беларусі.

Сустрэча пачалася са сведчання Алены, якая падзялілася досведам сваёй працы ў гінекалогіі, распавяла пра маральныя прынцыпы, якіх яна прытрымліваецца, і пра тое, як сваімі паводзінамі стараецца сведчыць пра Бога.

Алена таксама дала парады па выбары мужа і расказала гісторыю свайго знаёмства з Андрэем.

Пасля Алены слова ўзяў Андрэй, які пастараўся падзяліцца з моладдзю тым, што хацеў бы пачуць сам у свае 25 гадоў, разважаючы з перспектывы 35-гадовага. Андрэй закрануў тэму захавання цноты чысціні, падзяліўся парадамі і разважаў пра крытэрыі гатоўнасці стаць добрым мужам і бацькам.

Пасля выступлення спікераў моладзь мела магчымасць задаць ім свае пытанні і атрымаць шчырыя адказы.

Адказны за душпастырства моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі ксёндз Андрэй Бурак выказаў удзячнасць сям’і Місан за шчырыя сведчанні, карысныя парады і цікавыя гісторыі, а таксама правёў супольную малітву.

Сустрэча завяршылася сяброўскай гарбатай, дзе маладыя людзі маглі пазнаёміцца і абмеркаваць пачутае.

Апошняя катэхеза з серыі сустрэч, тэму адносін, выбару сужонка і стварэння сям’і, адбудзецца 20 лютага ў мінскай архікатэдры.

 

 

Абноўлена 20.01.2025 16:07
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.