Пошук

25.11.2025 18:08   Ізабэла Піра / Пераклад і адаптацыя: Аляксандр Панчанка / Беларуская рэдакцыя Vatican News
Фота ілюстрацыйнае

25 лістапада ў Ватыкане быў апублікаваны новы дакумент Дыкастэрыі веравучэння пра каштоўнасці сужэнства як «выключнага саюза і ўзаемнай прыналежнасці», пад назвай «Una Caro. Хвала манагаміі».

Поўны дар сябе магчымы толькі ў манагамным сужэнстве. У адваротным выпадку гэта быў бы частковы дар, непаважлівы да годнасці партнёра, гаворыцца ў дакуменце, які Леў XIV ухваліў 21 лістапада, у літургічны ўспамін Ахвяравання Найсвяцейшай Панны Марыі.

Прычыны выдання дакумента

Ва ўступе кардынал Віктар Мануэль Фернандэс, прэфект Дыкастэрыі веравучэння, патлумачыў тры прычыны выдання дакумента. Першая  «глабальны кантэкст развіцця тэхналагічнай моцы», у якім чалавек успрымае сябе як істоту без абмежаванняў і таму далёкую ад каштоўнасці выключнай любові, прызначанай толькі для адной асобы.

Іерарх таксама згадаў дыскусіі з афрыканскімі біскупамі пра палігамію, падкрэсліўшы, што «глыбокія даследаванні афрыканскіх культур» абвяргаюць «агульнапрынятую думку» пра выключнасць манагамнага сужэнства. Ватыканскі дакумент звяртае ўвагу і на рост на Захадзе «паліаморыі», гэта значыць публічных форм неманагамных саюзаў.

Сужэнская еднасць і саюз паміж Хрыстом і Касцёлам

Дакумент падкрэслівае прыгажосць сужэнскай еднасці, якая дзякуючы Божай ласцы сімвалізуе «саюз паміж Хрыстом і Яго ўмілаванай нявестай, Касцёлам».

Ён адрасаваны ў першую чаргу біскупам, але таксама прызначаны дапамагчы моладзі, заручаным парам і сужонкам ацаніць «багацце» хрысціянскага сужэнства і заахвоціць да спакойнай і глыбокай рэфлексіі над гэтай тэмай.

Прыналежнасць, заснаваная на свабоднай згодзе

Дыкастэрыя веравучэння сцвярджае, што

манагамія — гэта не абмежаванне, а магчымасць любові, якая адкрываецца на вечнасць. Вызначальнымі з’яўляюцца два элементы: узаемная прыналежнасць і сужэнская любоў.

Першая, «заснаваная на свабоднай згодзе» двух сужонкаў, з’яўляецца адлюстраваннем трынітарнай еднасці і ўяўляе сабой «моцную прычыну для стабільнасці саюза». Гаворка ідзе пра «прыналежнасць сэрца, якое бачыць толькі Бог» і куды толькі Ён можа ўвайсці, «не парушаючы свабоды і тоеснасці асобы».

Не апаганьваць свабоду іншага

Такім чынам «узаемная прыналежнасць, уласцівая выключнай узаемнай любові, прадугледжвае далікатны клопат, святую боязь абаганіць свабоду іншага, які мае такую самую годнасць і такія самыя правы». Той, хто любіць, ведае, што «іншы не можа быць сродкам для вырашэння ўласнай незадаволенасці» і што ўласная пустата ніколі не павінна запаўняцца «праз панаванне над іншым». У сувязі з гэтым дакумент асуджае «многія формы нездаровых жаданняў, якія выліваюцца ў разнастайныя праявы адкрытага і прыхаванага гвалту, прыгнёту, псіхалагічнага ціску, кантролю».

Сужэнства — гэта не валоданне

Здаровыя сужэнскія адносіны прадугледжваюць павагу да свабоды іншага і межаў, якія нельга пераходзіць, прыняцце і разуменне важнасці момантаў рэфлексіі, патрэбы аднаго з сужонкаў у прасторы для адзіноты і аўтаноміі, таму што «сужэнства — гэта не валоданне».

Дыкастэрыя веравучэння нагадвае, што сужэнства не азначае поўнага вызвалення ад адзіноты бо толькі Бог можа запоўніць пустату чалавека але прадугледжвае давер і здольнасць пераадольваць новыя выклікі. У той жа час сужонкі заклікаюцца не пакідаць адзін аднаго, бо калі адлегласць становіцца занадта частай, яна можа пагражаць іх еднасці.

Малітва – каштоўны сродак для ўзрастання ў любові

Узаемная прыналежнасць выяўляецца таксама ў дапамозе, якую сужонкі аказваюць адзін аднаму для росту як асоб. У гэтым кантэксце малітва з’яўляецца «каштоўным сродкам», з дапамогай якога пара можа ўзрастаць у святасці і любові. Так спаўняецца сужэнская любоў  «аб’ядноўваючая сіла», «боскі дар», аб якім просяць у малітве і які ўмацоўваецца сакрамэнтальным жыццём, і які ў сужэнстве становіцца «найвялікшым сяброўствам» паміж двума блізкімі сэрцамі.

Сексуальнасць і плоднасць

Дзякуючы перамяняючай моцы любові сексуальнасць разглядаецца не як імпульс ці разрадка, а як «цудоўны дар Бога», які вядзе да дару сябе і дабра іншага, прынятага ў паўнаце яго асобы.

Сужэнская любоў вядзе таксама да плоднасці, «хоць гэта не азначае, што яна павінна быць відавочнай мэтай кожнага сексуальнага акту». Наадварот, сужэнства захоўвае свой істотны характар нават калі ў ім няма дзяцей. Неабходна таксама памятаць пра правамернасць павагі да натуральных перыядаў бясплоднасці.

Сацыяльныя сеткі і неабходнасць новай педагогікі

Дыкастэрыя веравучэння адзначае, што захаваць магчымасць вернай любові «ў кантэксце постмадэрнісцкага спажывецкага індывідуалізму», які адмаўляе аб’ядноўваючую мэту сексуальнасці і сужэнства, можа дапамагчы выхаванне. «Сусвет сацыяльных сетак, дзе знікае сціпласць і распаўсюджваецца сімвалічны і сексуальны гвалт, паказвае пільную патрэбу ў новай педагогіцы», таму неабходна «падрыхтаваць пакаленні да ўспрымання вопыту любові як антрапалагічнай таямніцы», прадстаўляючы любоў не проста як прыцягненне, а як заклік да адказнасці.

Увага да бедных — «супрацьяддзе» ад эндагаміі

Любоў сужэнскага саюза бачная таксама ў парах, якія не замыкаюцца ў сваім індывідуалізме, а адкрываюцца на сумесныя праекты, каб «рабіць нешта прыгожае для грамадства і свету», бо «чалавек рэалізуе сябе, уступаючы ў адносіны з іншымі і з Богам». Інакш будзе толькі эгаізм, самадастатковасць, эндагамія, якім трэба супрацьстаяць праз «сацыяльную чуласць» сужонкаў, якія разам імкнуцца да агульнага дабра. У гэтым кантэксце цэнтральнае значэнне мае ўвага да бедных, якія, як сцвярджаў Леў XIV, з’яўляюцца «сямейным пытаннем» хрысціяніна, а не проста «сацыяльнай праблемай».

Сужэнская любоў як абяцанне бясконцасці

Дакумент падкрэслівае:

«Кожнае сапраўднае сужэнства — гэта саюз двух асоб, які патрабуе такіх блізкіх і ўсеабдымных адносін, што іх немагчыма паздзяліць з іншымі».

Сярод двух асноўных рысаў сужэнскага саюза адзінства і непарыўнасць першая з’яўляецца падмуркам другой. Толькі так сужэнская любоў становіцца дынамічнай рэальнасцю, пакліканай да пастаяннага росту і развіцця ў часе, у «абяцанні бясконцасці».

У дакуменце Дыкастэрыі веравучэння прапануецца таксама экскурс у тэалагічныя, філасофскія і літаратурныя творы і дакументы, прысвечаныя тэме манагаміі: ад Кнігі Быцця і Айцоў Касцёла да Папаў і паэтаў ХХ стагоддзя.

Абноўлена 25.11.2025 18:17
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.