Пошук

25.09.2024 08:58   Тэкст і фота: Вольга і Аляксандр Панамаровы / Catholic.by

21 верасня, у свята святога Мацвея, апостала і евангеліста, малая група руху «Сужэнскія сустрэчы» ў Гродне адзначыла пятую гадавіну свайго існавання.

Рух «Сужэнскія сустрэчы» некалькі разоў на год праводзіць рэкалекцыі для сужонкаў, падчас якіх яны атрымліваюць інструмент для падтрымання і развіцця адносінаў: дыялог па пэўных правілах. Але рэкалекцыі — гэта толькі пачатак працы над адносінамі: закладка падмурку ў маладых сем’ях або першыя важныя крокі па выхадзе з крызісаў сужэнскага жыцця.

Каб плён у адносінах быў трывалым, важна практыкаваць дыялог ў штодзённасці. Найлепшым месцам для гэтай практыкі з’яўляюцца менавіта малыя групы «Сужэнскіх сустрэч», якія актыўна дзейнічаюць у розных гарадах.

Сем’і з гродзенскай малой групы разам са сваім душпастырам, настаяцелем мясцовай супольнасці сэрцанаў ксяндзом Аляксандрам Фядотавым SCJ радасна адсвяткавалі пятую гадавіну існавання сваёй супольнасці.

Удзельнікі групы разам маліліся ў капліцы касцёла Божай Міласэрнасці, дзякуючы за 5 гадоў плённай карпатлівай працы над адносінамі ў сем’ях, за шматлікія дыялогі — і радасныя, і цяжкія, — якія дазвалялі і дазваляюць умацоўваць сем’і і супольнасці.

У прамоўленай гаміліі ксёндз Аляксандр падкрэсліў, што, выкарыстоўваючы дыялог для развіцця і ўмацавання адносін у нашых сем’ях, у манаскай і іншых супольнасцях, мы з кожным разам ўсё больш і больш становімся здольнымі паступаць годна свайго паклікання, да чаго заклікаў святы Павел ў Пасланні да Эфесцаў (гл. Эф 4, 1–7. 11–13).

Пасля Імшы ўсе разам паехалі ў Каробчыцы, дзе ў прыгожым месцы на беразе возера перажылі сустрэчу ў дыялогу.

Пятая гадавіна — гэта добрая нагода паразважаць над тым, што дае ўдзел у такой групе? што за гэты час змянілася ў адносінах з Богам, з іншымі людзьмі? Удзельнікі дзяліліся паміж сабою думкамі на гэты конт, і ў іх выказваннях гучала тое, што праз штомесячны ўдзел у такой форме працы «Сужэнскіх сустрэч» яны маюць магчымасць пакінуць прынамсі на некалькі гадзін усе справы і сістэмна мець глыбокія і шчырыя сустрэчы ў дыялогу адно з адным і з Богам, якія будуюць і аднаўляюць.

Удзельнікі адзначалі важнасць таго, што на сустрэчах малой групы сустракаюцца ў дыялогу дзве асобы — муж і жонка — з усімі сваімі прыемнымі і непрыемнымі пачуццямі, задаволенымі і незадаволенымі патрэбамі, цяжкасцямі і радасцямі, якія хочуць навучыцца рабіць штосьці важнае адзін для аднаго. Для гэтых сустрэч вызначаны канкрэтнае месца, пэўны час і адпаведная перыядычнасць.

Каб стаць удзельнікам малой групы, неабходна перажыць рэкалекціі, якія праводзіць рух «Сужэнскія сустрэчы».

Бліжэйшыя такія рэкалекцыі адбудуцца пад Мінскам з 18 па 20 кастрычніка. Падрабязная інфармацыя і запіс па тэлефоне:

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця