Пошук

11.04.2018 14:00   Catholic.by

Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужэнцаў за сваё сямейнае шчасце. Гэта гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах.

Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіку і дададуць надзеі. Чарговая гісторыя — пра сям’ю Ганны і Юрыя Лугаўцовых.

Ганна Лугаўцова:

«Разам мы ўжо больш за 11 гадоў. У нас трое дзяцей: Эвеліна, Цімафей і Вераніка.

Гледзячы на нас з боку, многія кажуць: якая станоўчая сям’я, і трое дзетак!.. Раней я вельмі баялася, раптам хтосьці здагадаецца, што мы не такія добрыя, з нявырашанымі праблемамі, сваркамі, непаслухмянымі дзецьмі, а галоўнае, самотныя — мы муж і жонка, але кожны сам па сабе. Мы так жылі — насілі маску шчасця перад людзьмі, а дадому вярталіся два зраненых і замкнутых сэрцы.

Канешне, усё пачыналася са светлага, чыстага, цудоўнага кахання, з даверу і ўпэўненасці ў будучыні. Але ўжо хутка з’явіліся першыя цяжкасці, і, як вынік, сваркі, узаемныя абвінавачванні.

Мне пачынала здавацца, што замест чулага, любячага чалавека перада мной халодная непрыступная сцяна. Мне стала складана размаўляць з Юрам, тым больш пра такое асабістае, пра пачуцці.

Я замыкалася ў сабе, адчувала сябе незразуметай, самотнай, нейкай лішняй.

Адносіны псаваліся не толькі адно з адным, але мы сталі аддаляцца і ад Бога. Я вінаваціла ва ўсім халоднасць мужа, а ён і зусім перастаў дзяліцца са мной сваімі перажываннямі. Сітуацыя ў сям’і не абмінула і дзяцей — усю раздражнёнасць і негатыў мы вылівалі і на іх. Мы разумелі, што павінны штосьці рабіць, але не ведалі, што.

Напружанасць і недамоўленасць раслі, але любячы Бог не пакінуў нас — падчас нядзельнай Імшы год таму я пачула аб’яву аб правядзенні ўікэнду для сужэнцаў. Асабліва ні на што не спадзявалася, але мужу ўсё ж расказала. А ён згадзіўся прыняць удзел.

Не скажу, што вельмі проста было паехаць. У апошні момант столькі ўсяго навалілася — я ўжо падумвала здацца, але, хвала Богу, атрымалася. Гэтыя няпоўныя двое сутак змаглі перавярнуць нашы адносіны. Змаглі адкрыць набалелыя раны — але не для таго, каб стала яшчэ больш балюча, а для разумення і прабачэння.

На ўікэндзе ўсё было створана для нашага яднання — ніхто нічога не раіў, не вучыў жыць. Нам проста стварылі ўмовы для нашых зносінаў. Я адкрыла нанава для сябе свайго мужа. Аказалася, што ён застаўся такім жа пяшчотным, рамантычным, любячым, клапатлівым, якім і быў раней. Толькі мне перашкаджалі гэта ўбачыць назапашаныя і нявыказаныя крыўды, непрабачэнне і меркаванне, быццам я ведаю ўсё лепш.

Мы абмеркавалі велізарную колькасць тэмаў, якія ў нашай сям’і даўно не закраналіся. Шмат зразумелі адно пра аднаго, шмат адно аднаму прабачылі і пакахалі адно аднаго яшчэ мацней.

Мы ўдзячныя Богу за атрыманую магчымасць, за “Сужэнскія сустрэчы”, за ўсіх аніматараў-каардынатараў, якія нам дапамагалі настроіцца на дыялог, за іх шчырасць і добразычлівасць.

Канешне, мы не вырашылі ўсіх нашых праблем. Мы і цяпер перыядычна сварымся, пакуль цяжка даецца дыялог з нашымі дзецьмі. Але мы пачалі працаваць над нашымі адносінамі. І ўсё больш вольных хвілін прысвячаем адно аднаму: дзелімся, слухаем…

Станоўчыя змены адбываюцца не толькі ў нашых адносінах, але і ў адносінах з Богам, што для мяне было вельмі важным. Я заўсёды разумела, што без Яго не можа быць сапраўднай сям’і. Я бясконца шчаслівая і поўная надзеі. Мы ўпэўнены, што “Сужэнскія сустрэчы” — гэта цудоўная магчымасць для сем’яў адкрыць нанава сваё каханне!»

Рэкалекцыі для вашага сужэнства

З 20 па 22 красавіка «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!

Да восені магчымасці трапіць на рэкалекцыі больш не будзе!

Кантактныя нумары:

Вольга +375 29 779 19 03
Аляксандр +375 29 250 06 99

Абноўлена 11.04.2018 14:18
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.