Пошук

10.10.2019 10:10   Тэкст: Ганна і Павел Баярчукі / Фота: з сямейнага архіву / Catholic.by

У сённяшнім матэрыяле мы сустрэнемся з Яўгенам і Вольгай Хілько, якія разам ужо восем гадоў і гадуюць трох дзетак. Яны дзеляцца сваім асабістым досведам удзелу ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч». «Гэтыя дні аднавілі нашыя адносіны і далі нам штуршок для развіцця і ўмацавання нашай сям’і», — кажуць Яўген і Воля.

Яўген: Згадваю нашыя адносіны да рэкалекцый. У той час, хоць мы былі мужам і жонкай, мы мала размаўлялі і амаль не праводзілі час разам. Зранку я сыходзіў на працу, а вечарам мне хацелася адпачыць пасля напружанага працоўнага дня, пабыць аднаму, атрымаць задавальненне ад нейкага занятку, напрыклад, ад чытання кнігі. Я не хацеў аддаваць сілы на кантакты з Воляй, мне было цяжка гэта рабіць.

Воля: На працягу дня я была дома з трыма маленькімі дзецьмі і моцна стамлялася. Я чакала Жэню з працы. І мне, наадварот, трэба было, каб Жэня мяне выслухаў, зразумеў, як мне нялёгка, падказаў нешта, і, канешне, каб дапамог мне з дзецьмі і з хатняй працай.

Яўген: Мне было непрыемна, калі супраць майго жадання Воля настойліва намагалася прабіцца ў маю ўнутраную прастору.

Мы не разумелі адзін аднога, адасабляліся, падаваліся адно аднаму чужымі людзьмі. Калі Воля прапанавала паехаць на рэкалекцыі, я паставіўся да гэтага як да магчымасці некалькі дзён адпачыць ад клопатаў пра дом і дзяцей, хоць і не адчуваў асаблівага жадання. Новыя абставіны, новыя людзі, з якімі трэба было сустрэцца, выклікалі ўва мне трывогу.

Воля: На рэкалекцыі мяне запрасіла знаёмая, якая сказала самыя важныя і патрэбныя для мяне ў той момант словы: мы можам тры дні пабыць з мужам без дзяцей, асобны пакой для дваіх, трохразовае харчаванне. Гэта менавіта тое, што нам было трэба: вырвацца з хаты і проста адпачыць.

Жэню не трэба было ўгаворваць; сказала як ёсць, і ён згадзіўся. Я ехала на ўік-энд, не ведаючы, што і як там будзе.

У той перыяд мы вельмі адасобіліся адно ад аднаго, перасталі адно аднаго разумець, падтрымліваць, закрыліся ў сабе; ад нашых адносінаў засталіся толькі адказнасць і абавязкі.У мяне назбіралася даволі шмат крыўдаў, пра якія я не заўсёды магла адкрыта сказаць. Калі я пачынала такую размову, то ў выніку была вельмі засмучаная, таму што мне было цяжка слухаць мужа, прыняць тое, што ён мне кажа. А часам ён проста нічога мне не адказваў.

Ад маўчання рабілася яшчэ цяжэй, я адчувала сябе нялюбай, незразуметай і непрынятай са сваімі турботамі і адчуваннямі.

Яўген: Рэкалекцыі, якія мы перажылі, далі нам з Воляй усведамленне таго, што мы шмат у чым аднолькава думаем і глядзім на рэчы; што, нягледзячы на розніцу ў характарах і звычках, у нас агульныя каштоўнасці і жаданні. Вярнулася адчуванне блізкага чалавека, якое я меў на пачатку нашага з Воляй знаёмства. Разам з адчуваннем блізкасці з’явіўся давер.

Гэта дазволіла падзяліцца сваімі адчуваннямі з Воляй, распавесці ёй пра свае і даведацца пра яе патрэбы. Дзякуючы рэкалекцыям, мы аднавілі свае адносіны, сталі больш адкрытымі адзін для аднаго.

Воля: Гэтыя тры дні зрабілі нас вельмі блізкімі. Мы змаглі цалкам адкрыцца адно для аднаго. Мы змаглі падзяліцца сваімі адчуваннямі і турботамі. Ад гэтага было велізарнае адчуванне радасці і шчасця!

Для мяне было вельмі важна ўсвядоміць тое, што я магу прыняць з любоўю Жэню такім, якім ён ёсць, не намагаючыся перарабіць яго альбо прыстасаваць да сябе, менш крытыкаваць і намагацца заўважаць больш добрага ў ім кожны дзень.

Я зноў адкрыла для сябе свайго мужа, стала яго лепш разумець, ён стаў мне духоўна бліжэй.

Яўген: Пасля рэкалекцый нашыя адносіны сталі змяняцца. Я, як і раней, зранку іду на працу і вяртаюся вечарам, як правіла, моцна стомленым. Аднак цяпер мне лягчэй быць уважлівым да сваёй жонкі, таму што я ведаю, як для яе важная мая падтрымка.

Я ведаю, што мая патрэба ў асабістым часе не будзе закранутая. Воля разумее, што пасля часу, які быў аддадзены працы, пасля часу, які быў праведзены з дзецьмі і жонкай, мне трэба трохі часу для сябе, каб аднавіць сілы.

Воля: Пасля рэкалекцый я стала больш разумець Жэню і ягоныя адчуванні. І мне здаецца, што гэта новы этап у нашых адносінах, калі мы можам адкрыта казаць пра свае патрэбы, і гэта будзе ўспрынята з разуменнем важнасці і неабходнасці для іншага.

Гэтыя дні аднавілі нашыя адносіны і далі нам штуршок для развіцця і ўмацавання нашай сям’і.

Але без працы з адносінамі мы патроху вяртаемся да таго, з чаго пачалі. Таму для нас вельмі важна падтрымліваць сужэнскі дыялог на штомесячных «Сужэнскіх сустрэчах», на якіх мы зноў можам падзяліцца і пачуць адзін аднаго.

«Ад шчырага сэрца запрашаем і вас перажыць гэтыя рэкалекцыі!» — кажуць Яўген і Воля.

«Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі для вашага сужэнства:

Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!

Кантактны тэлефон для падрабязнай інфармацыі і запісу на рэкалекцыі:
+375 (29) 652 11 44

Сем’і, якія таксама ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

Абноўлена 10.10.2019 10:16
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа