Пошук

31.01.2018 09:26   Фота: з архіва сям'і Паўла і Алы Малеваннікавых / Catholic.by

Удзельнікі рэкалекцый «Сужэнскіх сустрэч» — пра жыццёвыя змаганні сужонкаў за сваё сямейнае шчасце. Гісторыі пра тое, як пары змаглі справіцца з цяжкасцямі ў сваіх адносінах. Магчыма, гэтыя аповеды дапамогуць камусьцi знайсці выйсце з тупіку і дададуць надзеі.

Чарговая гісторыя — пра сям'ю Паўла і Алы Малеваннікавых.

Павел: «Часам здаецца, што, пражыўшы са сваёй Алкай плячо ў плячо большую палову свайго жыцця, усё ведаеш пра яе і пра нас, усё ўмею, з усім спраўлюся і на ўсё ў мяне ёсць адказы і рашэнні.

Гэтая “паспяховасць” зацэментавала слой за слоем мой шчыры погляд, мае шчырыя думкі і, канешне, мае пачуцці. Ззяючыя вочы Алкі зіхацяць, а я не бачу. Калі апошні раз глядзеў на свайго каханага чалавека ўсміхаючыся? — задаю сабе пытанне… Эх, шкада, што тыя пачуцці навізны і адкрыццяў і першы час знаёмства знікаюць… Часам яны нават скамечаны і выкінуты куды далей… А хочацца ж жыць і кахаць! Дарыць каханне! Быць каханым! Хочацца агню ў вачах і не толькі… 26 гадоў разам — і агонь?..

У 2015 годзе восенню мы з вялікай насцярожанасцю ехалі на ўікэнд “Сужэнскіх сустрэч”. “Нічога мы не згубім! — казалі мы адно аднаму. — Правядзём выхадныя па-за домам, без хатняй мітусні, а гэта ўжо падзея!” Настрой быў добры. Хаця маленькая нервовасць ад невядомасці прысутнічала.

На ўікэндзе мяне ўразіла прастата думак і падзей, іх шчырасць, якая прымушала ўдумвацца, узгадваць скамечанае і выкрэсленае. Навізна пачуццяў цяплом разлілася па нас.

Сярод мноства “насечак” у гісторыі нашага жыцця з’явілася яшчэ адна – перажыты сужэнскі ўікэнд! Ці можам мы паставіць клічнік пасля гэтай падзеі ў нашым жыцці? Так, можам! Мы сталі бліжэй, мацней, дружней, цярпімей. Ці можам мы раздзяліць наша жыццё да і пасля? Думаем, да! А можа, гэта гучныя словы? Так, гучныя, але што рабіць, калі гэта сапраўды так.

Мы крыху засмуціліся, што рэкалекцыі бываюць толькі адзін раз, але далейшыя зносіны ў фармаце “Сужэнскіх сустрэч” далі магчымасць здзівіцца, што крок за крокам, размаўляючы, углядаючыся і ўслухоўваючыся ў разважанні многіх сем’яў, здзіўляешся іх веры, разважлівасці, настойлівасці, сіле, прыгажосці. І ў той жа час усе такія розныя. Калі маем зносіны з імі, нам хочацца нешта змяняць у сабе і ў сваіх адносінах. Ці баімся мы зменаў? Напэўна, трэба змяняцца, або застанемся забетанаваны ў крыўды, у неразуменне і непрабачэнне».

Ала: «Год таму мы сутыкнуліся з незвычайнай сітуацыяй… Цяжарнасць у 46 гадоў. Шмат пытанняў: для чаго? гэта ўзнагароджанне ці насмешка звыш? Чаму не раней, а менавіта зараз? Як мы з гэтым справімся? Для сябе мы гэтую сітуацыю прагаварылі, прынялі, зразумелі: калі Бог адарыў нас гэтым шчасцем — значыць, усё нездарма і для чагосьці гэта патрэбна… Але, на жаль, “грамадства” было ў шоку: “Навошта ў такім узросце нараджаць, ды яшчэ і чацвёртае дзіця? Як вы яго вырасціце і што яму дадзіцё? Беднае, яшчэ не народжанае дзіця…” Гэта ўносіла смуту ў нашы думкі і падточвала штодзённа ад гэтага завуаляванага непрыняцця…

Зачыніўшыся ад усіх, мы радаваліся і падбадзёрвалі адно аднаго ў межах сваёй сям’і. Але хацелася чагосьці большага. Мы мелі патрэбу ў падтрымцы, у мудрых разважаннях, у прыветлівых позірках і ў аптымістычных размовах з людзьмі, якія нас атачаюць па-за домам… І мы гэта атрымалі! У супольнасці сем’яў “Сужэнскіх сустрэч” мы адчулі непадробную радасць ад весткі аб нашым цікавым стане.

На сустрэчах мы паглядзелі з іншага ракурсу — што такое сям’я, што такое мы адно для аднаго, што такое дзеці і што такое шчасце… Дзякуючы сем’ям з “Сужэнскіх сустрэч”, нам давялося адчуць, што ёсць яшчэ недзе штосьці сапраўднае, душэўнае, шчырае, нягледзячы на сённяшні цяжкі і дзіўны час.

Мы — гэта Ала, Паша і нашы чацвёра дзяцей: Антоша, Маргарыта, Варварушка і маленькі Фёдар!»

Рэкалекцыі для вашага сужэнства:

З 9 па 11 лютага «Сужэнскія сустрэчы» ладзяць чарговыя рэкалекцыі ў в. Ляскоўка (Бараўляны) у цэнтры «Карытас». Яны могуць стаць часам абнаўлення і вашага кахання!

Кантактныя нумары:

Вольга +375 29 779 19 03
Аляксандр +375 29 250 06 99

Абноўлена 21.03.2018 10:43
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця