Досведам чатырох з паловай гадоў свайго сямейнага жыцця, якое знаходзіць моцную падтрымку ў «Сужэнскіх сустрэчах», дзеляцца з чытачамі Catholic.by Аляксандр і Ганна Гелагаевы.
Ганна: У сужэнстве мы чатыры з паловай гады. Нашае знаёмства з рухам «Сужэнскія сустрэчы» пачалося яшчэ ў перадвясельны перыяд. Мы трапілі на курс «Вечароў для закаханых» і былі пад вельмі моцным уражаннем.
І сам фармат сустрэчаў, і глыбіня разважанняў, і атмасфера, якая склалася, заахвоцілі шмат працаваць разам і абмяркоўваць пытанні, якія ў «букетна-цукеркавы» перыяд звычайна не ўздымаюцца.
Аляксандр: Было месца і смеху, і слёзам, і сур’ёзным думкам, і нават спрэчкам. Гэта сапраўды карысная рэч для будучых маладых пар, якія толькі плануюць сужэнства і, канечне, адзін аднаго яшчэ зусім не ведаюць. Вельмі раім!
Ганна: А праз паўгады пасля шлюбу мы паехалі на наш першы ўжо сужэнскі ўікенд.
Дагэтуль узгадваю цеплыню, рамантыку і прыгажосць тых дзён. Яны зноў нагадалі нам пра прынцыпы дыялогу, пра каштоўнасць часу, прысвечанага адно аднаму, пра шчырасць i адкрытасць у адносінах. Памятаю шмат радасці і супакою ў сэрцы, з якімі вярталіся з Ляскоўкі.
Аляксандр: Гэта добрая нагода і класнае месца, каб адпачыць, застацца з каханай сам-насам, больш глыбока падумаць пра нашыя адносіны. Пэўным чынам гэта нешта падобнае да кароткай пілігрымкі, калі штодзённая мітусня навокал спыняецца, і з’яўляецца час падумаць і пагаманіць пра больш важныя, вечныя рэчы.
Ганна: Канечне, мы не вярнуліся іншымі людзьмі; нашае жыццё не перавярнулася з галавы да ног.
Але той інструмент — прынцыпы дыялогу, што мы везлі з сабой, — дакладна ўмацоўваў нашыя адносіны.
Гэта быў адзін з этапаў самааналізу сужэнскага жыцця і усведамлення, што гэта заданне на наступныя 100 гадоў (усміхавецца).
Аляксандр: Там мы не толькі нашмат больш часу мелі на размовы паміж сабою, але і пазнаёміліся з новымі цікавымі людзьмі з розных куточкаў Беларусі, а на развітанне мелі сапраўдны пір, на якім пачулі шмат пазітыўных вясёлых гісторый.
Ганна: Пасля ўікенду мы з мужам засталіся ў малой групцы «Сужэнскiх сустрэч», што існуе пры нашай парафіі. І гэтыя сустрэчы — няважна, у фармаце анлайн альбо афлайн, — мне здаецца, робяць для нашай сям’і вельмі шмат. Ствараецца сапраўды сяброўскае кола сем’яў і святароў, з якімі разам вельмі прыемна ісці разам. Сведчанні іншых дапамагаць зразумець часовасць пэўных праблем, служаць падбадзёрваннем i ўсведамленнем, што ўсё магчыма.
Аляксандр:
Малая група сустракаецца прыкладна раз на месяц і складаецца з людзей, якія часта робяцца добрымі сябрамі на гады. За кубкам гарбаты і талеркай са слодычамі можна не толькі працаваць у фармаце «Сужэнскіх сустрэч», але і разам абмеркаваць розныя праблемы, падзяліцца досведам, пажартаваць.
Бліжэйшыя рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч» пройдуць у Мінску з 11 па 13 лістапада.
Запісацца на рэкалекцыі ў Мінску і атрымаць дадатковую інфармацыю можна па тэлефоне:
+375 (29) 652 11 44