Сям’я Гелі і Вовы Белаусаў існуе больш за дзесяць гадоў. «Сужэнскія сустрэчы» ўвайшлі ў іх жыццё ў першую гадавіну шлюбу і з таго часу ўжо на працягу дзесяцігоддзя з’яўляюцца вялікай падтрымкай у будаванні і паглыбленні адносін.
Геля: Мы ў сужэнстве ўжо больш за 10 гадоў і ў нас двое дзетак — хлопчык Глеб, 7 гадоў, і дзяўчынка Мая, 5 гадоў.
Наша знаёмства адбылося ў інтэрнэце і развівалася дастаткова хутка, пачуцці былі лёгкія, свежыя і вельмі рамантычныя. Праз пэўны час мы вырашылі, што гатовыя стварыць сям’ю.
Праз год пасля шлюбу ў катэдры праходзіла цырымонія паўтарэння шлюбнай прысягі, а пасля ў дворыку была сустрэча пар, дзе мы пачулі пра рух «Сужэнскія сустрэчы». І для нас гэта была магчымасць даведацца пра нешта новае адносна сужэнства (бо за год ужо зразумелі наколькі мы розныя і як важна клапаціцца аб нашай эмацыйнай блізкасці), і пра тое, як мы можам сапраўды палепшыць нашыя адносіны.
Вова: Мы запісаліся на ўікэнд. У нас здараліся канфліктныя сітуацыі, у якіх мне складана было падзяліцца сваімі пачуццямі, і часцей за ўсё нашыя канфлікты заканчваліся звычайнымі крыўдамі з майго боку, недамоўленасцю або маўчаннем, што яшчэ больш аддаляла нас адзін ад аднаго.
Геля:
Я разумела, што сямейныя крызісы непазбежныя. Але я не ведала, як мне спраўляцца са сваімі пачуццямі, як іх правільна выказаць Вове, каб ён мяне зразумеў, каб я не адчувала віны, а ён змог мяне любіць такой, якая я ёсць, з маімі недахопамі і жаданнямі.
Вова: На рэкалекцыях мы змаглі з Геляй перажыць буру розных пачуццяў. Мы атрымалі адказы на свае пытанні, здабылі досвед і даведаліся пра дыялог з яго асноўнымі правіламі. Змаглі глыбей пазнаць і зразумець адзін аднаго. Прыйшло асэнсаванне таго, што мы розныя, але пры гэтым кожны з нас мае права на свае пачуцці. Але самае галоўнае для нас тое, што мы змаглі працягваць наш сумесны дыялог далей у сваёй сям’і пасля гэтых рэкалекцый.
Геля: Магчымасць сумеснага дыялогу, прыняцце і разуменне нашых пачуццяў і тэмпераментаў дае нам магчымасць не страціць сэнс таго, дзеля чаго мы стваралі нашу сям’ю; дае магчымасць быць сапраўды разам і ў цяжкасцях, і ў радасцях сужэнскага жыцця, перажываць канфлікты і выходзіць з іх паступова, але свядома. Магчымасць нашага з Вовай дыялогу выклікае ўва мне пачуццё бяспекі і асэнсаванасці таго, што з намі адбываецца.
Вова: Мы належым да руху «Сужэнскія сустрэчы» дзесяць гадоў, і ўвесь гэты час мы вучымся клапаціцца пра свае адносіны праз шчыры дыялог, праз слуханне, дзяленне, разуменне і прабачэнне адно аднаго.
І гэта дапамагае нам станавіцца больш блізкімі штодня. Я заўважыў, што за дзесяць гадоў мы з Геляй шмат што змаглі ў сабе змяніць; змяніліся нашыя мэты, змяніліся нашыя магчымасці, змяніліся нашыя погляды, але дыялог застаецца тым, што нас аб’ядноўвае да сённяшнега дня.
Запрашаем сем’і і духоўных асоб на трохдзённыя рэкалекцыі «Сужэнскіх сустрэч», якія адбудуцца з 11 па 13 лютага ў Навагрудку. Папярэдні запіс абавязковы.
Для атрымання дадатковай інфармацыі і запісу звяртацца па тэл.:
+375 (29) 652 11 44