Пошук

21.09.2023 08:04   Catholic.by

Рух «Сужэнскія сустрэчы» запрашае сужонкаў, духоўных і кансэкраваных асоб з усёй Беларусі на рэкалекцыі, якія адбудуцца з 13 па 15 кастрычніка. Яны пройдуць у цэнтры Caritas у Ляскоўцы каля Бараўлянаў, што пад Мінскам.

Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо амаль 20 гадоў дапамагае сужонкам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць пэўныя крокі насустрач адно аднаму, насустрач сваім дзецям, блізкім і іншым людзям.

Сужонкі перажываюць рэкалекцыі у дыялогу паміж мужам і жонкай, а духавенства і кансэкраваныя асобы — у дыялогу з Богам.

Каму найбольш адпавядае праграма рэкалекцый?

  • Сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах свайго сужэнскага жыцця, якія, магчыма, сёння нават не вераць у тое, што ёсць выйсце.
  • Сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны вельмі важна ўвесь час клапаціцца. Ад гэтага клопату залежыць развіццё і ўмацаванне адносін.
  • Сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны.
  • Духоўным і кансэкраваным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі

«Сужэнскія сустрэчы» падчас рэкалекцый прапануюць вельмі канкрэтны інструмент — дыялог, які пасля удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі.

Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:

Я ад’язджаю з вялікім пачуццём радасці і адзінства. Мы ачысцілі нашыя адносіны ад „смецця“. Але ў той жа час я еду з рашэннем шмат што змяніць у сваіх паводзінах, таму што рэкалекцыі ўмацавалі мяне ў перакананні, што ў гэтым ёсць сэнс для нашага сужэнства.

За ўвесь час сужэнства мы вельмі мала часу праводзілі разам. Дзеткі, дзеткі… Першыя гады былі вельмі цяжкімі, і мы з мужам неяк аддаліліся адзін ад аднаго. З’явілася халоднасць у адносінах. І тут раптам, менавіта цяпер, як аказалася, у патрэбны час мы перажылі гэтыя рэкалекцыі. Мы так шмат тут перапрацавалі, як быццам бы нанава пазнаёміліся. Ад’язджаем з жаданнем і далей клапаціцца пра нашы адносіны, шмат чаго сабе вызначылі.

У нас ёсць шмат нявырашаных пытанняў і непаразуменняў. Раней, да сустрэчы з вамі, калі спрабавалі размаўляць, кожны думаў, што ён мае рацыю. Заставаліся кожны пры сваім меркаванні. Цяпер разумеем як падыходзіць да рашэння нашых нагрувашчаных пытанняў. І гэта дае свой плён ужо сёння.

Мы толькі ажаніліся і сумняваліся, ці трэба нам ехаць. А цяпер, напрыканцы рэкалекцый, мы разумеем, што так шмат новага адкрылі адно ў адным. І лічым, што новае разуменне дыялогу як інструмента дапаможа нам выходзіць з цяжкіх сітуацый у будучыні.

Арганізацыйная інфармацыя

  • Пачатак рэкалекцый у пятніцу 13 кастрычніка ў 18.00.
  • Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 15 кастрычніка каля 15.00.
  • У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
  • Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
  • Адрас: Мінскі р-н,в. Ляскоўка, вул. Карытас, 1 (каля Бараўлянаў).
  • Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!

Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

Абноўлена 21.09.2023 08:47
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця