Пошук

04.05.2023 11:04   Catholic.by

З 19 па 21 мая адбудуцца рэкалекцыіі для сужонкаў і духоўных асоб ад руху «Сужэнскія Сустрэчы». Яны пройдуць у рэкалекцыйным доме «Голас Айца» пры дыяцэзіяльным санктуарыі Езуса Журботнага ў Росі (Гродзенская дыяцэзія, Ваўкавыскі дэканат).

Арганізатары запрашаюць да ўдзелу перадусім сем’і і духоўныя асобы з Гродна і Гродзенскай вобласці, а таксама з усёй Беларусі. Колькасць месцаў абмежавана. Папярэдні запіс абавязковы.

Наступныя рэкалекцыі для сужонкаў адбудуцца толькі ўвосень, таму арганізатары запрашаюць скарыстацца гэтай магчымасцю ўжо цяпер.

Удзел у духоўных практыкаваннях ад «Сужэнскіх сустрэч» дае магчымасць і шанц наблізіцца адзін да аднаго, аднавіць эмацыйную сувязь у сужэнстве, а маладым сем’ям — закласці моцны фундамент для моцных адносін. 

Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо амаль 20 гадоў дапамагае сужонкам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць пэўныя крокі насустрач адно аднаму, насустрач сваім дзецям, блізкім і іншым людзям.  Арганізатары запрашаюць асаблівым чынам зірнуць на свае сужэнскія адносіны праз прызму дыялогу.

Мэты рэкалекцый:

  • аднавіць свае пачуцці;
  • знайсці радасць у тым, што маем;
  • напоўніць узаемаразуменнем, даверам і павагай свой дом;
  • парамантаваць тое, што зламалася за годы сужэнскага жыцця;
  • і, канечне, атрымаць бяспройгрышны інструмент — дыялог ад «Сужэнскіх сустрэч», якім можна карыстацца кожны дзень, каб будаваць адносіны з Богам, з мужам, жонкай, дзецьмі, роднымі і іншымі людзьмі

Каму найбольш адпавядае праграма рэкалекцый?

  • Сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах свайго сужэнскага жыцця, якія, магчыма, сёння нават не вераць у тое, што ёсць выйсце.
  • Сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны вельмі важна ўвесь час клапаціцца. Ад гэтага клопату залежыць развіццё і ўмацаванне адносін.
  • Сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны.
  • Духоўным і кансэкраваным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі

Сужонкі перажываюць рэкалекцыі у дыялогу паміж мужам і жонкай, а духавенства і кансэкраваныя асобы — у дыялогу з Богам.

«Сужэнскія сустрэчы» падчас рэкалекцый прапануюць вельмі канкрэтны інструмент — дыялог, які пасля удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі.

Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў мінулых рэкалекцый:

«Мы ўжо былі эмацыйна далёка адзін ад аднаго. У нас за плячыма 14 гадоў жыцця „пад маскай“. Я здабыла ўнутраны спакой і надзею, што нашу сям’ю можна ўратаваць. Мы ад’язджаем з гэтай надзеяй».

«У апошні год стала так шмат клопатаў, што не знаходзілі час нават на размовы. Адчувала адзіноту. Было страшна. Вельмі хацела сюды патрапіць. Пасля адноўленага дыялогу вяртаюся з пачуццём надзеі, лёгкасці, не адчуваю страху. Ёсць упэўненасць, што з усім справімся».

«Тут з’явілася новае ў развіцці нашых адносін. Больш стаў паважаць і разумець сваю жонку. Зрабілі поўную рэвізію сваіх адносін і выйшлі на новы ўзровень узаемаразумення. Забіраем дадому каштоўны досвед зносін».

«Мы ажаніліся пяць месяцаў таму. Для нас вельмі каштоўным аказаўся досвед удзелу. Шмат новага адкрылі ў сваіх маладых адносінах. Адчуваем сябе моцнымі. Мы разумеем, што клопат пра адносіны таксама павінен быць запланаваны».

Арганізацыйныя пытанні

  1. Пачатак рэкалекцый у пятніцу 19 мая ў 18.00.
  2. Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 21 мая каля 15.00.
  3. У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
  4. Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
  5. Адрас: Гродзенская вобл., Ваўкавыскі р-н, г/п Рось, вул. Чырвонаармейская, 12.
  6. Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44

«Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!» — кажуць арганізатары.

Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:

Абноўлена 04.05.2023 13:03
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.