З 17 па 19 сакавіка адбудуцца рэкалекцыіі для сужонкаў, а таксама духоўных і кансэкраваных асоб ад руху «Сужэнскія Сустрэчы». Яны пройдуць у Гарадку, што пад Віцебскам.
Арганізатары запрашаюць узяць удзел у рэкалекцыях сем’і, а таксама духоўных і кансэкраваных асоб з усёй Беларусі, а перадусім — з Віцебскай дыяцэзіі.
Колькасць месцаў вельмі абмежавана. Папярэдні запіс — абавязковы.
Удзел у духоўных практыкаваннях ад «Сужэнскіх сустрэч» дае магчымасць і шанц наблізіцца адзін да аднаго, аднавіць эмацыйную сувязь у сужэнстве, а маладым сем’ям — закласці моцны фундамент для моцных адносін..
Унікальная аўтарская праграма рэкалекцый ужо амаль 20 гадоў дапамагае сужонкам з Беларусі не толькі выходзіць са шматлікіх крызісаў сужэнскага жыцця, паглыбляць свае адносіны, абнаўляць пачуцці, рабіць пэўныя крокі насустрач адно аднаму, насустрач сваім дзецям, блізкім і іншым людзям. Менавіта падчас Вялікага посту варта асаблівым чынам зірнуць на свае сужэнскія адносіны праз прызму дыялогу.
Мэты рэкалекцый:
- аднавіць свае пачуцці;
- знайсці радасць у тым, што маем;
- напоўніць узаемаразуменнем, даверам і павагай свой дом;
- парамантаваць тое, што зламалася за годы сужэнскага жыцця;
- і, канечне, атрымаць бяспройгрышны інструмент — дыялог ад «Сужэнскіх сустрэч», якім можна карыстацца кожны дзень, каб будаваць адносіны з Богам, з мужам, жонкай, дзецьмі, роднымі і іншымі людзьмі
Каму найбольш адпавядае праграма рэкалекцый?
- Сем’ям, якія перажываюць крызіс у розных сферах свайго сужэнскага жыцця, якія, магчыма, сёння нават не вераць у тое, што ёсць выйсце.
- Сем’ям, якія маюць трывалыя добрыя адносіны, але разумеюць, што пра адносіны вельмі важна ўвесь час клапаціцца. Ад гэтага клопату залежыць развіццё і ўмацаванне адносін.
- Сем’ям, якія толькі пачалі свой шлях і жадаюць закласці трывалы падмурак, на якім можна будаваць і развіваць свае маладыя адносіны.
- Духоўным і кансэкраваным асобам, якія хочуць развіваць свой дыялог і свае адносіны з Богам і іншымі людзьмі
Сужонкі перажываюць рэкалекцыі у дыялогу паміж мужам і жонкай, а духавенства і кансэкраваныя асобы — у дыялогу з Богам.
«Сужэнскія сустрэчы» падчас рэкалекцый прапануюць вельмі канкрэтны інструмент — дыялог, які пасля удзельнікі змогуць самастойна выкарыстоўваць у сваёй штодзённасці, каб будаваць не толькі адносіны паміж сабою, але і з дзецьмі, роднымі, калегамі па працы і іншымі людзьмі.
Вось некалькі сведчанняў ад удзельнікаў рэкалекцый:
Я выязджаю з рэкалекцый з вялікім пачуццём радасці і адзінства. Мы ачысцілі нашыя адносіны ад смецця. Але ў той жа час я еду з рашэннем змяніць пэўныя моманты ў сабе, бо адчуў, што ў гэтым ёсць сэнс.
Я прыехаў на гэтыя рэкалекцыі як «апошні шанц», і рады, што я тут.
Выдатны час, які паказаў, як шмат у нас агульнага. Мы пахавалі нашыя няўдачы і адкрылі для сябе новыя магчымасці. Мы здабылі надзею, што ўсё яшчэ наперадзе. Гэта самае лепшае. Мы ад’язджаем з радасцю ў душы і ўсмешкамі на твары.
Мы дзякуем Богу за тое, што ў нас была магчымасць сюды прыехаць. Гэта дазволіла нам стаць бліжэй адзін да аднаго, паглядзець на нашу пару з іншага пункту гледжання. Мы хочам падзяліцца сваёй радасцю і спадзяемся, што нашае сужэнства будзе гарманічным, шчаслівым і трывалым. Мы будзем заахвочваць нашых сяброў удзельнічаць у такіх рэкалекцыях.
Арганізацыйныя пытанні
- Пачатак рэкалекцый у пятніцу 17 сакавіка ў 19.00.
- Заканчэнне рэкалекцый у нядзелю 19 сакавіка каля 15.00.
- У рэкалекцыях абавязковы ўдзел абодвух сужонкаў, без дзяцей і ва ўсёй праграме.
- Запрашаюцца ўсе, хто гатовы працаваць над сваімі сужэнскімі адносінамі, незалежна ад узросту, канфесійнай прыналежнасці і рэлігійнай актыўнасці: і тыя, хто толькі распісаліся ў ЗАГСе, і тыя, хто жыве ў касцёльным шлюбе.
- Адрас: Віцебская вобл., г. Гарадок, вул. Вакзальная 2 А, парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі.
- Запіс па тэлефоне: +375 (29) 652 11 44
Нашыя сем’і нарадзіліся для таго, каб быць шчаслівымі. Запрашаем выкарыстаць гэтую магчымасць!
Сем’і, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях «Сужэнскіх сустрэч», дзеляцца сваімі сведчаннямі:
- «Ветэраны» «Сужэнскіх сустрэч» — пра свой шлях да асэнсаванасці ў сямейных адносінах
- «Дагэтуль узгадваю цеплыню, рамантыку і прыгажосць тых дзён». Як уік-энд «Сужэнскіх сустрэч» змяніў сямейнае жыццё Аляксандра і Ганны Гелагаевых
- Ад вечароў для закаханых да сужэнскіх сустрэч. Адзін год з жыцця маладажонаў Марты і Паўла
- «Наша знаёмства адбылося ў інтэрнэце». Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця Гелі і Вовы Белаусаў
- Дыялогі Олі і Сашы: адчуванне каштоўнасці нашага «разам»
- Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця: «Крошкі» для сужэнскіх адносін на кожны дзень — рэцэпт ад сям’і Панамаровых
- «Я ехала на ўік-энд, не ведаючы, што там будзе». Гісторыя сям’і Яўгена і Вольгі Хілько
- Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця: «Бог пакрыху, маленькімі крокамі прыходзіў у нашае жыццё»
- Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыя сям’і Ганны і Юрыя Лугаўцовых
- Радасці і цяжкасці сямейнага жыцця. Гісторыі ўдзельнікаў «Сужэнскіх сустрэч»