23 чэрвеня на месцы былога касцёла святога Яна Хрысціцеля ў мястэчку Гарадок (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, Маладзечанскі дэканат) адзначылі адпустовую ўрачыстасць.
Як паведамляецца на сайце маладзечанскай парафіі святога Казіміра Pio.by, святую Імшу на палявым алтары, усталяваным на месцы знішчанай падчас вайны святыні, цяперашнія душпастыры мясцовых вернікаў, браты капуцыны зх Маладзечна, цэлебравалі ў інтэнцыі святароў і фундатараў касцёла.
Месца, дзе дзе ён знаходзіўся, цяпер не так проста знайсці. Сюды ад мястэчка вядзе брукаваная каменем дарога, якая пачынаецца на маленькай вулачцы.
Само месца ўказвае ўсталяваны нядаўна крыж, пры якім раз на год адбываецца святая Імша.
Гісторыя каталіцкай парафіі ў Гарадку непрацяглая. Яе вытокі звязаныя з капліцай у Чэрневе, якая належала да хоўхлаўскай парафіі. Першы ўспамін пра гэта ў архіўных дакументах адносіцца да 1744 года.
Толькі ў 1914 годзе жыхары Гарадка атрымалі дазвол на будаўніцтва касцёла ў самім мястэчку. Галоўнымі фундатарамі пабудовы касцёла былі граф Бэнэдыкт Ян Тышкевіч і мясцовы жыхар Эдмунд Бахарэвіч. Радасная падзея, на вялікі жаль, азмрочылася пачаткам Першай сусветнай вайны. Вайна, а пасля і цяжкія паслярэвалюцыйныя гады спынілі будаўніцтва касцёла, і, хутчэй за ўсё, яго будова так і не пачалася: была ўзведзена толькі часовая капліца. Будаўніцтва ж касцёла аднавілася толькі ў 1927 годзе. Варта адзначыць, што будаўніцтву спрыялі не толькі католікі, але і праваслаўныя вернікі, і асобныя юдэі. Асабліва вялікай была заслуга ксяндза Нікадзіма Казлоўскага, пробашча хоўхлаўскага касцёла, які развіў актыўную дзейнасць і фактычна сам давёў будаўніцтва да канца.
Пасвячэнне касцёла адбылося 29 жніўня 1929 года, ва ўспамін Мучаніцтва святога Яна Хрысціцеля. Аднак нядоўгай была радасць мясцовых вернікаў: падчас Другой сусветнай вайны святыня была знішчана.
За гэты час у гарадоцкім касцёле неслі служэнне наступныя святары: Нікадзім Казлоўскі (1925–1929, 1929–1934), Баляслаў Урублеўскі (ліпень – верасень 1929), Гедымін Пілецкі (1934–1937), Станіслаў Буднік (1937–1939), Віктар Гагалінскі (1940–1943). У апошнія гады іх місію працягваюць святары з маладзечанскай парафіі святога Казіміра: брат Ігар Колзун OFMCap, брат Андрэй Жылевіч OFMCap, брат Уладзіслаў Мінько OFMCap.
20 гадоў таму братамі з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў у іншым месцы Гарадка была пабудавана капліца, дзе цяпер можна пачуць слова Божае. Вернікаў жа тут засталося няшмат. Таму вельмі важна, што ва ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля на месца, дзе раней стаяла велічная святыня, сабраліся не толькі святары і мясцовыя жыхары, але і вернікі з Маладзечна, Радашковічаў, Хоўхлава і іншых мясцовасцяў.
Сабраліся, каб, як і раней, з’яднацца ў Эўхарыстыі, каб зберагчы гісторыю і захаваць памяць, каб быць годнымі прарокамі свайго часу і паслядоўнікамі святога Яна Хрысціцеля.
Працягвае гэтую прароцкую місію і невялічкая група гарадоцкіх вернікаў, якія прывялі ў належны выгляд святое месца, прыгатавалі смачны пачастунак для гасцей. Яны мараць пра тое, што з цягам часу атрымаецца больш грунтоўна добраўпарадкаваць гэтую тэрыторыю, а таксама пахаванні святара і фундатараў былога касцёла, якія тут знаходзяцца.