Пошук

27.06.2022 13:27   Тэкст: Ксёндз Антоній Казлоўскі / Фота: Жанна Гацко / Catholic.by

У нядзелю 26 чэрвеня ў парафіі святога Юды Тадэвуша ў Вішневе, што на Смаргоншчыне, адбыўся парафіяльны фэст.

Шматлікія вернікі і госці сабраліся ў парафіяльнай святыні, каб па старадаўняй мясцовай традыцыі ўшанаваць Нараджэнне святога Яна Хрысціцеля, якое сёлета адзначалася 23 чэрвеня. Адпустовая ўрачыстасць зазвычай пераносіцца на бліжэйшую нядзелю, каб як мага больш людзей маглі ўдзельнічаць у гэтым свяце.

Многія з сабраных былі пад уражаннем леташняга фэсту, калі біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч пасвяціў адноўленую за сродкі ахвярадаўцы Францішка Жылкі прыдарожную капліцу святога Яна Хрысціцеля з адрэстаўраваным арыгінальным крыжам.

Ганаровым госцем сёлетняй урачыстасці стаў ксёндз канонік Віктар Субель, дэкан Івейскі, які на пачатку сваёй святарскай паслугі на працягу шасці гадоў служыў Богу і людзям у Вішневе.

14 чэрвеня ксёндз Віктар адзначыў срэбны юбілей святарства. Па запрашэнні вішнеўскага пробашча ксяндза Антонія Казлоўскага юбіляр прыехаў падзякаваць Богу за 25 гадоў святарскага служэння ў сваю першую парафію, дзе ўзначаліў цэлебрацыю адпустовай святой Імшы.

Гамілію прамовіў аднакурснік ксяндза пробашча ксёндз Андрэй Шут, які з’яўляецца экзарцыстам у Пінскай дыяцэзіі. У Божым слове святар разважаў пра характар і духоўнасць святога заступніка парафіі.

Пасля Імшы і Эўхарыстычнай працэсіі ксёндз Віктар наведаў магілу свайго папярэдніка ксяндза Юзафа Кіселя, сумесна з якім на працягу чатырох гадоў нёс служэнне у Вішневе.

У вішнеўскай святыні імя ксяндза Кіселя, які 62 гады быў пробашчам тутэйшай парафіі, залатымі літарамі запісана на мармуровай памятнай табліцы.

У гэтым годзе 4 снежня прыпадае 20-я гадавіна з дня смерці руплівага вішнеўскага душпастыра.

У гэтую памятную дату цэлебрацыю святой Імшы ў вішнеўскім касцёле а 12-й гадзіне узначаліць мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі. Пробашч і парафіяне шчыра запрашаюць усіх ахвотных у Вішнева на гэтую Імшу, каб разам памаліцца за душу спачылага шматгадовага пробашча парафіі.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця