Пошук

28.06.2021 11:58   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

У нядзелю 27 чэрвеня біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч нанава пасвяціў адноўленую прыдарожную капліцу ў гонар святога Яна Хрысціцеля, што непадалёк ад Вішнева (Смаргонскі дэканат), і ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі групе маладых тутэйшых вернікаў.

Традыцыйны парафіяльны адпуст у гонар святога Яна Хрысціцеля ў Вішневе сёлета адзначылі не ў парафіяльным касцёле святога Юды Тадэвуша, а на адкрытым паветры перад адноўленай прыдарожнай капліцай. Два гады таму, ва ўрачыстасць святога Яна Хрысціцеля, Catholic.by пісаў пра гэтае гістарычнае месца культу ў гонар Хрыстовага Папярэдніка, якое тады знаходзілася ў занядбаным стане. Напрыканцы 2019 года побач з капліцай быў знойдзены старадаўні каваны крыж, і гэта стала знакам надзеі на тое, што сакральная пабудова будзе адноўлена.

Сёння адшуканая рэліквія зноў вянчае наверша адноўленай прыдарожнай капліцы.

Намаганнямі пробашча вішнеўскай парафіі святога Юды Тадэвуша ксяндза Антонія Казлоўскага, тутэйшых вернікаў і актывістаў капліцу на працягу доўгага часу спрабавалі аднавіць, але справа не ішла. Нарэшце прадпрымальнік з Мінска Францішак Жылка, чый род паходзіць з тутэйшых ваколіц, здзейсніў задуманае. З уласных сродкаў ён фінансаваў рэстаўрацыю не менш як трохсотгадовай культавай пабудовы, літаральна ўратаваўшы яе ад немінучага разбурэння.

Звярнуўшыся да прысутных з кароткай прамовай, мецэнат распавёў, што вырашыў аднавіць гэтую капліцу, паколькі кожны раз, праязджаючы побач, не мог заставацца абыякавым да лёсу старадаўняй культавай пабудовы. Бачачы, што святыня можа цалкам знікнуць, ён вырашыў за ўласныя сроді фінансаваць яе рэстаўрацыю. Па яго словах, аднаўленне капліцы стала данінай памяці яго продкам, якія больш за два стагоддзі жылі непадалёк, у фальварку Роскаш, што на тэрыторыі суседняй, жодзішкаўскай парафіі.

На заканчэнне прамовы Францішак Жылка папрасіў вернікаў клапаціцца пра адноўленую капліцу, каб яна ніколі зноў не апынулася ў такім стане, у якім была да рэстаўрацыі.

У межах прац па аднаўленні месца культу была добраўпарадкавана і прылеглая тэрыторыя, а ў адрэстаўраваную капліцу змясцілі новую фігуру святога Яна ў чалавечы рост, спецыяльна для гэтага зробленую з сучаснага матэрыялу. Пробашч вішнеўскай парафіі ксёндз Антоній Казлоўскі на пачатку цэлебрацыі выказаў спадзяванне, што гэтая фігура застанецца тут назаўсёды як знак прысутнасці і заступніцтва святога апекуна.

Пасля гэтага біскуп Аляксандр Кашкевіч прачытаў малітву пасвячэння капліцы і акрапіў яе асвячанай вадой. Знакам шчодрага Божага благаслаўлення можна лічыць таксама моцную залеву, якая падчас пасвяэння «крапіла» капліцу і ўсіх прысутных. Затое з пачтакам святой Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, неба пасвятела, хмары расступіліся, і некалькі соцень сабраных каля капліцы змаглі адкласці парасоны і без перашкод разам славіць Бога.

Падчас святой Імшы біскуп Кашкевіч удзяліў сакрамэнт канфірмацыі двум дзясяткам юнакоў і дзяўчат з Вішнева і ваколіц. У прамоўленым Божым слове іерарх заклікаў іх браць прыклад са святога Яна Хрысціцеля.

«Евангелле кажа нам, што ён быў чалавекам сумленным, адважным і бескампрамісным, што рашуча бараніў Божы закон і не вагаўся дакараць тых, хто парушаў гэты закон.

Ян Хрысціцель дакараў нават караля Ірада, указваючы яму на амаральны і спакуслівы сужэнскі саюз з жонкай уласнага брата. Менавіта за гэтую крытыку Ірада Ян Хрысціцель трапіў у вязніцу, а потым быў абезгалоўлены», — нагадаў біскуп. Ён дадаў, што хоць кіраўнік краіны ведаў, дзе праўда і дабро, але не здолеў змяніць свайго жыцця, не здзейсніў правільнага выбару.

«Ён вырашыў назаўсёды прымусіць Яна маўчаць, каб такім чынам прымусіць маўчаць таксама голас уласнага сумлення», — падкрэсліў пастыр Касцёла на Гродзеншчыне, зазначыўшы, што Ян Хрысціцель з’яўляецца ўзорам бескампраміснага, адважнага, гераічнага прапаведніка праўды.

«Ён вучыць нас, што нельга ісці на камппраміс са злом, нельга быць людзьмі без поглядаў і перакананняў, якія кіруюцца толькі ўласнымі страхамі і чалавечымі меркаваннямі. Хрысціянін павінен быць чалавекам адвагі, які жыве ў праўдзе, практыкуе ў жыцці тыя каштоўнасці, якія вызнае вуснамі», — даў настаўленне кандыдатам да канфірмацыі і ўсім прысутным біскуп Аляксандр Кашкевіч.

На заканчэнне цэлебрацыі іерарх падзякаваў усім, хто прычыніўся да справы аднаўлення прыдарожнай капліцы. Такіх сакральных пабудоў калісьці было на нашых землях вельмі шмат, але да цяперашняга часу захаваліся адзінкі, прычым большасць у выглядзе руін. У знак падзякі і прызнання заслуг у высакароднай справе захавання хрысціянскай спадчыны Беларусі біскуп Гродзенскі ўручыў падзячныя граматы, тым хто ўратаваў ад знікнення капліцу святога Яна Хрысціцеля пры дарозе з Вішнева на Свір.

  

Ад рэдакцыі

Дырэктар парталу Catholic.by ксёндз Аляксандр Улас ад імя рэдакцыі віншуе спецыяльнага карэспандэнта Віктара Ведзеня з днём нараджэння, дзякуе за працу і жадае здароўя, далейшага творчага росту і ўсяго найлепшага ў асабістым і прафесійным жыцці.

Няхай добры Бог благаслаўляе, а заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі спадарожнічае ў кожны дзень!

Абноўлена 28.06.2021 13:08
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.