Пошук

24.06.2019 15:42   Мікола Гракаў / Catholic.by
Фота globus.tut.by, 2014 г.

24 чэрвеня, ва ўрачыстасць Нараджэння Святога Яна Хрысціцеля, запрашаем вас у маленькую пілігрымку да напаўразбуранай прыдарожнай каплічкі святога Яна, што стаілася на ўзлеску на беразе Вішнеўскага возера.


Забытае месца культу пры дарозе

Пакуль у Гродзенскай дыяцэзіі вядзецца збор інфармацыі пра такія традыцыйныя на нашых землях месцы культу, як прыдарожныя крыжы і капліцы, мы вырашылі пазнаёміцца з адным з такіх месцаў.

Калі ехаць з Вішнева Смаргонскага раёна ў бок Свіра, не кожны заўважыць з правага боку пры дарозе незвычайнае збудаванне.

Вежа — не вежа; абеліск — не абеліск, стаіць яно ўзбоч дарогі сярод сосен, прыкрытае драўлянымі рыштаваннямі.

Цяжка было б недасведчанаму чалавеку здагадацца, што ж гэта такое, калі б не інфармацыйная шыльда побач. На ёй напісана, што гэта — не што іншае, як прыдарожная капліца святога Яна Хрысціцеля, якую ўзвялі калісьці пабожныя тутэйшыя жыхары паміж мястэчкам Вішневам і вёскаю Галоднічы, перайменаванай бальшавікамі ў «Краснаазёрную», што прытулілася на самым беразе маляўнічага, чыстага і спакойнага Вішнеўскага возера.


Калі з’явілася капліца пры дарозе?

Прыдарожныя крыжы і капліцы здаўна былі даволі папулярнымі на нашых землях: мала ў якой вёсцы іх не было. Капліцы менавіта такой формы, якая захавалася каля Вішнева, можна сустрэць і ў іншых мясцінах. Першапачаткова гэта былі проста слупы, або калоны з устаноўленай на версе фігурай святога. Пазней іх будавалі ў форме вежачак з дахам, як і тут, каля Вішнева.

Дакладная дата пабудовы гэтай капліцы невядома. Адны крыніцы падаюць XVIII ст., іншыя — пасля 1875 г.

Такім чынам, немагчыма дакладна сказаць, ці ўжо чвэрць тысячагоддзя, ці толькі крыху больш за стагоддзе стаіць яна тут, заклікаючы падарожных да малітвы ці, прынамсі, да пабожнага ўздыху. Не выклікае сумненняў адно: гэта культавая пабудова, каталіцкая прыдарожная капліца.


Ян Хрысціцель ці Ян Непамук?

Як паведаміў нам пробашч парафіі святога апостала Юды Тадэвуша ў Вішневе Смаргонскага дэканату кс. Антоні Казлоўскі, дакументальных сведчанняў пра гэтую капліцу не захавалася. Толькі традыцыйна на ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля ў вішнеўскім касцёле адзначаюць фэст, на які збіраюцца вернікі з наваколля.

Вядома, Ян — адно з найбольш папулярных імёнаў не толькі ў Беларусі, але і ва ўсім свеце.

Рэч у тым, што імя гэтае насіў не толькі Папярэднік Хрыста святы Ян Хрысціцель, але таксама ўзлюблены вучань Збаўцы святы Ян Евангеліст, або Багаслоў, як яго называе ўсходняя традыцыя. Паколькі культ гэтых святых аднолькава папулярны, у Вільні нават ёсць касцёл, які носіць тытул Янаў — і Хрысціцеля, і Евангеліста.

Касцёл святых Янаў у Вільні. Фота: Mantas Indrašius / poznajwilno.pl

Фігура святога ў капліцы пад Вішневам не захавалася. Знікла яна ці то ад старасці, ці то ў змрочныя савецкія часы змагання з рэлігіяй.

Таму нельга цалкам выключыць і такую магчымасць, што ў капліцы была выява не Хрысціцеля і не Багслова, а яшчэ аднаго святога Яна — Непамука, або Непамуцкага.

Гэты чэшскі святар напрыканцы XIV ст. прыняў у Празе мучаніцкую смерць за веру: яго скінулі ў мяху з Карлава маста ў воды ракі Влтавы.

Св. Ян Непамук. Фігура на Карлавым мосце ў Празе. Фота: trover.com

Ягоны культ як ратаўніка тых, хто топіцца, ахоўніка ад паводкі і апекуна мастоў распаўсюдзіўся ў XVIII ст. таксама і на нашых землях. Цудам ацалелая фігура святога Яна Непамука сёння знаходзіцца каля касцёла Божага Цела ў Нясвіжы.

Не выключана, што капліца, узведзеная непадалёк ад таго месца, дзе вузкая рэчка Смолка яднае Вішнеўскае возера са Свірскім, была прысвечана менавіта св. Яну Непамуку, а пазней у народнай пабожнасці спалучылася з культам іншых святых Янаў, што так тыпова для нашага краю.

Фота Уладзіміра Багданава (жнівень 2005 г.) / orda.of.by

Што будзе з капліцай далей?

Не трэба быць спецыялістам, каб на ўласныя вочы пераканацца ў тым, што капліца святога Яна каля Вішнева разбураецца. Калі нічога не рабіць, неўзабаве ад гэтага старадаўняга месца культу можа не застацца і знаку.

Некалькі гадоў таму ўзнікла прыватная ініцыятыва ўратаваць прыдарожную капліцу — адну з тых, якіх, такіх шматлікіх калісьці, сёння зусім няшмат засталося на нашай знявечанай войнамі і бязбожным савецкім рэжымам зямлі.

Здаецца, можна было б парадавацца, што знайшліся такія неабыякавыя людзі, якія ўзяліся за гэтую справу, пабудавалі драўляныя рыштаванні… Аднак без супольнай падтрымкі, без традыцыйнай беларускай талакі аднавіць капліцу не ўдасца: на адбудову патрэбная значная сума, якая і за дзесяцігоддзі не назбіраецца ў скрыначцы для ахвяраванняў, устаноўленай у вішнеўскім касцёле, куды кідаюць свае сціплыя ашчаджэнні зусім незаможныя і пераважна пажылыя мясцовыя вернікі. А час працягвае сваё разбуральнае дзеянне, і толькі пагрозліва перасцерагаюць надпісы аб небяспецы на рыштаванні…

Між тым літаральна ў некалькіх кіламетрах уздоўж той самай дарогі як грыбы растуць дарагія катэджы аматараў правесці адпачынак на свежым паветры, на азёрах, каля вады. Вельмі хочацца, каб усе, хто рэгулярна ездзіць каля забытай, напаўразбуранай прыдарожнай капліцы на свае шыкоўныя вілы, нарэшце пачулі нямы енк гэтай святыні, што просіць у людзей паратунку.

Старая капліца без словаў нагадвае нам, што ў гэтым благаслаўлёным кутку людзі спрадвеку жылі з малітвай, ушаноўвалі Бога і ніколі не забываліся: усё, што яны маюць — у Ягоных руках, як і само жыццё.

Няхай жа аднаўленне капліцы святога Яна стане і данінаю памяці папярэднім пакаленням, і просьбай аб заступніцтве святых Янаў — Хрысціцеля, Евангеліста і Непамука, — а таксама зарукаю таго, што ніколі не адступіцца Божая ласка ад усяго тутэйшага люду.

Абноўлена 24.06.2020 08:39
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.