Пошук

15.01.2020 11:13   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

Напрыканцы 2019 года каля напаўразбуранай прыдарожнай капліцы святога Яна непадалёк ад Вішнева, што на Смаргоншчыне, быў знойдзены старадаўні каваны крыж, які праляжаў у зямлі не адно дзесяцігоддзе.

Ва ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля партал Catholic.by здзейсніў віртуальную пілігрымку да традыцыйнага месца культу і ўшанавання Хрыстова Папярэдніка. Прыдарожную капліцу ў яго гонар узвялі калісьці пабожныя тутэйшыя жыхары паміж мястэчкам Вішневам і вёскаю Галоднічы, перайменаванай бальшавікамі ў «Краснаазёрную», што прытулілася на беразе маляўнічага, чыстага і спакойнага Вішнеўскага возера.

Цяперашні стан старадаўняй капліцы прымушае сэрца сціскацца ад жалю. Стромкая і велічная калісьці, сёння яна пагражае вось-вось абрынуцца, нягледзячы на рыштаванні, што шчыльна абступілі яе з усіх бакоў…

Леташняя публікацыя на нашым партале не прайшла незаўважанай. Краязнаўцы-энтузіясты, якія займаюцца пошукам цікавых гістарычных артэфактаў, вырашылі даследаваць прылеглую да капліцы тэрыторыю. І не дарэмна: ім удалося знайсці крыж, які калісьці вянчаў культавую пабудову і на які жагналіся ўсе, хто ішоў або ехаў па гасцінцы побач.

Знойдзеную святыню з пашанаю перадалі ксяндзу Антонію Казлоўскаму, пробашчу вішнеўскай парафіі святога Юды Тадэвуша, на тэрыторыі якой знаходзіцца капліца.

«Гэта добры знак! — радуецца святар. — Крыж знайшлі: цяпер засталося аднавіць капліцу, каб усталяваць яго на „законнае месца“».

Хутчэй за ўсё, крыж з капліцы знялі ў часы ваяўнічага атэізму, калі савецкая ўлада вяла змаганне з верай і рэлігійнымі сімваламі. А можа, хтосьці проста вырашыў яго схаваць і закапаў далей ад нядобрых вачэй, але не дачакаўся лепшых часоў, калі скончылася на нашай зямлі савецкае цемрашальства.

Як бы там ні было, крыж, нарэшце, знойдзены і, калі знойдуцца таксама высакародныя неабыякавыя людзі, гатовыя дапамагчы ў справе аднаўлення старадаўняй капліцы, зможа зноў вярнуцца на сваё пачэснае месца.

Нягледзячы на праведзеныя ў зямлі дзесяцігоддзі, крыж даволі добра захаваўся, а гэта сведчыць, хутчэй, на карысць версіі пра тое, што яго схавалі вернікі. Змагары з рэлігіяй звычайна не цырымоніліся і, скідваючы крыжы, іх моцна нявечылі, як, напрыклад, адбылося ў Свіры, куды вядзе гасцінец з Вішнева.

Выкананы ў традыцыйнай манеры з каванага металу, крыж з капліцы святога Яна мае ў вышыню 135 см ад ніжняга завостранага канца, якім ён, хутчэй за ўсё, мацаваўся да шарападобнай драўлянай «макаўкі», і да верхняга дэкаратыўнага элементу ў выглядзе лістка, крыху загнутага (і гэта, бадай што, адзінае заўважнае на ім пашкоджанне). Шырыня крыжа ўпоперак складае 95 см.

Знаходка крыжа — не проста добры: гэта па-сапраўднаму Божы знак. Праводзячы гістарычныя паралелі, можна параўнаць гэта з адшуканнем Крыжа Збаўцы святой Аленай, маці імператара Канстанціна. «Гэтым перамагай», — быў дадзены яму з неба наказ, і з таго часу гісторыя Еўропы і гісторыя свету змяніліся, дзякуючы хрысціянству.

Сёння, у час бездухоўнасці, страты трывалых арыенціраў і адыходу ад маральных каштоўнасцяў адшуканне крыжа становіцца знакам надзеі.

Надзеі на тое, што не толькі напаўразбураная капліца каля старога гасцінца нарэшце будзе адноўлена, але што ўсё беларускае грамадства адновіцца на падмурку перададзенай нам ад дзядоў і прадзедаў нашай хрысціянскай веры: праўдзівай, несмяротнай і пераможнай, як Крыж Збаўцы.

Аб гэтым маліўся ксёндз Антоній, калі 12 снежня цэлебраваў святую Імшу за Беларусь, якая трансліравалася на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё. Аб гэтым таксама моляцца яго пабожныя вернікі падчас традыцыйных у Вішневе Фацімскіх набажэнстваў. Няхай жа Бог выслухае гэтыя малітвы, якія ўзносяцца да Яго праз заступніцтва Багародзіцы і нябеснага апекуна вішнеўскай парафіі святога апостала Юды Тадэвуша, заступніка ў самых складаных справах, каб мы адшукалі духоўныя каштоўнасці нашых продкаў і ніколі іх больш не згубілі.

Абноўлена 15.01.2020 13:01
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця