Пошук

03.07.2019 07:07   Тэкст: Ілья Лапато / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Свір — адна з тых парафій на паўночным захадзе Беларусі, дзе пасля вайны яшчэ дзейнічаў касцёл і нават быў свой святар. З прыходам савецкай улады жыццё вернікаў змянілася. Архівы захоўваюць гэты час фрагментарна — у законах, даведках, справаздачах і... даносах.

Людская памяць узнаўляе савецкі час па-іншаму — у подпісах «за вяртанне святыні», таемных хростах, малітве ў Вострай Браме і ахвярнасці вернікаў.

79-гадовая Часлава Лапата — адна з тых, хто памятае свірскі касцёл яшчэ да таго, як яго перарабілі ў завод станкабудаўніцтва. У 1970-я гэта быў філіял завода ў Смаргоні. Тады святыні рэдка стаялі без справы.

Кінатэатры, магазіны, клубы, склады, заводы і нават стайні — як толькі не здзекваліся з сакральных будынкаў у савецкія часы.

Часлава Фларыянаўна (або проста цёця Чэся, як яе найчасцей называюць) жыве ў Свіры з 1961-га, а з 1994-га ўваходзіць у касцёльны камітэт і вядзе ўсе афіцыйныя справы свірскай парафіі св. Мікалая, біскупа. Відаць, невыпадкова нарадзілася яна 6 снежны — акурат «на Мікалая».

У гутарцы з Catholic.by жанчына ўзгадвае сваю маладосць і дэтальна апісвае каталіцкае мінулае Свіршчыны.

«Касцёльны камітэт пасадзілі за хабар, а ксяндза пазбавілі дазволу на служэнне»

Сустрэліся мы перад святыняй, не дамаўляючыся загадзя. Часлава Фларыянаўна адчувае сябе крыху няёмка: кіроўца забраў яе літаральна з агарода, і жанчына не паспела пераапрануцца ў святочнае. А ёсць у старэйшых людзей такі добры звычай, пра які сёння ўжо многія забываюцца: у святыню, да Бога і «ў людзі» — у самым лепшым.

Мы пачынаем з абыходу прыкасцёльнай тэрыторыі і спыняемся каля вялізнага звону. Ён стаіць на зямлі побач з агароджай. Пакуль учытваемся ў літыя літары, Часлава Фларыянаўна прыгадвае:

«Раней званы віселі на вежы. А званілі ў свой час так гучна, што і ў Канстанцінаве (вёска за 10 км ад Свіра — заўв. рэд.) было чуваць. Званы скінулі, калі арганізоўваўся завод аптычнага станкабудаўніцтва: ім тады ўсё стала тут замінаць...»

Каму «ім», жанчына не ўдакладняе. Камуністам.

«У 1958 годзе я скончыла Свірскую школу, у 59-м быў ліквідаваны Свірскі раён. У 1959 ці 60-м памёр ксёндз пробашч Казімір Шылэйка, які працаваў тут падчас вайны. Не стала ксяндза — касцёл закрылі.

Пасля з Канстанцінава сюды прыязджаў такі ксёндз Люцыян Хмялёвец, гэта „мой“ ксёндз — ён мяне да Першай Камуніі рыхтаваў...» — адбудоўвае па памяці храналогію Часлава Фларыянаўна.

Яна ўспамінае, што святар прыязджаў толькі па нядзелях, а касцёльны камітэт хацеў, каб у святара была магчымасць працаваць тут пастаянна.

«Яны сабралі нейкія грошы і паехалі ў Міністэрства культуры ці некуды туды, дзе гэтыя пытанні рэлігіі вырашаліся, у Мінск. Начальніка не знайшлі. Узялі гэтыя грошы і разам з [пісьмовай] просьбай пакінуць у Свіры ксяндза Хмялёўца кінулі іх у паштовую скрыню начальніку. Там, калі даведаліся, ад каго і што, падалі ў міліцыю і іх усіх — камітэт — пасадзілі за хабар».

Ксяндза Хмялёўца пасля гэтых падзей улады пазбавілі права цэлебраваць св. Імшу, адабраўшы дазвол на служэнне. Праз некаторы час ён выехаў у Дзераўную на Стаўбцоўшчыне, дзе потым і памёр.

«З 1960-х свірскі касцёл стаў нічыйным. Я тады якраз пераехала сюды і ўладкавалася ў гарадское спажывецкае таварыства, якое размяшчалася акурат насупраць касцёла. Дык нашаму старшыні прапаноўвалі ўзяць касцёл і перарабіць пад паліўны склад. Але ён быў католікам, адмовіўся: „Узяць касцёл — будзе цэлая вайна“, — так адгаворваўся.

Так святыня і стаяла зачыненай яшчэ 10 гадоў, пакуль тут не адкрылі той завод. За гэты час дзеці з рагатак перабілі ў касцёле ўсе шыбы. Людзі ж ездзілі маліцца ў суседнія Канстанцінава і Шэметава».

«Крыжы са святыні скідвалі вяроўкамі, прывязанымі да машын»

Мы падыходзім да пагнутых металічных крыжоў непадалёк ад магіл двух даваенных свірскіх дэканаў, адзін з якіх калісьці кіраваў грунтоўнай перабудовай тутэйшай святыні. Крыжы, як і званы, былі скінутыя з касцёла ў савецкі час...

«Яны стаялі з абодвух бакоў святыні, — прыгадвае Часлава Фларыянаўна. — Калі завод быў уведзены ў эксплуатацыю, крыжы сталі замінаць.

Працуючы ў спажывецкім таварыстве, я сядзела ля вакна, якое выходзіла на касцёл, таму ўсё бачыла сваімі вачыма: мужыкі прыгналі машыну, моцную такую, закінулі вяроўкі на крыжы і скідалі іх, сцягваючы машынай. Пасля нават зацягнулі ў балота.

Ужо адтуль, з балота, у 90-я крыжы вярнуў ксёндз Войцех Леманскі, і цяпер яны тут...»

Жанчына прыгадвае, што з вяртаннем святыні ў 1990-м годзе, калі ў парафію прыехаў кс. Войцех, людзі вельмі актыўна ўключаліся ў працэс рамонту касцёла.

«Прыбіралі, ачышчалі і рамантавалі. Ксёндз у нядзелю аб’яўляў: „До роботы пшы косьцеле“ — у панядзелак прыходзіць такая вёска, у аўторак — іншая і г.д. І людзей было многа, і ўсе прыходзілі».

«У касцёле заставаліся падстаўкі пад станкі — мы выносілі гэтыя падстаўкі, — працягвае Часлава Фларыянаўна. — Сцены былі выкладзеныя пліткай — мы ўсё гэта адбівалі. Пасля фарбавалі. Праца ішла амаль сем гадоў. Калі ксёндз Войцех у 1997 годзе паехаў, у нас яшчэ не быў алтар гатовы, не было фігуры святога Шарбэля — гэта ўжо зроблена намаганнямі ксяндза Багуслава Маджэеўскага...

Ксёндз Войцех быў гаспадарлівы. Здаецца, ён нешта будаўнічае сканчваў. Ён усё хадзіў з пабітымі пальцамі. Гэта ад малатка: шмат забіваў цвікоў.

Мармуровая плітка, якую на касцёл перадаў завод, клалася пры ксяндзу Войцеху, драўляная падлога — таксама, як і лаўкі. Я і кажу: ён тут так папрацаваў! Але не было ніводнага алтара — толькі голыя сцены. Тут, дзе алтар, быў вялікі крыж. І такія палічкі былі паробленыя — там кветкі ставілі. Пасля, можа, у 2006-м, зрабілі два алтары. Трэці алтар дараблялі ўжо пазней. Яго форма паўтарае фасад касцёла.

Аднаўляў кс. Войцех і Засвіра. Там ніхто ўжо не думаў, што штосьці можна зрабіць з касцёлам. Усё развалена было. Адначасова будавалі і ў Страчы капліцу (там калгас бясплатна аддаў дом), і ў Дабраўлянах капліцу — гэта ўсё кс. Войцех рабіў. Вельмі яго тут людзі палюбілі за той час. І цяпер, як ён прыязджае, усе да яго туляцца».

Пра тых, хто скідваў крыжы, Часлава Фларыянаўна згадвае наступнае:

«З людзьмі, якія сцягвалі крыжы, пасля з усімі нешта дрэннае здаралася.

Быў начальнік цэха. Ён паехаў у Смаргонь купацца і, скокнуўшы з маста ў рэчку, зламаў шыйны пазванок. Ён быў свірскі, іншых я не ведаю, што з імі сталася, але чула, што з іх нікога жывога неўзабаве не засталося».

«Калі бацькі не прыходзяць у касцёл, не прыйдуць і дзеці»

Часлава Фларыянаўна расказвае, што на Імшу ў будні дзень сёння прыходзіць пяць-сем чалавек, «а раней было пад 30 вернікаў».

«Старыя паміраюць, а моладзь ужо „адпужаная“ ад касцёла.

Калі бацькі не прыходзяць, то і дзеці не прыйдуць. Раней дзяцей прыходзіла вельмі і вельмі шмат: гэтыя вось лаўкі наперадзе ўсе былі запоўненыя дзецьмі...

Я ў дзяцінстве жыла ў Канстанцінаве і памятаю, як у нас пры касцёле ладзіліся канцэрты, п’есы ставілі, песні спявалі — уся моладзь была звязаная з касцёлам. Не пайсці на Імшу — гэта было немагчыма. У ксяндза Люцыяна быў брат, які загінуў на фронце, пакінуўшы ўдавой жонку з двума хлопчыкамі. Ксёндз забраў іх усіх да сябе ў Канстанцінава. Дык тая пані Ядвіга, удава, на арганах іграла на Імшы, была арганізатарам моладзі. Там такі хор быў у касцёле!

У 1948–49, калі мне было 8–9 гадоў, я рыхтавалася да Першай Камуніі якраз у пані Ядвігі. Гэта быў апошні год, калі падрыхтоўка яшчэ вялася ў касцёле. Налета яе забаранілі праводзіць у святыні — тады ўжо мамы недзе дома рыхтавалі...

Вельмі добра памятаю ксяндза Люцыяна, бо ён быў звязаны з нашай сям’ёй.

Майго бацьку забілі, калі ён вёз партызанаў. Тату было 42, мне на той час — два з паловай.

Ксёндз Люцыян апекаваўся нашай сям’ёй, даваў нам свайго каня, калі трэба было штосьці ўзараць ці прывезці.

Ксёндз нарадзіўся ў Мінску, але пасля бацькі пераехалі ў Польшчу (гэта я перачытвала нядаўна старыя нумары „Авэ Марыя“ і там было напісана пра яго), затым вучыўся ў Віленскай духоўнай семінарыі. І яго, а таксама ксяндза Станіслава Кучынскага, накіравалі сюды: Кучынскага — у Свір, а Хмялёўца — у Канстанцінава. Казімір Свёнтэк, дарэчы, як і Кучынскі з Хмялёўцам, усе былі з аднаго 1914 года. Я гэта добра запомніла».

«Вера дала мне ўсё»

Згадваючы дзіцячыя гады, Часлава Фларыянаўна расчульваецца, святлее ў твары. Зморшчынак на ілбе як і не было.

«Мы жылі пад лесам, мелі карову. Кожны дзень маім заданнем было назбіраць у лесе сучкоў на распалку пліты на заўтра і сена карове нарыхтаваць. Са стрыечнай сястрой хадзілі з сярпамі і жалі ў мяшок тую траву карове...

Хадзілі босымі ў касцёл. Ідзеш праз балота — ногі памыў і пайшоў. Маёвыя, чэрвцовыя, Ружанец... Пасля, калі ўжо нельга было, хадзіла хаваючыся. Хустку завяжаш, каб не пазналі, а ўсё роўна пазнавалі.

Вера мне дала ўсё... (выцірае слёзы — заўв. рэд.). З малых гадоў ездзілі мы ў Вільню. Выходзім з аўтобуса і першае, што было — у Вострую Браму.

І я так веру Маці Боскай Вастрабрамскай, і я кажу, што Яна за руку вядзе мяне ўсё маё жыццё. Не ведаю, які будзе канец майго жыцця...

Ужо калі замуж выходзіла, бралі шлюб у Вострай Браме. Жылі з Богам увесь час. І муж быў веруючы, і сям’я яго. Ужо чатыры гады, як памёр... Яму было 83 гады, мы пражылі разам 53 гады, а ўсё адно мне гэтага мала... (плача — заўв. рэд.)

Што б я пажадала маладым? Каб не пакідалі Бога, каб жылі з Богам, каб маліліся. Ужо ж не забараняюць: ідзі, маліся.

Ніхто ні з каго не смяецца і на працы не пераследуюць. Прыходзьце да Бога часцей...

Важна, каб чалавек жыў з Богам, з Касцёлам. У касцёле дрэннаму не навучаць. Бог вядзе чалавека за руку толькі па добрай дарозе, я так лічу».

Ад рэдакцыі

Гэты рэпартаж падрыхтаваў журналіст і рэдактар партала Catholic.by Ілья Лапато, які пачаў пісаць для галоўнага інтэрнэт-рэсурса Каталіцкага Касцёла ў Беларусі дзесяць гадоў таму. Цяпер ён працягвае навучанне за мяжой, і супрацоўнікі рэдакцыі на чале з дырэктарам кс. Аляксандрам Уласам жадаюць яму поспехаў і Божага благаслаўлення на ўсіх шляхах, якімі павядзе яго па жыцці Пан Бог.

Абноўлена 03.07.2019 07:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.