Пошук


Кляштар кармэлітаў чаравічковых («абутых») у Засвіры калісьці быў адным з найбуйнешых у правінцыі. Сёння ад яго засталіся толькі руіны, а вось былы кармэліцкі касцёл захаваўся.

Журналісты Catholic.by наведалі касцёл у Засвіры (Мядзельскі р-н), каб паглядзець, як сёння выглядае парафія з 300-гадовай гісторыяй.

Слухаючы цішыню

Ад ранішніх промняў сонца, якія шчодра награюць патыліцу, здаецца, нікуды не схавацца. Па радыё перадавалі дажджы, але кучавыя аблокі пасоўваюцца так павольна, што на дождж пакуль зусім не выглядае.

Наша машына спыняецца ў Засвіры ля касцёла Найсвяцейшай Тройцы, калі гадзіннік паказвае 9.50.

Імша яшчэ не пачалася, а з расчыненых дзвярэй святыні, ля якой прыпаркаваны два ровары і чыйсьці цёмна-шэры Опель, ужо даносяцца людскія спевы.

Нягледзячы на 25 градусаў звонку, прахалоду векавых муроў унутры святыні адчуваеш надзвычай востра. Парафіяне ў касцёле сядзяць у плашчах і вязаных камізэльках.

Пробашч павінен вось-вось прыехаць і ў касцёле толькі што скончылі спяваць Гадзінкі.

Мы, новыя «чужыя» людзі, выклікаем павышаную ўвагу. Вось і цяпер адна з квяцістых хустак кабеты з першай лаўкі некалькі секунд упарта не хоча паварочвацца, а яе ўладальніца дэтальна вывучае незнаёмцаў.

Неўзабаве касцёльнае рэха разносіць новы пабожны спеў, збіраючы ў адно галасы бабуль у квяцістых хустках з першай лаўкі. З іншага кутка святыні да іх далучаецца і мужчынскі голас.

Гэта — 86-гадовы Францішак Глухоўскі, які сядзіць па правы бок ад алтара, на «мужчынскіх» лаўках.

Касцёл у Засвіры па-ранейшаму захаваў падзел на мужчынскую і жаночую часткі: лаўкі злева ад алтара — для жанчын, па правы бок — для мужчын.

Міністрант з 40-гадовым стажам

«Раней збіралася людзей многа — ай-ай. А цяпер нікога няма, усе паміраюць», — падсумоўвае пасля Імшы Францішак Іосіфавіч.

«А як успомніш часы: у Шэметава на Імшу хадзілі пяшком, у дзве стараны — паўтары гадзіны. А пасля касцёла ідзеш — як на крыллях ляціш», — з агеньчыкам у вачах заключае мужчына.

Францішак Глухоўскі жыве ў Засвіры з 1962 года. З суседніх Корак калісьці ён пераязджаў у вёску Унукі, якая з часам увайшла ў склад Засвіра.

«Раней на Імшу ў Шэметава пяшком — паўтара гадзіны. Пасля касцёла ідзеш — як на крыллях ляціш»
«Раней на Імшу ў Шэметава пяшком — паўтара гадзіны. Пасля касцёла ідзеш — як на крыллях ляціш»

За плячыма ў Францішка Глухоўскага — 40 гадоў міністранцкага вопыту. Пачынаў ён у суседняй парафіі ў Шэметаве яшчэ ў 1975-ым.

«Цяпер здароўе ўжо не тое. Як бы не хацеў, а ўжо 86 гадоў, — уздыхае мужчына.

У руках спадара Францішка — папка з фотаздымкамі касцёла ў Засвіры, якія ён прынёс з хатняга архіву па нашай просьбе.

«Тутка во, на гэтай картачцы, я паслугую, а во — Гаромін паслугуіць. Гэта — знаёмая баба з Корак, а тут зноў я паслугую», — каментуе здымкі Францішак Іосіфавіч.

На іх застылі моманты з 1990-х: першыя набажэнствы ў засвірскім касцёле, першыя візітацыі іерархаў — Казімір Свёнтэк, Тадэвуш Кандрусевіч, Антоні Дзям’янка...

З гісторыі парафіі

Засвірскі касцёл, пабудаваны ў 1713–1714 гадах для айцоў кармэлітаў, за сваю гісторыю некалькі разоў закрываўся і перабудоўваўся. Упершыню — у 1866 годзе, пасля перадачы святыні праваслаўным.

Нямецкі лазарэт у кляштары падчас Першай сусветнай вайны (фота з архіва Уладзіміра Багданава)
Нямецкі лазарэт у кляштары падчас Першай сусветнай вайны (фота з архіва Уладзіміра Багданава)

У Першую сусветную ў засвірскім кляштары працаваў нямецкі лазарэт, памерлых жаўнераў хавалі акурат за касцёлам на спецыяльных могілках.

У 1919 годзе касцёл і кляштар аддалі католікам. Адным з першых пробашчаў парафіі стаў кс. Канстанцін Стаповіч (Казімір Сваяк), які якраз у Засвіры працаваў над дэбютным зборнікам паэзіі «Мая ліра».

У Другую сусветную вайну касцёл не зачыняўся. Закрылі святыню толькі ў 1947 годзе. З гэтага часу і да 1990-га года святыня і кляштар стаялі занядбанымі, пакуль сюды не прыехаў кс. Войцех Леманскі, які вырашыў аднавіць парафію.

«Да Камуніі рыхтавалі паўтара месяца»

У свае 79 гадоў пры алтары засвірскага касцёла дагэтуль прыслугоўвае і Іосіф Худы — сакрыстыянін і даўні старшыня касцёльнага камітэту. Цяпер на гэтай пасадзе яго змяніў пробашч, ксёндз Алег Мурзіч, які ў складзе першага набора духоўнай семінарыі ў Гродне 20 гадоў таму прыняў святарскае пасвячэнне і цяпер з'яўлецца пастырам у дзвюх парафіях — у Канстанцінаве і тут, у Засвіры. 

Міністрантам мужчына стаў 20 гадоў таму пасля выхаду на пенсію.

«Калісьці, перад самым закрыццём касцёла ў Засвіры ў 1947 годзе, яшчэ хлапцом мяне пасля Першай Камуніі ўзялі тут прыслугоўваць, але я паспеў пахадзіць толькі тры месяца. Закрылі святыню пад восень», — прыгадвае Іосіф Сідаравіч.

«Мая Першая Камунія была ў 1942 годзе яшчэ ў вайну, — дапаўняе суразмоўцу Францішак Глухоўскі. — Нас рыхтавалі паўтара месяца і экзамен я здаваў ксяндзу Кучынскаму».

Мужчына з гонарам дадае, што ў кс. Станіслава Кучынскага вучыліся лепшыя з дзяцей, а ў кс. Рамана Запашніка — слабейшыя.

«Я сядзеў вунь там у першай лаўцы. Дзяцей было многа, а займаўся з намі катэхет. Помню, перад заняткамі ён выходзіў да нас і на скрыпцы іграў „Кеды рано встаён зожэ“.

Тады ж нам раздавалі такія вось карткі са сцэнамі з Бібліі. Трэба было іх прачытаць і каляровымі крэйдкамі размаляваць. Я іх і сёння захоўваю, 45 штук», — паказвае Францішак Іосіфавіч.

Кляштар-школа і кляштар-магазін

З халодных муроў касцёла мы выходзім на вуліцу.

Іосіф Худы ўстаўляе замок у клямку на дзвярах і, павярнуўшы ў ім ключом, хавае той у кішэню. У Засвіры ўсе ведаюць, што ключы ад святыні захоўваюцца толькі ў яго: яшчэ адзін камплект — толькі ў пробашча, які жыве ў Канстанцінаве, за 13 кіламетраў ад Засвіра.

«Я, як на пенсію выйшаў, то мяне папрасілі быць сакрыстыянінам — Глухоўскі тады якраз хварэў, — нібы апраўдваючы свой паважаны статус, тлумачыць мужчына. — Важна жыць дзеля Бога. Мяне так некалі яшчэ мая матка вучыла».

Мы ідзём побач з руінамі былога кляштара кармэлітаў і мужчыны паказваюць, што знаходзілася ў ім, калі кляштар быў яшчэ цэлым.

«У вайну на Засвіра скінулі тры бомбы і тыя, хто страціў жыллё, перабраліся сюды жыць», — уводзяць у курс справы Сідаравіч і Іосіфавіч.

«Адна з бомбаў звалілася ў вёсцы на пагурку, дзе стаялі хаты. Адной бабе нагу параніла, другую забіла. Мой дзядька страціў хату і жыў вось тут на рагу кляштара. Налівайка такі», — згадвае Францішак Глухоўскі.

«Тут стаялі чатыры слупы і ганак. Тут — былі пакоі і саля. Тут жыў ксёндз Запашнік. Тут былі яго склады, тамака — склеп. Гэта кухня была. Ксяндзу гатавала кухарка, маленечкая такая — яна жыла ў асобным пакоі ў кляштары».

«Пазней тут была школа. Вось тут — вучыўся першы і другі клас, а тут — трэці і чацвёрты. А вунь там пры савецкай уладзе быў уладкаваны магазін...»

Пробашч, які аднаўляў касцёл: грошы на рамонт шукалі ў Польшчы і Канадзе
(урывак з неапублікаванага інтэрв'ю журналіста Catholic.by з кс. Войцехам Леманскім, 2012 год)

«У 1990-х я быў пробашчам у Свірскай, Засвірскай, Нястанішскай і Шэметаўскай парафіях.

Кожны раз, калі я ехаў са Свіра ў Шэметава на Імшу, праязджаў і праз Засвір, які знаходзіцца акурат пасярэдзіне.

Кс. Войцех Леманскі ў 1990-х падчас замены дахоўкі касцёла ў Засвіры (прыватны архіў, друкуецца ўпершыню)
Кс. Войцех Леманскі ў 1990-х падчас замены дахоўкі касцёла ў Засвіры (прыватны архіў, друкуецца ўпершыню)

Засвір, наколькі памятаю, у маім дэкрэце прапісаны не быў — будынкі касцёла і кляштара кармэлітаў стаялі ў руінах і аднаўляць іх ніхто не збіраўся.

Памятаю, як мы першы раз зайшлі ў касцёл. Святыня, па сутнасці, была цэлая. Маліцца ў ёй можна было хоць зараз, трэба было толькі расчысціць яе ад смецця і зрабіць рамонт.

Парафіяне дружна адгукнуліся на гэту прапанову. Поўныя энтузіязму і рашучасці дапамагаць людзі збіраліся на талаку. У хуткім часе, хоць касцёл і не быў адрамантаваны да канца, я ўжо цэлебраваў там на Імшу.

Працу парафіянаў ніхто не аплачваў. Дах, наколькі я памятаю, рамантавалі самі засвірцы. У гэтай вёсцы здаўна жылі добрыя майстры па працы з дрэвам і бляхай.

Ужо тады гэта была адна з самых маленькіх парафій. Парафіяне спрабавалі дапамагаць ахвяраваннямі, але тым не менш большая частка бюджэту ішла з-за мяжы: грошы на рамонт я шукаў у Польшчы і Канадзе.

У святыні была страшэнная вільгаць. Пасля вайны касцёл яшчэ паспелі накрыць гонтай, але за часы савецкага ліхалецця дах быў моцна пашкоджаны. Калі ішоў дождж ці снег, уся вільгаць трапляла ў святыню.

На хорах, дзе дах быў драўляны, усё выглядала не нашмат лепш — гнілыя дошкі амаль адваліліся. Яшчэ адно моцна пашкоджанае месца — гэта бабінец. Дах над ім быў цалкам зруйнаваны. Каб вільгаць і далей не нішчыла над ім скляпенні, мы накрылі яго рубероідам.

Крыж застаўся на святыні той, які і быў. Праўда, ён быў пахілены. Мы яго пачысцілі, памылі, прыстасавалі і ён застаўся на касцёле. Ніводнага абраза, ніякіх арганаў, ніякага начыння ці літургічнага адзення... Званоў таксама не было, прывозілі новыя.

З дзвюх кляштарных келляў, якія засталіся больш-менш захаванымі і амаль не разваліліся, мы зрабілі сакрыстыю. Калісьці, пасля бамбёжкі ў Другую сусветную вайну, людзі, якія страцілі жыллё і пасяліліся ў кляштары, самі разбіралі ў ім дах, каб было чым тапіць у печках.

Калі б яны той дах не чапалі, то кляштар быў бы цэлым і цяпер. Пазней жа там ужо ніхто не жыў, а цэгла расцягвалася на будаўнічыя патрэбы самімі вяскоўцамі».

* * *

Ксяндза Войцеха Леманскага засвірцы прыгадваюць з удзячнасцю.

«Я ў Шэметаве як быў, дык Войтэк кажыць: Франак, давай заедземся і палядзім ваш касцёл, — успамінае 86-гадовы Францішак Глухоўскі. — Заехаліся. Кажыць: Франак, будзем раманціраваць.

Кажу: што ты, ксёндз Кучынскі і ўсе казалі, што ўжо нічога тут ня будзіць. А ён кажыць: у першую очэрэдзь вокны зрабіць. Патрохі-патрохі так заязджаўся, а тады для нас на двары ўжо Імшу адпраўляў. То скора мы свой касцёл і аднавілі».

Абноўлена 18.06.2018 11:13
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа