Пошук

10.05.2023 12:50   Тэкст: Аляксандр Юркойць / Фота: Таццяна Кучэўская / Catholic.by

6 мая ў капліцы святога Яўхіма ў Клюшчанах (Гродзенская дыяцэзія, Астравецкі дэканат) адбылося набажэнства і культурнае мерапрыемства ў чарговыя ўгодкі смерці ксяндза Канстанціна Стаповіча — паэта Казіміра Сваяка.

Аддаць даніну памяці і павагі свайму сабрату і папярэдніку ў Клюшчаны завіталі пяць святароў з Астравеччыны і Пастаўшчыны, з памежжа дзвюх дыяцэзій: Гродзенскай і Віцебскай. У капліцы разам маліліся пробашч парафіі святога Міхала Арханёла ў Міхалішках ксёндз Анатоль Захарэўскі, які таксама апякуецца клюшчанскімі вернікамі, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Камаях (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат) ксёндз Яцэк Хутман, пробашч парафіі святога Юрыя ў Варнянах ксёндз Віктар Захарэўскі і айцец Аркадзь Куляха, кармэліт босы, пробашч парафіі Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі з з Гудагая. Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы ксёндз Аляксандр Баран, пробашч парафіі святога Андрэя апостала ў Лынтупах (Віцебская дыяцэзія, Пастаўскі дэканат).

У прамоўленай на Імшы гаміліі айцец Аркадзь, грунтуючыся на філасофскім дзённіку ксяндза Стаповіча, прадставіў духоўныя пошукі Кастусём дарогі да Бога.

Пасля Імшы гучалі ўзнёслыя вершы паэта Казіміра Сваяка пра Беларусь і Божы Провід над нашай гаротнай краінай, а таксама паэтычныя прысвячэнні роднаму краю ў выступах паэткі Алы Клемянок, Людмілы Кухарэвіч, літаратуразнаўцы Язэпа Янушкевіча, бардаў Андрэя Мельнікава і Алега Мізулы.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця