У суботу 28 мая ў Клюшчанах на Астравеччыне адбылася святая Імша і паэтычная імпрэза ў памяць пра ксяндза Канстанціна Стаповіча — святара і паэта, вядомага як Казімір Сваяк.
Клюшчаны — невялікая вёсачка на самым беларуска-літоўскім памежжы. У тутэйшай парафіі нёс святарскае служэнне ксёндз Канстанцін Стаповіч, які нарадзіўся непадалёк, у суседніх Баранях.
Сёлета ўжо ў 16-ы раз тут сабраўся «хаўрус сваякоў» — тых, для каго святар-паэт стаў вельмі блізкім, духоўна родным чалавекам.
Пяць гадоў таму згарэла драўляная клюшчанская святыня, у якой ён стагоддзе таму абвяшчаў Божае слова на роднай мове, здзяйсняў Эўхарыстычную Ахвяру, хрысціў і спавядаў, але захавалася плябанія, дзе калісьці збіраўся ягоны «хаўрус сваякоў», а сёння збіраюцца на малітву нешматлікія мясцовыя парафіяне на чале са сваім пробашчам ксяндзом Анатолем Захарэўскім, Пасля пажару тут была абсталявана невялікая, але ўтульная капліца, на коміне якой жывуць буслы.
Сёння першымі «сваякамі» ксяндза Стаповіча, напэўна, з’яўляюцца яго браты ў святарстве і наступнікі на ніве Пана — святары з навакольных парафій, якія працягваюць ягоную справу. Здзейснілася мара Казіміра Сваяка, і святую Імшу за яго яны цэлебравалі па-беларуску, што ў тыя часы мог уявіць сабе толькі летуценнік, паэт і рамантык.
Але ксёндз Стаповіч быў не летуценнікам, а, хутчэй, прарокам, якому Бог прыадчыніў вакенца ў будучыню і даў заданне гэтую будучыню рыхтаваць сваім служэннем і ахвярай жыцця, а таксама дадзеным яму талентам паэтычнага слова.
Узначаліў цэлебрацыю святой Імшы дэкан Мядзельскі ксёндз канонік Багуслаў Маджэеўскі, пробашч парафіі святога Мікалая, біскупа, у Свіры. Менавіта на тэрыторыі колішняга Свірскага дэканату пераважна і нёс сваё святарскае служэнне ксёндз Канстанцін Стаповіч. Гамілію падчас Эўхарыстыі прамовіў айцец Аркадзь Куляха, кармэліт босы з Гудагая, для якога творчасць Казіміра Сваяка адкрыў калісьці святой памяці прафесар Адам Мальдзіс, таксама ўраджэнец Астравеччыны. Святар прызнаўся, што для яго, паляка, гэта былі першыя сур’ёзныя крокі ў беларушчыне.
Хоць прамаўляў гамілію айцец Аркадзь, але ўдзельнікі чулі з ягоных вуснаў словы ксяндза Канстанціна Стаповіча, які дзякуючы багатай паэтычна спадчыне не перастае абвяшчаць Божае слова сваім суайчннікам нават амаль праз стагоддзе пасля свайго адыходу з гэтага свету.
«Я несмяртэльны нават і ў магіле», — працытаваў прарочыя словы святара і паэта айцец Аркадзь.
Ён падкрэсліў што, Казімір Сваяк пакінуў нам «слова паэзіі, якое падымае наш настрой і дух, якое паказвае нам, што жыццё чалавечае — гэта не толькі тое, што матэрыяльнае, і што культура ў жыцці кожнага чалавека — гэта адна з істотных рысаў ягонага існавання на зямлі.
Вучыць нас святой памяці ксёндз Канстанцін Стаповіч, каб мы за ўсё ў нашым жыцці былі ўдзячныя Пану Богу. Але вучыць таксама аб тым, што надарма шукае лёсу і долі той, хто ў сэрцы і ў душы не мае Бога», — адзначыў кармэліт.
Крыху перафразаванымі словамі паэта-святара ён і завяршыў гамілію: «Не рань свайго сэрца, не бойся нічога: усё прамінае — усё, апроч Бога».
Сярод прысутных у Клюшчанах святароў быў таксама ксёндз Яцэк Хутман, пробашч парафіі святога Яна Хрысціцеля ў Камаях, што на Пастаўшчыне. Менавіта там у 1915 годзе распачаў сваё святарскае служэнне ксёндз Стаповіч.
Сёлетняя сустрэча «хаўрусу сваякоў», у якім ксёндз Яцэк — адзін са «старажылаў», праходзіла ў Клюшчанах напярэдадні 50-годдзя з дня яго нараджэння.
Удзельнікі, у тым ліку і ягоныя парафіяне, шчыра павіншавалі камайскага пробашча з юбілеем, пажадаўшы яму шчодрых Божых ласкаў на нялёгкім святарскім шляху.
Пасля святой Імшы адбылася паэтычная імпрэза, на якой мясцовы жыхары і госці, католікі і праваслаўныя, старэйшыя і малыя чыталі вершы Казімра Сваяка.
Чыталі ўдумліва і пранікнёна, шчыра і без пафасу, як чытаюць Божае слова, як прамаўляюць словы малітвы.
Завяршылася сустрэча супольным пасілкам у колішняй вялікай зале плябаніі, дзе старыя кафельныя печы памятаюць сустрэчы «хаўрусу сваякоў», што праходзілі тут стагоддзе таму.