Пошук

17.06.2019 11:19   Тэкст і фота: Мікола Гракаў / Catholic.by

 

16 чэрвеня, ва ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы, вернікі ў Засвіры (Мядзельскі дэканат) адзначылі парафіяльны адпуст і прывіталі ў сваёй святыні фігуру святога Арханёла Міхала, што працягвае сваю перэгрынацыю па краіне.

Нябесны заступнік Касцёла на Беларусі прыбыў у засвірскую парафію ва ўрачыстасць тытула касцёла. Вернікі гэтай старадаўняй каталіцкай супольнасці, з унікальнай гісторыяй якой мы пазнаёмілі нашых чытачоў у спецыяльным матэрыяле, годна падрыхтаваліся да сустрэчы. Хоць іх тут засталося і няшмат, але ў гэты дзень святыня не пуставала і выглядала па-святочнаму.

У касцёл прыйшлі амаль усе мясцовыя жыхары, хоць многім з іх дарога да святыні даецца ўжо няпроста: большасць з іх людзі саліднага ўзросту.

Да іх далучыліся госці: тыя, хто памятае пра свае карані і вяртаецца ў свой родны кут часам здалёк, каб тут у шчырай малітве праславіць Бога і прасіць у Яго патрэбныя ў жыцці ласкі.

Задоўга да прызначанага часу яны сабраліся перад святыняй. Прыгожа, па-святочнаму апранутыя, стаялі яны на акуратна пакошаным прыкасцёльным цвінтары, ціха гамонячы пра сваё жыццё-быццё і прыгадваючы тых, хто ўжо адышоў у вечнасць. Некалькі старэйшых жанчын гарталі свае напісаныя ад рукі спеўнікі-малітоўнікі, шукаючы і выбіраючы адпаведныя нагодзе спевы. Не знайшоўшы песні пра святога Міхала, заспявалі сваю любімую: «Сардэчна Маці…»

 

Пад яе гукі ўнеслі фігуру Арханёла праз нізкія і вузкія дзверы барбакана, які ў старадаўнія часы павінен быў абараняць уваход у касцёл ад тых, хто прыходзіў сюды са злымі намерамі. Але ніякія абарончыя збудаванні не ў стане абараніць душы ад таго зла, якое імкнецца пасеяць у іх спакушальнік — злы дух, што падманам звёў першых людзей Адама і Еву, схіліўшы іх да граху.

Абарону ад яго нападаў дае толькі давер да Бога, падпарадкаванне Яго святой волі, жыццё паводле запаведзяў, а таксама магутнае заступніцтва Багародзіцы, анёлаў і святых.

Святы Міхал — надзейны абаронца хвалы Найвышэйшага Бога, праганяе дэманаў і не дае ім завалодаць душамі вернікаў, якія просяць яго магутнай абароны ў змаганні супраць спакусаў і пастак злога духа.

Міністранты ў чыстых комжах — нібы анёлы святла з белымі крыламі. У Засвіры, як мала дзе, відаць сувязь пакаленняў у літургічнай службе: пры алтары хлопцы і старэйшыя мужчыны стаяць побач, годна, спраўна і з гонарам выконваючы свае пачэсныя функцыі. У іх атачэнні асабліва ўрачыста выглядае фігура Арханёла з італьянскага санктуарыя Гаргана.

Арханёл Міхал — князь нябеснага войска, незлічоных хораў анёлаў, якія ўсклікаюць «Святы, святы, святы» адзінаму ў Трох Асобах Богу. І вернікі, якія ў дзень парафіяльнай урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы сабраліся ў засвірскім касцёле, узнеслі сэрцы ўгору і з’ядналі свае галасы з хорам нябесных духаў, аддаючы хвалу Тройчы Святому Богу: Айцу і Сыну, і Духу Святому.

Абноўлена 17.06.2019 11:20
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.