Пошук

30.09.2024 12:15   Тэкст і фота: Алена Маціеўская / Catholic.by

У нядзелю 29 верасня ў касцёле святога арханёла Міхала ў Гатаве, што пад Мінскам, адзначылі адпустовую ўрачыстасць і 20-годдзе парафіі.

У гатаўскай парафіі святога арханёла Міхала нясуць служэнне ксяндзы міхаліты — святары з Кангрэгацыі святога Арханёла Міхала. Пробашч парафіі ксёндз Аляксандар Ашмянчук CSMA прывітаў усіх прысутных і павіншаваў з 20-годдзем парафіяльнай супольнасці. У дзень урачыстасці цэлебрацыю святой Імшы ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Іерарх перадусім павіншаваў міхалітаў, якія нясуць служэнне ў архідыяцэзіі, а таксама ўсіх парафіянаў з круглай гадавінай з часу заснавання супольнасці.

Біскуп Касабуцкі ўзгадаў усіх святароў, якія неслі і нясуць служэнне ў Гатаве.

Іерарх звярнуў увагу на тое, што парафія святога арханёла Міхала з’явілася дзякуючы веры людзей.

Біскуп зазначыў, што сам стаў сведкам нараджэння парафіі ў Гатаве.

Ён узгадаў, як 20 гадоў таму прыехаў праводзіць рэкалекцыі ў толькі што заснаваную парафію, якая ў той час збіралася для малітвы ў кватэры шматпавярховага дома. З таго часу амаль штогод біскуп Касабуцкі з радасцю прыязджае ў госці да гатаўскіх вернікаў і назірае за хуткім развіццём парафіяньнай супольнасці.

Генеральны вікарый архідыяцэзіі падзякаваў айцам міхалітам, асаблівым чынам пробашчу гатаўскай парафіі ксяндзу Аляксандру за бадзёрасць, ветлівасць, адданае служэнне і стварэнне сапраўднай сямейнай атмасферы сярод вернікаў.

Іерарх падкрэсліў, што, нягледзячы на малады ўзрост супольнасці, сапраўдны і моцны Касцёл ужо пабудаваны ў сэрцы кожнага парафіяніна.

Моладзевы гурт «Міхаэлькі» з парафіі Маці Божай Ружанцовай, што ў Лошыцы, далучыўся да віншаванняў і правёў адарацыю Найсвяцейшага Сакрамэнту. У перапоўненай вернікамі капліцы сапраўдную прыгажосць святу дадавалі дзеці, якія былі апранутыя ў касцюмы анёлаў, і спеў парафіяльнага хору.

Пасля ўрачыстай святой Імшы ўсе сабраліся пры супольным стале, каб разам папіць гарбаты, пачаставацца салодкімі прысмакамі, а таксама паглядзець альбомы з фотаздымкамі гатаўскай парафіі і паслухаць цікавыя гісторыі сведкаў заснавання парафіяльнай супольнасці.

 
Абноўлена 30.09.2024 12:51
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа