100-м месцам, дзе сустрэлі спісы найбольш шанаваных на нашай зямлі цудадзейных абразоў Найсвяцейшай Панны Марыі, стала парафія нябеснага апякуна Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Касцёла на Беларусі — святога Міхала Арханёла ў Гатаве (дэканат Мінск-Усход).
Амаль за тры гады перэгрынацыі спісаў Марыйных абразоў па розных парафіях Беларусі (і некаторых замежжа) колькасць няспыннай малітвы перад цудадзейнымі выявамі Багародзіцы налічвае больш за 1000 дзён. А адлегласць паміж парафіямі (ад касцёла да касцёла), дзе ўжо вернікі ўшаноўвалі абразы, складае каля 16174 км. Цяпер завяршаецца перэгрынацыя па Мінска-Магалёўскай архідыяцэзіі і скіроўваецца ў сталіцу — Мінск.
Так, суботнім вечарам 20 красавіка абразы ў сваёй капліцы віталі гатаўскія вернікі на чале са сваім душпастырам ксяндзом Аляксандрам Ашмянчуком CSMA.
Тыднем раней цудадзейныя выявы Божай Маці гасцілі ў новапабудаваным бярэзінскім касцёле Маці Божай Міласэрнасці, кансэкрацыя якога запланавана на 8 чэрвеня.
«Заўсёды візіт Марыі ў форме перэгрынацыі для кожнай парафіі — вялікая духоўная падзея, якая ўзбагачае мясцовых вернікаў. Гэта — сувязь з тымі санктуарыямі і святымі месцамі, дзе стагоддзямі ўшаноўваюць Божую Маці шматлікія вернікі.
Сёння толькі пачатак, а таму нас чакае доўгая пілігрымка, знаёмства з кожным абразом Адзінай Найсвяцейшай Панны Марыі, якая ў розныя часы і ў розных месцах аб’яўлялася нашаму народу, каб ў патрэбны час асаблівым чынам кожнага атуліць сваёй апекай», — зазначыў пробашч парафіі.
Духоўны кіраўнік перэгрынацыі ксёндз Станіслаў Станеўскі CSsR, які на прыцягу ўсяго часу суправаджае спісы Марыйных абразоў, звярнуўся да прысутных з заклікам зірнуць на кожную выяву Святой Маці, дзе амаль на ўсіх абразах Марыя паказвае на Езуса, бо Ён — наша збаўленне.
«Марыя — Маці, Якая клапоціцца пра сваіх дзяцей; Яна нястомна хоча дапамагчы нам», — дадаў куратар перэгрынацыі.
Спісы цудадзейных абразоў прабудуць ў аргагарадку Гатава ў касцёле святога Міхала Арханёла да 3 мая. А 19-й гадзіне вечара там адбудзецца Імша падзякі.