1 кастрычніка ў аграгарадку Гатава (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія, дэканат Мінск-Усход) адзначылі ўрачыстасць у гонар апекуна мясцовай каталіцкай парафіі святога Міхала Арханёла.
З гэтай нагоды ўрачыстую цэлебрацыю святой Імшы ў парафіяльнай капліцы ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Напачатку пробашч гатаўскай парафіі ксёндз Аляксандар Ашмянчук CSMA прывітаў усіх прысутных, адзначыўшы, што ў гэты дзень у парафіянаў было некалькі прычын для радасці.
Перадусім святар узгадаў, што акурат дзесяць гадоў таму тагачасны Мінска-Магілёўскі Мітрапаліт арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пасвяціў у Гатаве капліцу і благаславіў фігуру святога Арханёла Міхала, прывезеную з італьянскага санктуарыя ў Гаргана ксяндзамі міхалітамі, якія ад пачатку апякуюцца парафіяй.
З таго часу штоаўторак у капліцы адбываюцца набажэнствы да святога Арханёла Міхала, а ў кожны першы аўторак месяца адбываецца адмысловае набажэнства з просьбай аб вызваленні ад залежнасцяў і ў гэтай інтэнцыі цэлебруецца святая Імша. Пробашч заахвоціў прысутных далучацца да супольнай малітвы ў гэтых інтэнцыях.
Яшчэ адной радаснай падзеяй для вернікаў стаў 25-гадовы юбілей манаскага жыцця сястры Альбэрты Бяляевай з кангрэгацыі сясцёр аблічанак, якія ўжо на працягу пяці гадоў нясуць служэнне ў гатаўскай парафіі.
Нарэшце, у дзень парафіяльнай урачыстасці арцыбіскуп Юзаф Станеўскі ўдзяліў сакрамэнт канфірмацыі васьмярым маладым парафіянам.
У прыгожа аздобленай кветкамі капліцы хораша спяваў парафіяльны хор, а дзеці былі апрануты ў касцюмы анёлаў, што надавала святу асаблівую атмасферу. Пасля святой Імшы парафіянаў і гасцей павіншаваў спевам моладзевы гурт «Міхаэлькі» з парафіі Маці Божай Ружанцовай у Лошыцы, што пад Мінскам.
На заканчэнне святкавання гасцінныя гатаўскія вернікі запрасілі ўсіх прысутных разам папіць гарбаты і пачаставацца прысмакамі ўласнага вырабу.