Пошук

31.10.2022 10:10   Паводле: Марыя Пахомчык / ave-maria.by

«Што раньш было» — пад такім тытулам пабачыла свет у рэдакцыйна-выдавецкай установе Віцебскага дзяржуніверсітэта імя Пятра Машэрава кніга пастаяннага аўтара часопісаў «Наша вера» і «Ave Maria» пісьменніка Франца Сіўко (Францішка Дубраўскага).

Як паведамляецца на сайце часопіса «Ave Maria», гэта зборнік, аснову якога складаюць нарысы краязнаўчага характару, агучаныя аўтарам падчас Міжнародных навукова-практычных канферэнцый «Віцебскі край» у 2021–2022 гадах. Усе яны, як і далучанае да іх апавяданне «Манерка», тэматычна звязаныя з малой радзімай пісьменніка — Мёршчынай — і прысвечаныя сацыяльна-этнаграфічнаму ракурсу існавання некаторых яе населеных пунктаў — як яшчэ жывых, так і ўжо, на жаль, зніклых — ад часоў даўнейшых да сённяшняга дня.

Багата ілюстраванае фотаздымкамі выданне разлічана не толькі на землякоў аўтара, але і на ўсіх, каму цікавая айчынная гісторыя, у тым ліку і гісторыя Касцёла.

Значная частка старонак зборніка так ці інакш закранае тэму веры ў жыцці нашых суайчыннікаў.

Гэта відаць, напрыклад, у эсэ «„Куба“ — любоў мая», дзе падаюцца штрыхі рэлігійнага жыцця вёскі Міжрэчча і яе ваколіц, ці ў артыкуле «Тапонімы ніжняга цячэння ракі Вяты ў даўнейшых і сучасных спісах, даведніках, слоўніках і сродках масавай інфармацыі», дзе, апроч апісання і выяваў пабудаванай на пачатку 30-х гадоў мінулага стагоддзя капліцы святога Яна Хрысціцеля ў вёсцы Вяце, змяшчаюцца цікавыя здымкі вокладкі рарытэтнага (1938 года выдання) парафіяльнага календара Лявонпальскай парафіі, якая паводле тагачаснага тэрытарыяльнага падзелу адносілася да Мёрскага дэканата Віленскай Мітраполіі.

Адзін з артыкулаў наогул цалкам прысвечаны жыццю Касцёла.

Гэта даследаванне паводле прысвечанай каталіцкім святыням і парафіям Віцебшчыны трэцяй часткі рэпрынтнага выдання 2001 года працы Дыянізія Банчкоўскага і Фрыдрыха Язафата Жыскара «Нашы касцёлы».

Той яе часткі, што рэпрэзентуе гісторыю парафій тагачаснай Магілёўскай архідыяцэзіі, некаторыя з якіх сёння належаць да Віцебскай дыяцэзіі, а некаторыя тэрытарыяльна належаць да Расійскай Федэрацыі (Невель, Веліж, Себеж) або Латвіі (Прыдруйск, цяпер — Педруя). Стан касцёлаў і іх парафіяльнага жыцця, узаемадачыненні вернікаў розных канфесій, родная мова ў штодзённым і касцёльным жыцці нашых продкаў — усё гэта аналізуецца аўтарам уважліва і аб’ектыўна.

Выдадзеная невялікім накладам кніга «Што раньш было» найперш трапіць у бібліятэкі. Чытачы, якія аддаюць перавагу электронным выданням, знойдуць яе тэкст на сайце Мёрскай раённай бібліятэкі. Прэзентацыя выдання адбудзецца ў Віцебскай абласной бібліятэцы 10 лістапада а 16-й гадзіне.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.