Пошук

26.11.2018 12:58   Мікола Гракаў / Catholic.by

25 лістапада ў Дабраўлянах (Смаргонскі раён) з удзелам біскупа Юрыя Касабуцкага ўрачыста адзначылі 25-годдзе асвячэння капліцы святых апосталаў Пятра і Андрэя.

Дабраўляны — маёнтак, вядомы з XVI ст., які належаў прадстаўнікам розных шляхецкіх родаў Вялікага Княства Літоўскага.

У 1818 г. Дабраўляны набыў граф Адам Гюнтэр, бацька вядомай польскамоўнай паэткі, пісьменніцы і мемуарысткі Габрыэлі Пузыні. Да шлюбу Габрыэля жыла ў бацькавым маёнтку, дзе бывалі такія дзеячы культуры, як Ігнат Ходзька (пазней ён адрэдагаваў і давёў да друку яе першы паэтычны зборнік «У імя Божае»), Антоні Эдвард Адынец (пазней літаратурны радца і сябра паэткі), Ян Дамель, Юліян Корсак, Ян Рустэм, Андрэй Снядэцкі, Марыя Шыманоўская, Тамаш Зан. У дабраўлянскім палацы, які не захаваўся, была таксама і хатняя капліца.

Цудоўны дабраўлянскі палац не пашкадаваў час: унікальны помнік беларускай архітэктуры загінуў у віры трагічных падзеяў ХХ стагоддзя — дзвюх сусветных войнаў і савецкай калгаснай безгаспадарчасці. Аднак сярод пабудоваў сядзібы Гюнтэраў, якія ў міжваенны перыяд выкарыстоўваліся як вязніца, захаваўся і будынак, прыстасаваны пад капліцу.

Капліца ў Дабраўлянах у дзень асвячэння 30 лістапада 1993 г. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мароз.
Капліца ў Дабраўлянах у дзень асвячэння 30 лістапада 1993 г. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мароз.

Гэты будынак на пачатку 90-х гадоў быў адноўлены мясцовымі вернікамі разам з тагачасным свірскім пробашчам кс. Войцехам Леманскім. Капліца была асвячана ў гонар святых апосталаў Пятра і Андрэя арцыбіскупам Мінска-Магілёўскім і будучым кардыналам Казімірам Свёнткам у свята св. Андрэя, апостала, 30 лістапада 1993 г. Цяпер у ёй кожную нядзелю збіраюцца на св. Імшу вернікі з навакольных вёсак: Дабраўлянаў, Завідзінентаў, Пазборцаў, Хведзевічаў, Міхнічаў, Лявонавічаў і Мізулічаў.

Вернікі чакаюць арцыбіскупа Казіміра Свёнтка. 30 лістапада 1993 г. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мароз.
Вернікі чакаюць арцыбіскупа Казіміра Свёнтка. 30 лістапада 1993 г. Фота з сямейнага архіву Людмілы Мароз.

Традыцыйна жыхары гэтай мясцовасці былога Свянцянскага павету даўняй Віленшчыны належалі да парафіі ў Свіры. І сёння мясцовымі вернікамі духоўна апякуецца пробашч парафіі св. Мікалая, біскупа, у Свіры кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі, дэкан Мядзельскі. Шчыра прывітаўшы ў дабраўлянскай капліцы ўсіх мясцовых вернікаў і гасцей, а перадусім Генеральнага вікарыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскупа Юрыя Касабуцкага, душпастыр папрасіў іерарха, які з’яўляецца даўнім сябрам свірскай парафіі, узначаліць цэлебрацыю ўрачыстай св. Імшы. Перад пачаткам цэлебрацыі іерарха ў вершаванай форме прывітала таксама моладзь.

Біскуп Юрый у скіраваным да вернікаў слове асаблівым чынам засяродзіўся на духоўным вымярэнні Хрыстовага Валадарства.

«Валадарства Хрыста — гэта не нейкая тэрыторыя, а перадусім унутраны стан; адносіны да Бога і да бліжняга, у якіх пануе не эгаізм і пошук свайго, а адкрытасць, прабачэнне і любоў», — падкрэсліў іерарх.

    

Ён дадаў, што, хоць Божае Валадарства вечнае і непераможнае, аднак сілы зла заўсёды вялі і вядуць з ім змаганне, імкнучыся адвесці ад яго як мага больш чалавечых душаў. Калі ў савецкія часы ваяўнічага атэізму гэтае змаганне было адкрытым, то цяпер яно набывае больш замаскаваныя, але не менш небяспечныя формы. Хаваючыся за прыгожымі лозунгамі, зло насамрэч імкнецца зняволіць чалавека пыхаю, эгаізмам, імкненнем жыць толькі для сябе, не лічачыся з Божымі законамі і з іншымі людзьмі. У гэтую пастку часам трапляюць таксама і вернікі.

«Калі чалавек нячаста прыходзіць у касцёл, калі не прымае рэгулярна святых сакрамэнтаў, Божая ласка як быццам цячэ міма яго, не прыносячы плёну ў ягоным жыцці. Між тым Валадарства Хрыста адкрытае для ўсіх; у Валадара Сусвету хопіць ласкі для кожнага: галоўнае, каб мы не адварочваліся ад яе.

Тут, у гэтай капліцы, асвячанай 25 гадоў таму, вас заўсёды чакае Хрыстус, Валадар Сусвету, каб шчодра адорваць сваімі ласкамі», — сказаў пастыр сабраным у капліцы вернікам.

Пасля святой Імшы спадарыня Людміла Мароз, прадстаўніца мясцовых вернікаў у касцёльным камітэце свірскай парафіі, выказала словы шчырай падзякі біскупу Юрыю, які падзяліў з імі радасць 25-годдзя асвячэння капліцы, а таксама душпастырам — кс. пробашчу Багуславу Маджэеўскаму і кс. вікарыю Міхалу Бубену.

На заканчэнне ўрачыстасці на цвінтары перад капліцай быў благаслаўлёны спецыяльна ўсталяваны ў памяць юбілею крыж, з якога Езус Хрыстус — Валадар Сусвету — благаслаўляе працавіты і сціплы люд, які жыве ў гэтым маляўнічым куточку сярод лясоў і азёраў беларускай зямлі.

Абноўлена 26.11.2018 14:24
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа