Пошук

07.10.2024 14:30   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Юрый Чупрэта / Catholic.by

У нядзелю 6 кастрычніка ў капліцы Маці Божай Вастрабрамскай у Падліпках, што на тэрыторыі Адэльскай парафіі (Гродзенская дыяцэзія, дэканат Гродна-Захад) ўрачыста адзначылі 25-гадовы юбілей з часу яе пасвячэння.

У будынку, які чвэрць стагоддзя таму стаў святыняй для мясцовых вернікаў, калісьці месціўся вясковы клуб. Ператвораны ў капліцу, ён стаў месцам сустрэчы чалавека з Богам.

У святкаванні срэбранага юбілею па запрашэнні пробашча парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Адэльску ксяндза каноніка Віктара Мыслюка ўзялі ўдзел ураджэнец гэтых мясцін арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч і біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй, які толькі тыдзень таму змяніў на гэтай пасадзе першага пастыра Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Аляксандра Кашкевіча.

Словы віншавання з гэтай нагоды яму скіраваў арцыбіскуп Кандрусевіч. Заслужаны іерарх падкрэсліў сімвалічнасць таго, што першую ўрачыстасць у якасці пастыра Гродзенскай дыяцэзіі біскуп Гуляй узначаліў менавіта на радзіме і ў прысутнасці першага біскупа ў сучаснай гісторыі Касцёла ў Беларусі.

Арцыбіскуп адзначыў, што тут, на адэльскай зямлі, пачынаўся яго жыццёвы шлях, і тут цяпер пачынаецца шлях пастырскага служэння новага Гродзенскага біскупа.

Іерархаў і пробашча хлебам-соллю сустрэлі на парозе святыні мясцовыя вернікі. Напачатку біскуп Гуляй благаславіў капіліцу з выявай Маці Міласэрнасці над уваходам, акрапіўшы яе і ўсіх прысутных асвячонай вадой, пасля чаго ўзначаліў цэлебрацыю святой Імшы.

Гамілію прамовіў арцыбіскуп Кандрусевіч. У ёй заслужаны іерарх напачатку засяродзіўся на евангельскім аповедзе пра мытніка Закхея, які хацеў убачыць Езуса, але з-за малога росту для гэтага быў вымушаны залезці на дрэва. Гэты эпізод стаў пераломным у жыцці грэшніка Закхея, які сустрэў Езуса і Ягоную збаўчую ласку.

«Святкуючы срэбраны юбілей з часу пасвячэння капліцы ў Падліпках, можам сказаць, што 25 гадоў таму Хрыстус сказаў, што хоча быць у гэтым месцы. Тагачасны пробашч адэльскай парафіі ксёндз Ян Казак пачуў гэты голас і распачаў старанні з мэтай атрымаць будынак былога клуба, каб перарарабіць яго пад капліцу», — узгадаў гісторыю з’яўлення святыні ў Падліпках арцыбіскуп.

«Мы будуем касцёлы і капліцы не толькі для таго, каб яны ўпрыгожвалі нашыя гарады і вёскі, але перадусім для таго, каб у іх сценах з нашых сэрцаў, як з жывых цаглінак, будаваць жывы Касцёл — Містычнае Цела Хрыста. Гэтая будоўля ажыццяўляецца праз слуханне Божага слова, катэхіцазыю, удзел у сакрамэнтах, перадусім у Эўхарыстыі, і іншых праявах касцёльнага жыцця», — заўважыў заслужаны іерарх. Ён дадаў, што гэтая нерукатворная святыня будзе пасвячана напрыканцы часоў, у дзень другога прыйсця Хрыста.

«Цяпер у гэтай капліцы адбываецца сустрэча чалавека з Богам на зямлі. Сустрэча з Ім напрыканцы часоў заклікае нас да адпаведнай падрыхтоўкі да гэтага, што і адбываецца ў Касцёле», — падкрэсліў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Пры гэтым ён звярнуў увагу на тое, што ў жыцці людзей, на жаль, часта няма месца для Бога, але затое шмат розных негатыўных з’яваў, якія перашкаджаюць сустрэчы з Хрыстом.

«Перад тым, як гэтая капліца была пасвячана, будаўнічыя павінны былі перарабіць і прыстасаваць будынак былога клуба для сакральнага выкарыстання. Падобна павінна быць і з нам: мы павінны дастасаваць нашыя душы для таго, каб у іх знаходзіўся Бог», — заахвоціў прысутных іерарх.

На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў вернікам Падліпак, каб юбілей 25-годдзя з часу пасвячэння капліцы дапамог ім адчыніць дзверы сэрцаў для Бога і дастасаваць сваё жыццё да патрабаванняў Евангелля, «каб Божае збаўленне дасягнула нас, як калісьці Закхея, і ў вечнасці мы былі прынятыя ў супольнасць святых у трыумфуючым Касцёле Божага Валадарства».

На заканчэнне святой Імшы адбылася Эўхарыстычная працэсія вакол капліцы, якая завяршылася ўрачыстым спевам гімна на хвалу Богу з падзякаю за 25-годдзе з часу з’яўлення гэтай маленькай вясковай святыні.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця