Пошук

21.10.2024 11:01   Catholic.by

21 кастрычніка спаўняецца 110 гадоў з дня нараджэння кардынала Казіміра Свёнтка, першага арцыбіскупа Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага і Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, Сведкі веры. З гэтай нагоды Старшыня ККББ арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе Слова да духавества і вернікаў.

«Памятайце пра вашых настаўнікаў, якія абвяшчалі вам Божае слова, і разважаючы пра канец іхняга жыцця, наследуйце іх веру» (Гбр 13, 7).

Вашы Эксцэленцыі, вялебныя браты ў святарскім і дыяканскім служэнні,
паважаныя сёстры і браты законныя, семінарысты,
браты і сёстры,

аўтар Паслання да Габрэяў, дбаючы пра іх духоўнае сталенне, нагадвае ім пра абавязак пашаны да іхніх настаўнікаў. Прынамсі так мы чытаем у перакладзе гэтага тэксту на беларускую мову. З кантэксту заключнага настаўлення, змешчанага ў Пасланні, вынікае яшчэ большае кола асобаў, да якіх мы можам звяртацца «настаўнік»: той, хто дапамог зразумець задачу, навучыў невядомым прыёмам, падзяліўся жыццёвым вопытам і гэтак далей.

21 кастрычніка 2024 года прыпадае 110 гадавіна з дня нараджэння вялікага настаўніка Каталіцкага Касцёла на Беларусі кардынала Казіміра Свёнтка — Сведкі веры.

Асоба святой памяці кардынала Казіміра Свёнтэка добра знаёмая нам, старэйшым, тым каму пашанцавала з ім сустрэцца і размаўляць, а нават і працаваць. Многія з тых, каму давялося быць знаёмым з кардыналам, выказваюць сваё захапленне гэтым чалавекам. Дзякуй Богу, ёсць нямала выданняў і розных матэрыялаў пра першага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага, першага кардынала сучаснай Беларусі, першага Старшыню Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі і нават першага біскупа эмэрыта ў нашай краіне, аднак перадусім — Сведкі веры.

Кардынал Казімір Свёнтэк адышоў па ўзнагароду вечнага жыцця 21 ліпеня 2011 года. Пахаваны, згодна з яго апошняй воляй, у крыпце катэдральнага касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, дзе доўгія дзесяцігоддзі нёс святарскае і пастырскае служэнне як пробашч, а потым як Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі.

Браты і сёстры, з нагоды дня нараджэння гэтага вялікага чалавека, святара, арцыбіскупа і кардынала, перадусім хрысціяніна, згодна з наказам з Паслання да Габрэяў, будзем дзякаваць Богу за дар яго доўгага жыцця і прыклад непахіснай веры. Будзем маліцца аб супакоі вечным для яго.

Звяртаюся таксама да сведкаў жыцця кардынала, да святароў, катэхэтаў, каб у гэтыя дні ладзіць пры парафіях нашай краіны вечарыны памяці. Я ўпэўнены, што багаты вопыт жыцця гэтага чалавека, падтрыманы жывым словам успамінаў пра яго, дапаможа наследаваць яго веру ў сучасным свеце. Мяркую, што кожны зможа найсці ў прыкладзе кардынала Казіміра Свёнтэка настаўніка для сябе.

Кажуць, што сённяшні свет патрабуе сведкаў веры, і вось цудоўны прыклад такога Сведкі з вялікай літары — кардынал Казімір Свёнтэк.

Юзаф Станеўскі

Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.