Пошук

18.06.2018 14:04   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віктар Ведзень, Świr i kościół świrski / архіў парафіі св. Мікалая ў Свіры / Catholic.by

17 чэрвеня урачыстай св. Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі, у Свіры (Мядзельскі дэканат) адзначылі 90-годдзе асвячэння касцёла св. Мікалая, біскупа.

У гэты дзень у роднай святыні сабраліся мясцовыя парафіяне, якія жывуць не толькі ў самім мястэчку, але і ў больш як двух дзясятках навакольных вёсак на тэрыторыі дзвюх вобласцяў — Мінскай і Гродзенскай — і трох раёнаў: Мядзельскага, Астравецкага і Смаргонскага.

Свірская парафія — унікальная, бо гэта, бадай што, адзіны ў Беларусі выпадак, калі традыцыйная тэрыторыя старажытнай парафіі была захаваная ў межах, вызначаных яшчэ ў Віленскай архідыяцэзіі.

                   

На пачатку ўрачыстасці нядаўна абраны старшыня новага складу касцёльнага камітэта Віктар Вяршыла шчыра прывітаў біскупа Юрыя Касабуцкага, якога добра ведаюць у Свіры. Іерарх ужо не раз падтрымліваў і настаўляў мясцовых вернікаў сваім пастырскім словам.

У 90-я ўгодкі асвячэння новага касцёла біскуп Юрый звярнуў увагу на тое, што, як у Хрыстовай прыпавесці пра Нябеснае Валадарства з маленькага зернейка гарчыцы вырастае вялікае дрэва, так з маленькага старажытнага касцёла ў Свіры вырасла прыгожая велічная базыліка.

Пры гэтым ён аддаў належнае кемлівасці і мужнасці мясцовых вернікаў, якія знайшлі спосаб выйсці са складанага становішча і фактычна пабудаваць новую святыню насуперак царскім уладам, што дазволілі толькі павялічыць стары касцёл.

Больш падрабязна пра гэта — у другой частцы нашага матэрыялу.

Да 90-й гадавіны асвячэння касцёла ў Свіры таксама праходзіць выстава ўраджэнца свірскай парафіі фотамастака Віктара Ведзеня «Дарогі, якімі мы Бога шукаем».

Віктар Ведзень з мамай і біскупам Юрыем Касабуцкім. Фота Міколы Гракава

Асобны яе раздзел прысвечаны леташняй перэгрынацыі фігуры Маці Божай Фацімскай у Свіры.

Гісторыя свірскай парафіі і касцёла ў датах і асобах

Свірская парафія, якая знаходзіцца на землях гістарычнага Віленскага краю, існуе з канца XIV ст., калі мясцовыя жыхары прынялі хрысціянства. Першы касцёл, драўляны, быў пабудаваны ў мястэчку ў 1452 г. і праіснаваў 200 гадоў. Мураваны касцёл у Свіры быў узведзены ў 1653 г. і асвячаны ў гонар св. Мікалая ў 1671 г.

Канец ХІХ – пачатак ХХ ст. быў на тэрыторыі Беларусі няпростым часам для католікаў. Царскія ўлады, якія непрыхільна ставіліся да ўсіх инославных, скасавалі шмат парафій на нашай зямлі, аб’яднаўшы іх у большыя.

У 1900 г. свірскім пробашчам і дэканам быў прызначаны кс. Казімір Валюнас. У сувязі з узрослай колькасцю вернікаў у парафіі перад ім паўстала складаная задача: пабудова новай святыні. Аднак царскія ўлады далі дазвол толькі на павелічэнне старога касцёла. У выніку святыня была значна разбудавана: новы касцёл памерамі ў некалькі разоў пераўзыходзіў стары, які ператварыўся ў трансепт — папярочную наву павялічанай святыні.

Працы, якія адбываліся за дабравольныя ахвяраванні мясцовых парафіянаў, былі канчаткова завершаны ў 1909 г.

Разам з пабудовай фактычна новага касцёла была ўзведзена таксама плябанія, якая захавалася да нашага часу і сёння выкарыстоўваецца ў якасці жылога дома. Менавіта тут адышоў у вечнасць кс. Казімір Валюнас, стагоддзе з дня смерці якога прыпадае сёлета 29 лістапада.

Паколькі лічылася, што касцёл быў толькі «часткова дабудаваны», у той час не ішла гаворка пра асвячэнне новай святыні.

З 1919 па 1928 г. пробашчам і дэканам у Свіры быў кс. Валяр’ян Голяк. Яго намаганнямі тут быў пабудаваны касцёльны дом, адбудавана вежа касцёла і распачата будаўніцтва новага вялікага алтара. У 1928 г. кс. Валяр’ян стаў пробашчам парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. 24 красавіка 1948 г. ён быў арыштаваны ворганамі НКУС і асуджаны на зняволенне, а 13 мая памёр у вязніцы ў Вілейцы.

У 1928 г. у Свіры кс. Валяр’яна змяніў кс. Юрый Жамэйць.

Неўзабаве пасля гэтага і амаль праз дваццаць гадоў пасля кардынальнай перабудовы свірскага касцёла 18 чэрвеня 1928 г. адбылося яго асвячэнне, якое здзейсніў тагачасны Віленскі арцыбіскуп Рамуальд Ялбжыкоўскі.

Ліцэнцыят філасофіі кс. Юрый Жамэйць быў таксама гісторыкам. Ён уклаў і ў 1930 г. выдаў кніжку на польскай мове, у якой апісаў гісторыю Свіры і мясцовага касцёла — Świr i kościół świrski. Яго праца з’яўляецца каштоўнай крыніцай звестак пра мінуўшчыну гэтага прыгожага старажытнага мястэчка над Свірскім возерам і была выкарыстана пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу.

З 1931 па 1938 г. дэканам і пробашчам у Свіры быў кс. Юзаф Жэро (Жаро). Гэты святар адышоў у вечнасць у дзень дзесяцігоддзя асвячэння новага свірскага касцёла і быў пахаваны каля святыні, дзе ўжо знаходзілася магіла яе аднавіцеля кс. Казіміра Валюнаса.

 

За год да драматычных падзеяў, звязаных з пачаткам Другой сусветнай вайны, душпастырам свірскіх вернікаў стаў кс. Казімір Шылэйка, які, як добры і верны пастыр, заставаўся са сваімі авечкамі ва ўсіх выпрабаваннях ажно да скону.

Ён адышоў у вечнасць 3 лютага 1960 г., але пахаваць святара каля касцёла, побач з яго папярэднікамі, не дазволіла савецкая ўлада, таму парэшткі кс. Казіміра знайшлі апошні прытулак на парафіяльных могілках.

Са смерцю гэтага душпастыра нармальнае рэлігійнае жыццё ў свірскай парафіі перарвалася амаль на тры дзесяцігоддзі…

Яшчэ на працягу года ў касцёле зрэдку цэлебраваў св. Імшу кс. Люцыян Хмялёвец з Канстанцінава, але ў 1961 г. улады прымусілі яго змяніць парафію, а касцёл у Свіры быў зачынены і ператвораны ў вытворчае памяшканне завода аптычнага прыборабудавання.

Клопат пра мясцовых вернікаў лёг на плечы шэметаўскага пробашча кс. інфулата Станіслава Кучынскага, якога ведала і любіла ўся тутэйшая акруга.

Толькі ў 1990 г. намаганнямі свірскіх католікаў, якія спрадвеку і да нашага часу складалі ў мястэчку большасць, святыня была зноў вернута парафіі.

З вялікім энтузіязмам усёю грамадою яны аднаўлялі свой касцёл, пабудаваны іх бацькамі, дзядамі і прадзедамі. У гэтай пачэснай і збаўленнай справе іх натхняў і падтрымліваў малады святар з Польшчы кс. Войцех Леманскі.

Дзякуючы яму не толькі святыня ў Свіры зноў стала домам Божым, але з’явіліся таксама капліцы ў дзвюх вёсках вялікай свірскай парафіі — у Страчы і Дабраўлянах.

Сёння душпастырскае служэнне ў свірскай парафіі св. Мікалая, біскупа, ужо больш за 20 гадоў нясе кс. канонік Багуслаў Маджэеўскі.

Дзякуючы яму ў касцёле былі адноўлены алтары, а таксама няспынна вядзецца бягучы рамонт, які ў святыні такіх памераў практычна ніколі не спыняецца.

Не спыняецца ні на момант і будаўніцтва нерукатворнай святыні — святыні Божага народа, якая, нібы з асобных цаглінак, з несмяротных душаў людзей складаецца ў Містычнае Цела Езуса Хрыста. Гэтае будаўніцтва вядзе сам Пан Езус, карыстаючыся пры гэтым святарамі, як Сваімі недасканалымі, але ж неабходнымі прыладамі…

Абноўлена 18.06.2018 16:46
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.