Пошук

14.05.2018 11:18   Кацярына Дурко / Фота: Галіна Кажарновіч / Catholic.by

12 мая ў парафіі Узвышэння Святога Крыжа ў Вілейцы вернікі сабраліся на супольную малітву ў інтэнцыі спачылага кс. Валяр’яна Голяка, які 13 мая 1948 г. прыняў мучаніцкую смерць у вілейскай вязніцы і пахаваны на вілейскіх могілках.

Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі. На набажэнствы прыехала дэлегацыя вернікаў на чале з кс. Янам Пузынам з парафіі Св. Міхала Арханёла ў Ашмянах, дзе кс. Валяр’ян нёс святарскае служэнне да арышту і турэмнага зняволення.

Падчас прывітальнай прамовы на пачатку Імшы пробашч вілейскай парафіі кс. канонік Аляксандр Барыла заахвоціў усіх сабраных памятаць пра цяжкія старонкі гісторыі і браць прыклад з мужных вызнаўцаў веры часоў пераследу.

«Нам належыць вучыцца ў такіх мужных вызнаўцаў, як кс. Валяр’ян Голяк, каб хвалі новага атэізму, пераплеценага з матэрыялізмам, не адлучылі нас ад Езуса Хрыста і Яго Касцёла», — адзначыў святар.

У гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі бліжэй пазнаёміў прысутных вернікаў з асобай спачылага святара, распавёўшы пра яго біяграфію. Іерарх адзначыў, што дзякуючы мужнасці такіх святароў захавалася вера на нашай зямлі.

    

Пасля Эўхарыстыі вернікі ў малітоўнай працэсіі накіраваліся на парафіяльныя могілкі, дзе знаходзіцца магіла кс. Валяр’яна.

Тагачасныя вернікі самі вызначылі месца, дзе пахавалі цела святара, прывезенага з вязніцы. Пазней на тым месцы быў устаноўлены помнік з надпісам OD LUDZI — «ад людзей».

З нагоды 70-годдзя з дня смерці святара намаганнямі многіх людзей была падтрымана ініцыятыва замяніць стары помнік на новы.

Устаноўлены новы помнік благаславіў біскуп Юрый Касабуцкі. Напрыканцы набажэнства пробашч вілейскай парафіі выказаў шчырую падзяку ўсім, хто дапамагаў у вырабе і ўстаноўцы помніка, кс. Яну Пузыну з парафіянамі з Ашмянаў і біскупу за ўзначаленую Эўхарыстыю і благаслаўленне новага помніка.

 

Біяграфічная даведка:

Ксёндз Валяр’ян Голяк нарадзіўся 9 снежня 1881 г. у в. Дашкі, што непадалёк ад Паставаў. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю і ў 1905 г. прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне ў віленскай катэдры.

Быў прызначаны вікарыем у парафію св. Мікалая ў Свіры, дзе служыў з 1905 г. па 1907 г. Пераведзены пробашчам у парафію ў Кайшадорысе (цяпер тэрыторыя Літвы), дзе служыў наступныя два гады. З 1909 па 1920 г. быў пробашчам у парафіі св. Юрыя ў Вялікіх Свіранках. У 1920 г. прызначаны пробашчам парафіі св. Мікалая ў Свіры.

З 1928 г. працаваў пробашчам у парафіі св. Міхала Арханёла ў Ашмянах. 24 красавіка 1948 г. ксёндз Валяр’ян быў арыштаваны органамі НКУС і асуджаны на турэмнае зняволенне ў Вілейцы. 13 мая 1948 г. святар памёр у вязніцы ў Вілейцы.  

Абноўлена 14.05.2018 12:00
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.