У мінулым годзе споўнілася 190 гадоў з дня нараджэння і 120 гадоў з дня смерці святога Шарбэля Маклуфа, праз заступніцтва якога і сёння ва ўсім свеце адбываюцца тысячы цудаў аздараўлення.
У Ліване гэтага святога пустэльніка ўшаноўваюць не толькі хрысціяне, але і мусульмане за тыя шматлікія аздараўленні, якія адбываюцца каля яго магілы і праз яго заступніцтва.
«Святы Шарбэль не ведае геаграфічных ці канфесійных абмежаванняў. Няма нічога немагчымага, і калі ў яго просяць, ён не адмаўляе», — кажа брат Луі Матар, каардынатар санктуарыя св. Шарбэля ў ліванскім манастыры Аная.
Размаўляючы з карэспандэнтам Агенцтва каталіцкіх навінаў (CNA) з дапамогаю перакладчыка, брат Луі паведамляе, што гэты каталіцкі кляштар мараніцкага абраду, у якім святар, манах і пустэльнік Шарбэль Маклуф пражыў каля 20 гадоў, сёння прымае каля чатырох мільёнаў наведвальнікаў у год, сярод якіх не толькі хрысціяне, але таксама шмат мусульманаў. Ведучы хроніку пацверджаных медыкамі цудоўных аздараўленняў, здзейсненых праз заступніцтва св. Шарбэля, брат Луі адзначае, што нямала з іх было атрымана мусульманамі.
З 1950 года, калі ў кляшатары пачалі дакументальна фіксаваць аздараўленні, іх колькасць перавысіла 29 тыс.
Да 1950 года аздараўленні пацвярджаліся толькі святарамі або відавочцамі. Цяпер, калі сталі больш даступнымі сучасныя медыцынскія тэхналогіі, меркаванае аздараўленне павінна быць пацверджана медыцынскімі дакументамі, якія адлюстроўваюць захворванне пацыента напачатку і потым яго невытлумачальнае аздараўленне.
Адзін з цудаў, зафіксаваных братам Луі Матарам напрыканцы снежня мінулага года, здарыўся з адной 45-гадовай італьянскай жанчынай. Пакутуючы ад неўралгічнага захворвання, яна трапіла ў шпіталь пасля таго, як спрабавала здзейсніць самагубства, прыняўшы кіслату.
«У шпіталі медыкі выявілі, што пашкоджанне страваводу і кішэчніку ў яе было настолькі моцным, што заставалася толькі спадзявацца на Бога і маліцца», — распавёў брат Луі.
Бацькі жанчыны пачалі маліцца і запрасілі таксама іншых людзей маліцца разам з імі. Законная сястра мараніцкага абраду, якая пачула іх просьбу аб малітве, дала ім благаслаўлёны алей ад св. Шарбэля. Пасля таго, як яны намасцілі гэтым алеем жывот, грудзі і галаву хворай, яна аздаравілася.
«Гэта быў адзін з сямі цудаў, зафіксаваных у снежні», — завяршыў аповед брат Луі.
На яго думку, св. Шарбэль — гэта «прылада, якая дапамагае дасягнуць Бога».
Санктуарый св. Шарбэля ўключае манастыр св. Марона, дзе Шарбэль Маклуф пражыў 19 гадоў, прысвечаных адданай малітве, фізічнай працы і сузіранню ў маўчанні, а таксама пустэльню непадалёк, у якой святы правёў апошнія 23 гады зямнога жыцця ў суровай аскезе і глыбокай еднасці з Богам.
У манастыры пілігрымы могуць наведаць касцёл, пабудаваны ў 1840 годзе, маленькі музей з асабістымі рэчамі і рэліквіямі святога і месца яго першай магілы. З 1952 г. пахаванне св. Шарбэля знаходзіцца ў прыбудаванай капліцы-крыпце.
Ужо пры жыцці настаяцелі бачылі, што ў жыцці Шарбэля дзейнічае «звышнатуральная Боская сіла», і нават некаторыя мусульмане прызнавалі яго за цудатворцу.
Шарбэль Маклуф, які аддана ўшаноўваў прысутнасць Бога ў Эўхарыстыі, 16 снежня 1898 года падчас цэлебрацыі Боскай Літургіі перанёс інсульт. Ён адышоў у вечнасць у вігілію Нараджэння Пана і быў кананізаваны у 1977 годзе святым папам Паўлам VI.
Першым месцам культу св. Шарбэля ў Беларусі стала прысвечаная яму капліца каля касцёла св. Мікалая, біскупа, у г.п. Свір (Мядзельскі р-н, Мінская вобл.). Ушанаваць рэліквіі святога цудатворцы з Лівана сёння, між іншым, можна таксама ў касцёле св. Сымона і св. Алены ў Мінску (Чырвоны касцёл).