Пошук

29.11.2017 14:19   ria.ru
Начны клуб Sin у будынку былой царквы ў Шатландыі, фота: CC BY-SA 2.0 / Martijn van Exel / Edinburgh

Што рабіць са святыняй, якую перасталі наведваць вернікі? Пра «другое жыццё» каталіцкіх, пратэстанцкіх і англіканскіх святыняў распавядае матэрыял агенцтва «РИА Новости».

«Такога не было нават у СССР»

«Захаду пагражае апакаліптычная рэальнасць», — такую думку выказаў нядаўна Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл кіраўніку Англіканскай Царквы арцыбіскупу Кентэрберыйскаму Джасціну Уэлбі. «Тое, што мы сёння бачым у заходніх краінах, страшней нават за тое, што было з рэлігіяй у СССР.

Адбываецца атэізацыя. Бог выганяецца з чалавечага жыцця. Ігнаруецца Божы закон. Асабліва разбуральна тое, што гэтае ігнараванне набывае форму дзяржаўнага закона.

Калі людзей яго сілай будуць прымушаць здзяйсняць грэх або быць салідарнымі з ім, то мы ўступаем у апакаліптычную рэальнасць», — перакананы прадстаяцель Рускай Праваслаўнай Царквы.

Статыстыка пацвярджае: колькасць парафіянаў Англіканскай Царквы, якая мае статус дзяржаўнай у Вялікабрытаніі, няўхільна зніжаецца: толькі 1,4 працэнты насельніцтва краіны застаюцца ёй вернымі. Сам арцыбіскуп Кентэрберыйскі прызнаецца, што яму прыходзіцца супрацьстаяць «антыхрысціянскай культуры». Асабліва яскрава атэізацыя заўважальная сярод моладзі: сёння трое з чатырох чалавек ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў сцвярджаюць, што не вераць у існаванне Бога.

Несуцяшальная статыстыка

Той жа лёс, здаецца, напаткаў на Захадзе і іншыя хрысціянскія канфесіі. А паколькі ўтрыманне культавых будынкаў абыходзіцца дорага, касцёлы і катэдры па ўсёй Еўропе зачыняюцца, іх будынкі арэндуюць ці набываюць пад камерцыйныя праекты.

Згодна з данымі пратэстанцкага выдання Evangelical Focus, Англіканская Царква вымушана кожны год зачыняць каля 20 святыняў. У Даніі амаль 200 цэркваў сёння знаходзяцца ў закінутым стане ці амаль не наведваюцца вернікамі. Свае пазіцыі здае і Каталіцкі Касцёл у Германіі: за апошнія гады зачынена больш за 500 касцёлаў. Але найгорш сітуацыя выглядае ў Нідэрландах, дзе католікі ў найбліжэйшы час рызыкуюць згубіць дзве трэція са сваіх 1600 парафій, а пратэстанты — каля 700 цэркваў.

Бар у алтары

Рэстаран "Царква" ў будынку былой лютэранскай царквы, фота: Restaurant ''Die Kirche''

Але вынаходлівыя людзі не даюць апусцелым будынкам прапасці. З Магдэбурга зніклі лютэране? Не бяда. Прадпрымальніца Катрын Рыфенберг выкупіла іх апусцелую святыню і адкрыла ў ёй рэстаран. Аб былым прызначэнні будынка нагадвае толькі яго назва — «Царква».

У алтарнай частцы зараз размяшчаецца барная стойка, а на месцы царкоўных лавак — столікі. Ад убранства святыні засталася толькі пазалочаная статуя анёла.

Каталіцкі скейтборд

Каталіцкі Касцёл у нідэрландскім Арнхеме страціў надзею прыцягнуць парафіянаў і аддаў касцёл св. Юзафа скейтбардыстам. Экстрэмалы з задавальненнем некалькі гадоў каталіся сярод статуй Хрыста і анёлаў. Але ў пачатку кастрычніка 2017 года рампу прыйшлося закрыць, паколькі будынак прыйшоў у аварыйны стан.

Каток Arhem Skate Hall у Нідэрландах у будынку касцёла св. Юзафа, фота: Skatehal Arnhem

Скейбардысты распавядалі, што ў касцёл часам заходзілі пажылыя людзі і абураліся, што ён выкарыстоўваецца не па прызначэнні. Але моладзь парыравала: маўляў, вы ж самі сюды не хадзілі.

«Сардэчна запрашаем» у... цырк

У брытанскім Брыстоле ў запусценне прыйшла катэдра святога Паўла. Будынак нядоўга заставаўся без гаспадара: хутка тут была заснавана школа для артыстаў цырка Circomedia. Зараз артысты атточваюць майстэрства проста пад скляпеннямі катэдры. Паводле сайта Circomedia, часам тут жа ладзяцца прадстаўленні.

Школа для артыстаў цырку "Circomedia" ў будынку катэдры св. Паўла, фота: Academy of Circus Arts & Physical Theatre

«Грэх» замест царквы

Шатландцы пайшлі яшчэ далей. У Эдзінбургу без гаспадара засталася лютэранская царква, дзе ў хуткім часе адкрылі начны клуб і паб. Над назвай прадпрымальнікі, відаць, шмат не думалі і назвалі яе «Sin» («Грэх»). А ў акне над дзвярыма святыні новыя гаспадары размясцілі плакат з Люцыферам...

«Пачынаем прадстаўленне»

У брытанскім Бедфардзе, у апусцелай царкве св. Лукі на вуліцы св. Пятра зараз размяшчаецца тэатр. На сайце тэатра напісана, што будынак царквы ўдалося прыстасаваць пад залу, разлічаную на 282 гледача, студыю на 50 месцаў і прасторны бар.

Сцэна тэатра The Quarry Theatre at St. Luke's, размешчаная ў былой царкве вс. Лукі ў Бедфардзе, Вялікабрытанія, фота: The Quarry Theatre at St Luke's

Кляштар на тры зоркі

У Пітсбургу (ЗША) прыйшоў у запусценне цэлы бэнэдыктынскі кляштар. Зараз у ім размешчаны гатэль Priory. Праўда, шыкоўным сервісам гатэль пакуль пахваліцца не можа — яму прысвоена толькі тры зоркі.

Гатэль Priory у будынку былога кляштара, фота: The Priory Hotel

Не страшылкі

«Гэта трагедыя Захаду, якая разварочваецца на нашых вачах. Гэта трагедыя адыходу ад веры, ад каштоўнасцяў, якія сфарміравалі ўсю нашую еўрапейскую ў шырокім сэнсе слова культуру. Мы не можам без болю глядзець на гэта. Мы не можам маўчаць, калі бачым, як частка нашага свету, якая заўсёды была носьбітам хрысціянскага духу і светапогляду, зараз сама адыйшла ад веры ў Бога і штучна прывівае нехарактэрныя сабе каштоўнасці, без якіх абсалютна дакладна можа абысціся», — сцвярджае кіраўнік патрыяршай прэс-службы Рускай Праваслаўнай Царквы іерэй Аляксандр Волкаў.

«Гэта трагедыя не толькі для канкрэтных краін, але і для сучаснага свету ў цэлым. Калі мы не спынімся, то рызыкуем скаціцца ў прорву, з якой не будзе больш вяртання ніколі. Гэта не страшылкі, а зразумелая для любога хрысціяніна рэальнасць», — падкрэслівае святар.

Абноўлена 29.11.2017 16:52
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа