
Дзяржаўнае агенцтва па пытаннях рэлігіі Грузіі будзе адказным за размеркаванне кампенсацый для пацярпелых у савецкі час рэлігійных арганізацый краіны.
Толькі ў першыя гады савецкай улады, у 1922-23 гг., у Грузіі былі зачынены каля 1200 цэркваў і манастыроў, разрабаваны царкоўныя скарбніцы і спалены многія рукапісы.
Агенцтва прыняло рашэнне з выдзеленых 4,5 млн грузінскіх лары (1,8 млн долараў) на дадзеным этапе размеркаваць 3,5 млн лары (1,4 млн долараў) наступным чынам: грузінская ісламская абшчына — 2,2 млн лары (887 тысяч долараў); армянская апостальская хрысціянская абшчына Грузіі — 600 тысяч лары (242 тысячы долараў); рыма-каталіцкая абшчына Грузіі — 400 тысяч лары (160 тысяч долараў); іўдзейская абшчына Грузіі — 300 тысяч лары (120 тысяч долараў).
Астатнюю суму размяркуюць пазней.

Рашэнне аб размеркаванні выплат паміж рэлігійнымі абшчынамі прымалася шляхам кансультацый і з улікам вывучэння колькасці вернікаў, духоўных асобаў, культавых пабудоў і г.д.
На сёння 90,6 працэнта насельніцтва Грузіі вызнаюць хрысціянства, большасць з іх — вернікі Грузінскай Праваслаўнай Царквы, 4,9 працэнта — вернікі Армянскай Апостальскай Царквы, 2 працэнты — рыма-католікі.
Іслам з’яўляецца другой па велічыні і значэнні рэлігіяй у сучаснай Грузіі. У некаторых рэгіёнах краіны мусульмане складаюць адносную або абсалютную большасць насельніцтва.