Пошук

18.08.2021 12:37   Паводле: Grodnensis.by

14 жніўня ў катэдральным касцёле ў Тбілісі (Грузія) сястра Вераніка Огар з Кангрэгацыi Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў (салезіянка) прынесла вечныя манаскія абяцанні.

Як паведамляе Grodnensis.by, законніца паходзіць з парафіі Найсвяцейшай Тройцы ў Бердаўцы (Гродзенская дыяцэзія, Лідскі дэканат). У 2014 годзе яны прынесла першыя манаскія абяцанні, два гады працавала ў Бараўлянах, пасля — у Смаргоні. У 2018 годзе настаяцелі скіравалі яе ў Грузію, дзе цяпер яна з’яўляецца адказнай за Моладзевы пастырскі цэнтр.

Ва ўрачыстай Імшы ўзялі ўдзел сёстры салезіянкі з Беларусі, Украіны і Расіі, святары, законніцы з іншых супольнасцяў, моладзь з розных парафій Грузіі. Узначаліў цэлебрацыю літургіі Апостальскі адміністратар Каўказа біскуп Джузэпэ Пазота CSS.

У адпаведнасці з абрадам, адразу пасля прамаўлення манаскага абяцання сястра Вераніка паклала яе тэкст на алтар. Потым яна атрымала ад настаяцельніцы сястры Малгажаты Петрушчак FMA пярсцёнак як сімвал паклікання быць знакам Хрыста для свету.

Сястра Вераніка абрала дэвіз, які будзе спадарожнічаць ёй у штодзённым жыцці: «Заставайцеся ў Маёй любові» (Ян 15, 9), а таксама словы генеральнага настаяцеля салезіянаў Анхэля Фэрнандэса Арцімэ: «З Богам у сэрцы, з моладдзю ў жыцці».

  

Кангрэгацыя Дачок Марыі Успамогі Хрысціянаў з’яўляецца місіянерскай. Сёстры нясуць Хрыста моладзі ў тых месцах, куды іх пасылае Касцёл. Яны не прывязаны да служэння ў нейкай адной мясцовасці, а ідуць туды, дзе ёсць патрабуючыя, выконваюць сваю місію сярод дзяцей і моладзі на ўсіх кантынентах. Яны праводзяць катэхізацыю, апякуюцца школамі, выхаваўчымі ўстановамі, інтэрнатамі, кіруюць араторыямі, моладзевымі цэнтрамі, праводзяць аніматарства сярод моладзі з мэтай яе дзейснага і адказнага ўключэння ў жыццё Касцёла.

Ужо больш за 20 гадоў салезіянкі нясуць служэнне ў Грузіі. У Тбілісі ў іх ёсць невялікі выхаваўчы цэнтр для дзяцей дашкольнага ўзросту. Гэты цэнтр — вялікая дапамога для грузінскіх сем’яў, многія з якіх знаходзяцца ў складаным матэрыяльным становішчы. Пакуль сёстры апякуюцца дзецьмі і праводзяць з імі заняткі, маці выходзяць на працу, каб зарабіць грошай на ўтрыманне сям’і.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.