28 чэрвеня Святы Пасад афіцыйна паведаміў пра тое, што арцыбіскуп Антэ Ёзіч, які да гэтага часу быў Апостальскім нунцыем у Беларусі, атрымаў новае прызначэнне.
З гэтай нагоды Апостальскай нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь выдала наступнае паведамленне:
«Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь паведамляе, што сёння, 28 чэрвеня 2024 года, Яго Святасць Папа Францішак прызначыў Апостальскім Нунцыем ў Грузіі і Арменіі Яго Эксцэленцыю Антэ Ёзіча, Тытулярнага Арцыбіскупа Цысы, які з’яўляецца Апостальскім Нунцыем ў Рэспубліцы Беларусь і працягне сваю дыпламатычную місію ў Рэспубліцы Беларусь прыблізна да канца верасня 2024 года».
Варта адзначыць, што са снежня 2001 года да ліпеня 2011 года Апостальскім Нунцыем ў Грузіі і Арменіі быў папярэднік і сябра нунцыя Ёзіча кардынал Клаўдыё Гуджэроцці, сённяшні Прэфект Дыкастэрыі Усходніх Касцёлаў. Са жніўня мінулага года Часовым павераным у справах Святога Пасаду ў гэтых краінах з’яўляецца беларус Монсіньёр Аляксандр Рагіня.
Папа Францішак прызначыў монсіньёра Антэ Ёзіча Апостальскім нунцыем у Беларусі 21 мая 2020 года. Прыняўшы 16 верасня 2020 года біскупскае пасвячэнне з рук Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы Францішка кардынала П’етро Параліна, нунцый Ёзіч прыбыў у Беларусь 11 кастрычніка таго ж года.
За час сваёй амаль чатырохгадовай місіі ў нашай краіне прадстаўнік Папы Францішка зрабіў значны ўнёсак у развіццё Каталіцкага Касцёла на беларускай зямлі, спрыяючы паглыбленню і ўмацаванню адносін Святога Пасада з дзяржаўнымі ўладамі і грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі.
У прыватнасці, ватыканскі дыпламат прычыніўся да мірнага ўрэгулявання грамадска-палітычнага крызісу ў краіне, паспрыяўшы вяртанню на радзіму тагачаснага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Ён таксама курыраваў працэс прызначэння на пасаду новага Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, ініцыяваў і ажыццявіў пераклад на беларускую мову і выданне Кодэксу Кананічнага Права, завяршыў афармленне пабудаванага яго папярэднікамі будынку Апостальскай нунцыятуры ў Мінску. Нунцый Ёзіч курыраваў працэс утварэння Апостальскай адміністратуры для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, а таксама прызначэння каад’ютара Гродзенскай дыяцэзіі біскупа Уладзіміра Гуляя, якому пазней удзяліў біскупскае пасвячэнне.
Усяго на партале беларускага каталіцкага епіскапату Catholic.by дзейнасці нунцыя Ёзіча было прысвечана амаль паўтары сотні публікацый.
У бліжэйшы час Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч возьме ўдзел у традыцыйным фэсце ў гонар Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі ў Будславе.