На пачатку кастрычніка ў Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне прайшоў дзень засяроджання.
Духоўныя практыкаванні для семінарыстаў правёў ксёндз Уладзімір Аксенцьеў, пробашч парафіі святога Станіслава Мучаніка ў Ляцку (Гродзенская дыяцэзія, Шчучынскі дэканат).
Святар падзяліўся з семінарыстамі цікавымі звесткамі пра дзейнасць Каталіцкага Касцёла ў Грузіі, дзе раней праходзіла яго душпастырскае служэнне.
У 1993 годзе Уладзімір Аксенцьеў вучыўся ў Гродзенскай семінарыі. Пасля трох гадоў навучання ён перайшоў у санкт-пецярбуржскую міждыяцэзіяльную семінарыю «Марыя Каралева Апосталаў», каб працаваць у Грузіі.
«Мяне цягнула туды, да таго ж я ведаў, што ў Грузіі працуе ўсяго адзін святар лацінскага абраду і некалькі армянскага абраду»,
— распавядаў раней ксёндз Уладзімір у інтерв’ю для Catholic.by.
У 2000 годзе ён скончыў санкт-пецярбуржскую семінарыю, атрымаў святарскае пасвячэнне і быў скіраваны ў Грузію. Ксёндз Уладзімір працаваў у катэдральным касцёле ў Тбілісі: спачатку як вікарый, пасля як адміністратар. Таксама служыў у розных святынях гэтай закаўказскай краіны.
Ксёндз Уладзімір распавёў аб тым, як адкрыў голас Пана ў сваім жыцці і пайшоў за Ім.
«Тое, з чым я сутыкнуўся, будучы святаром, — гэта адзінота. Толькі малітва, якую я быццам адкрыў нанава, дапамагае мне адчуваць падтрымку і любоў Бога»,
— адзначыў ксёндз Уладзімір.
Напрыканцы сустрэчы семінарысты выказалі святару ўдзячнасць за дзяленне душпастырскім досведам і пажадалі шчодрых Божых дароў у далейшым служэнні.