Пошук

08.08.2011 12:19  

«Католікам у Грузіі патрэбна моцная вера, якая дапаможа перанесці ўсе цяжкасці, якія існуюць сёння», — адзначае кс. Уладзімір Аксенцьеў, які працуе ў Грузіі. Аб жыцці Касцёла ў гэтай горнай краіне, дзе католікі складаюць меншасць, святар распавёў парталу Catholic.by.

— Ксёндз Уладзімір, скажыце калі ласка, да якой дыяцэзіі Вы належыце, дзе вучыцеся зараз, дзе будзеце працаваць пасля заканчэння вучобы?

— Я працаваў у парафіі Св. Сям’і ў г. Горы ў рэгіёне Картлі. Зараз працую у грузінскім раёне Самцхе-Джавахеціі і належу да Апостальскай адміністрацыі для католікаў лацінскага абраду ў Закаўказзі. Нарадзіўся я ва Украіне. Мой бацька быў ваенны, і з сям’ёй мы шмат падарожнічалі. Мае карані — з Гродзенскай вобласці, Шчучынскага раёна, дзе да гэтага часу жыве мая маці. Зараз я вучуся на факультэце кананічнага права ў Венецыі і сёлета буду абараняць ліцэнцыят па тэме «Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі». Я прыехаў у Беларусь менавіта для таго, каб знайсці інфармацыю па гэтай тэме.

— Як даўно Вы былі накіраваны ў Грузію?

- У 1993 г. я вучыўся ў Гродзенскай семінарыі. Маё навучанне працягвалася тры з паловай гады. Потым я перайшоў у санкт-пецярбургскую міждыяцэзіяльную семінарыю «Марыя — Каралева Апосталаў», каб працаваць у Грузіі — бо там я пражыў даволі шмат часу. Мяне цягнула туды, да таго ж я ведаў, што ў Грузіі працуе ўсяго адзін святар лацінскага абраду і некалькі — армянскага абраду. У 2000 г. я скончыў санкт-пецярбургскую семінарыю, атрымаў святарскае пасвячэнне і быў накіраваны ў Грузію. Гэта адбылося 17 чэрвеня 2000 г. Затым я працаваў у катэдральным саборы ў Тбілісі — спачатку як вікарый, пасля як адміністратар. У 2003 г. змяніў парафію: у аднаго святара былі праблемы са здароўем, і яго трэба было тэрмінова замяніць. Пасля працаваў у розных парафіях: Пятра і Паўла ў Тбілісі, Св. Юзафа ў Аралі і Удзе, Святой Сям’і ў Горы, у парафіі Святога Тадэвуша ў Сухумі. Зараз я вучуся ўжо трэці год.

— Якая на дадзены момант сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Грузіі? Што змянілася з таго моманту, як прыехалі туды? Якія дасягненні ў развіцці Касцёла назіраюцца сёння?

— Першае дасягненне ў жыцці Касцёла ў Грузіі — гэта тое, што ў 1993 г. там была заснавана Апостальская нунцыятура. Яна ахоплівала тры дзяржавы: Арменію, Грузію і Азербайджан. Першы нунцый быў Апостальскім Адміністратарам. І ўжо тады пачалося развіццё, бо да гэтага часу там працаваў толькі адзін святар — кс. Ян Сняжынскі, які апекаваўся парафіянамі трох абрадаў: лацінскага, армянскага і халдзейскага (асірыйскага) больш за 27 гадоў. Былі і святары, якія працавалі ў армянскім абрадзе з 1987–1989 гг. Прыкладна ў гэты час у Грузію прыбылі і некалькі святароў з Польшчы, каб дапамагчы кс. Яну Сняжынскаму пашыраць душпастырскую дзейнасць. Адзін з іх накіраваўся на поўдзень Грузіі, дзе пачыналі адкрывацца парафіі і дзе таксама былі святары, але іх не хапала. Прыехаў і айцец бэрнардынец Юзаф Свідэрскі. Большая частка каталіцкіх вёсак знаходзілася на поўдні Грузіі, і ўсе католікі, што пражываюць у іншых рэгіёнах, паходзяць у асноўным адтуль. Кожны з гэтых святароў апекаваўся некалькімі парафіямі — 4–5. Для нас пад словам «парафія» разумеецца вёска. У 1993 г. Апостальскі нунцый звярнуўся ў Ватыкан, каб у Грузію былі дасланы місіянеры. На гэты заклік адклікнуўся Кангрэгацыя стыгматынаў — веронская кангрэгацыя з Італіі. У Грузію прыбылі два святары — а. Габрыэль і а. Джузэпэ, якія прайшлі тут курс грузінскай мовы. Яны прыехалі ў Заходнюю Грузію, бо краіна дзеліцца на некалькі частак: поўдзень з цэнтрам Ахалцыхе, захад з цэнтрам у Кутаісі, і ўсход з цэнтрам у Тбілісі і прылеглымі вёскамі. Стыгматыны пачалі апекавацца менавіта Заходняй Грузіяй. 14 снежня 1996 г. Папа прызначыў новага Апостальскага Адміністратара Грузіі — а. Джузэппэ Пазотто. Пасля ён рыхтаваў разам з Апостальскай нунцыятурай прыезд Папы Рымскага ў Грузію ў лістападзе 1999 г. Тады і быў намінаваны біскупам. 6 студзеня 2000 г. у Рыме а. Пазотто прыняў біскупскую сакру. З гэтага часу пачалася структурызацыя Касцёла ў Грузіі: прыязджае ўсё больш святароў, засноўваюцца цэнтры, адкуль святары прыбываюць туды, дзе католікаў няшмат.

У 2000 г. я атрымаў святарскае пасвячэнне, якое адбылося ў гэтай дыяцэзіі ўпершыню за доўгія гады. Праз некаторы час біскуп адкрыў тут семінарыю, у якой было каля 10 навучэнцаў. Яна існуе і сёння, аднак з прычыны таго, што колькасць семінарыстаў зменшылася — новых прыйшло ўсяго два — яны вучацца ў Казахстане. Існуюць і камісіі, якія працуюць над перакладам літургічных кніг і катэхетычнай літаратуры, якой не было тут дагэтуль — акрамя той, што перакладалася з польскай або з італьянскай мовы. Гэты падзел на палякаў і італьянцаў у Грузіі вельмі заўважны, бо ў заходняй частцы краіны пераважаюць італьянцы, святары ж з Польшчы тут у меншасці. Маё святарства, такім чынам, развівалася разам з дыяцэзіяй. Змянілася за гэты час вельмі шмат: спачатку мы былі маленькай групай, і ў нас не было магчымасці добра працаваць — сёння ж ёсць і магчымасць, і сродкі дапамагаць людзям, весці іх да Хрыста. Атрымалі святарскае пасвячэнне таксама некалькі святароў з Грузіі, што вельмі важна для грузін, якія вельмі паважаюць выхадцаў з іншых краін, але ім патрэбны і свае суайчыннікі.

Калі я быў адказным за пакліканні ў Грузіі, то наведваў многія парафіі і ведаў многіх маладых людзей, для якіх быць католікам — вельмі вялікая праблема, бо Грузія — праваслаўная дзяржава, і быць католікам тут — гераізм. Калі прызнацца, што ты католік, на працы або ў школе, цябе могуць абсмяяць. Зараз такіх выпадкаў менш, а пік гэтага перыяду быў у 2003–2004 гг., калі з дзяцей католікаў, якія хрысціліся па-каталіцку падчас уроку або малітвы, здзекаваліся. Для гэтых людзей вельмі важна чуць слова Божае ад тых, хто вырас разам з імі, і наяўнасць грузінскіх святароў — яшчэ адзін плюс для Касцёла ў Грузіі.

Зусім нядаўна тут быў прыняты закон аб веравызнанні, што вельмі важна, бо да яго прыняцця мы як вернікі і як дыяцэзія юрыдычна не існавалі. Гэта адкрывае нам новыя магчымасці і новы статус — бо ў 2005 г. нам прапаноўвалі стаць асацыяцыямі, што не адпавядае статусу Каталіцкага Касцёла. Мы спадзяёмся, што будзе і далейшае развіццё, якое дазволіць нам быць менавіта юрыдычнымі адзінкамі, будзе пэўная стабільнасць. Варта адзначыць, што раней нашы храмы не мелі юрыдычнага статусу, некаторыя з іх былі перададзены Праваслаўнай Царкве. Але аб’ектыўную ацэнку развіццю Касцёла ў Грузіі даваць яшчэ рана, бо супольнасць тут невялікая, як і ў Беларусі. Ёсць прагрэс, ёсць пакліканні, ёсць людзі, якія хочуць служыць Богу — і пакуль людзі будуць моцныя ў сваёй веры, яны змогуць перамагчы цяжкасці і выпрабаванні, якія там існуюць і ў эканамічным сэнсе, бо насельніцтва Грузіі даволі беднае. Для іх Касцёл з’яўляецца пасілкам не толькі для душы, але і для цела, бо, як і ў Беларусі, у Грузіі дзейнічае «Карытас», які дапамагае найбольш бедным. Усё гэта дапамагае і будаваць адносіны з іншымі рэлігіямі, бо людзі, якім мы нясем дапамогу, набываюць добрае меркаванне пра нас.

— Які працэнт насельніцтва Грузіі складаюць католікі?

— Католікаў у Грузіі прыкладна 1%, або каля 50 тысяч з прыкладна 5-мільённага насельніцтва. Першае месца па колькасці вернікаў тут займае Праваслаўная Царква — каля 80–82%, затым мусульмане — 8%, Армянская Апостальская Царква — 6–7%. Касцёл у Грузіі дзейнічае ў трох абрадах: лацінскім, армянскім і халдзейскім. У Грузіі працуе 16 каталіцкіх святароў, у тым ліку законнікі, якія апякуюцца хворымі. Мы маем шпіталь у Арменіі, у Тбілісі — паліклініку, дзе хворыя ўтрымліваюцца за невялікую плату. Таксама святары апякуюцца дзецьмі з псіхічнымі захворваннямі: займаюцца з імі ў спецыяльна прызначаным доме. Стыгматыны — кангрэгацыя, якая працуе ў асноўным з моладдзю, як салезіяне. Дзейнічаюць і салезіяне, якія працуюць у «Карытас» і ў армянскім абрадзе. Працуюць сёстры законныя розных ордэнаў, дзейнічае Ордэн Сясцёр Місіянерак Любові (сёстры Маці Тэрэзы з Калькуты), у парафіях дапамагаюць сёстры салезіянкі. Два дамы сясцёр Маці Тэрэзы адкрыліся таксама ў Арменіі.

— Якія адносіны сёння складваюцца ў Грузіі паміж Касцёлам і дзяржаўнай уладай? Ці ёсць магчымасці для далейшага cупрацоўніцтва?

— Адносіны Касцёла ў Грузіі з дзяржавай дагэтуль былі даволі добрыя. Сёння Касцёл у Грузіі мае юрыдычны статус, і час пакажа, якімі яны будуць далей. Да гэтага часу ўсе рэлігіі ў Грузіі мелі права на існаванне. У 2002 г. Грузінская Праваслаўная Царква заключыла з дзяржавай пагадненне і атрымала юрыдычны статус. Касцёл жа не меў магчымасці весці з дзяржавай канкрэтны дыялог, бо ў яго не было такога статусу. Быў таксама выпадак: калі павінна было адбыцца асвячэнне каменя для закладкі касцёла, губернатар мясцовасці патэлефанаваў нашаму біскупу і сказаў, што не можа даць згоды на будаўніцтва, бо супраць выступаюць праваслаўныя. Нам было дазволена будаваць касцёлы ў некаторых рэгіёнах, і ў будаўніцтве нам дапамагалі вернікі. У апошнія некалькі гадоў на Божае Нараджэнне і на Вялікдзень у катэдры ў Тбілісі прысутнічаюць прадстаўнікі ўладаў і сам Прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі. Быў выпадак, калі амерыканскі «Карытас» прапанаваў Грузіі тэндэр па адукацыі — праграму, якая павінна была вучыць дзяцей паводзінам у школе і дома. У Грузіі гэта атрымала моцны рэзананс, але Грузінская Праваслаўная Царква выступіла супраць гэтай праграмы, і дзяржава, у сваю чаргу, адмовілася ад тэндэра. Слова «каталіцкі» выклікала ў гэтым выпадку вялікі пратэст. У 2003 г. павінна была быць падпісана дамова паміж Касцёлам і дзяржавай, але яна не адбылася. Дзяржава, такім чынам, не забараняе Касцёлу дзейнічаць у Грузіі, але і не дапамагае. Разам з тым прадстаўнікі Касцёла запрашаюцца на мерапрыемствы, арганізаваныя дзяржавай, на канферэнцыі. На дзяржаўныя святы таксама запрашаюць нашага біскупа.

— Ці ёсць у Касцёла ў Грузіі доступ да тэлебачання? Ці гучаць па дзяржаўных каналах віншаванні біскупа на святы, ці прысутнічае Касцёл у медыя-сферы?

— Існуе магчымасць прысутнасці Касцёла — іерархаў, выкладчыкаў нашых універсітэтаў — на недзяржаўных тэлеканалах. Але нармальнага доступу Касцёла да мас-медыя ў Грузіі няма. Адзіная магчымасць — наш дыяцэзіяльны часопіс, які выходзіць накладам каля 4 тысяч.

— Якія сёння адносіны Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Грузіі? Ці ёсць прагрэс, у якім напрамку трэба дзейнічаць для іх паляпшэння?


— У нас існуе моладзевы цэнтр «Карытас», куды прыходзіць моладзь з бедных сем’яў. Пры цэнтры ёсць невялікі дзіцячы дом на 20–27 дзяцей, якія вызнаюць праваслаўе. Для такіх дзяцей на тэрыторыі цэнтра была пабудавана праваслаўная царква, куды прыходзіць праваслаўны святар, каб займацца з гэтымі дзецьмі. Гэта адзін з узораў нашай працы з Праваслаўнай Царквой. У большасці ж выпадкаў нашы адносіны вельмі складаныя. Адносіны паміж каталіцкімі і праваслаўнымі вернікамі лепш складваюцца ў гарадах, дзе людзі маюць больш шырокі кругагляд.

— Ці існуе асабістая падтрымка, зносіны каталіцкіх святароў з праваслаўнымі?

— Яны існуюць, у маёй працы былі такія выпадкі вельмі пазітыўных асабістых адносін. Некаторыя святары прыходзяць у госці да нас, наведваюць экуменічныя сустрэчы. Але ў асноўным праваслаўная іерархія ставіцца да такіх выпадкаў насцярожана.

— Чаго б Вы жадалі для Касцёла ў Грузіі ў будучым? Чым маглі б у гэтым дапамагчы беларускія католікі?

— Найперш — малітвай. Як казаў Мітрапаліт калісьці ў Маскве, каталіцкія бабулі сваёй малітвай выратавалі веру ў Беларусі і Расіі. Католікам у Грузіі я жадаў бы мець моцную веру, якая дапаможа перанесці ўсе цяжкасці, якія ёсць сёння.

Размаўляў кс. Юрый Жэгарын

Абноўлена 05.06.2017 13:41
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця