Пошук

22.06.2026 08:29   Catholic.by
Хрыстус благаславіць святога Яна Хрысціцеля. Выява: nevarooms.ru

24 чэрвеня ў літургіі Касцёла адзначаецца ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля. З гэтай нагоды арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, кіруе да вернікаў сваё пастырскае слова.

Пастырскае слова
арцыбіскупа Юзафа Станеўскага,
Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага,
на ўрачыстасць Нараджэння святога Яна Хрысціцеля

«Святы Ян Хрысціцель
Няхай святымі будуць нашы вусны, каб мы жыццё тваё змаглі праславіць
І цуды, здзейсненыя Богам для народу, о святы Яне…»
(З Гімна на І Нешпары ўрачыстасці св. Яна)

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры!

24 чэрвеня Каталіцкі Касцёл успамінае святога Яна Хрысціцеля і святкуе ўрачыстасць яго нараджэння. Сёння мы ўшаноўваем гэтага незвычайнага чалавека — пасланніка Бога, унікальнага прарока, які з'яўляецца прадвеснікам Езуса Хрыста.

Біблійныя тэксты шмат расказваюць нам пра яго нараджэнне, пра пакліканне, жыццё і дзейнасць. Словы прарока Ісаі «Пан паклікаў мяне з улоння маці, з нутра яе, назваў маё імя» можна аднесці да святога Яна Хрысціцеля, бо Пан даў яму імя яшчэ да яго зачацця, як гэта напісана ў Евангеллі паводле Лукі: «Назавеш яго імем Ян» (Лк 1, 13), «Ян — імя яго» (Лк 1, 63). Безумоўна, Бог спланаваў яго існаванне, нараджэнне і даў яму місію, бо наданне імені ў Бібліі — гэта вызначэнне місіі для чалавека.

Імя Ян азначае «Бог ёсць ласкавы» і служыць як бы скарачэннем некалькіх біблійных гісторый пра дар мацярынства, які Бог даў бяздзетным жанчынам. З кнігі Быцця (21,1) мы даведваемся, што Пан аказаў ласкавасць бяздзетнай Сары, якая нарадзіла Ісаака. Праз некалькі раздзелаў мы чытаем пра нараджэнне Юзафа ад бясплоднай Рахілі. Падобна было і з нараджэннем Самуэля — Бог прыняў малітвы бяздзетнай Ганны, якая прагнула дзіцяці, злітаваўся над ёю і аказаў ласку мацярынства.

Але менавіта імя Ян, яго значэнне «Бог ёсць ласкавы; Бог паказаў сваю ласку», адлюстроўвае саму сутнасць аповедаў пра тое, што гэтыя вялікія Божыя людзі, якія, з чалавечага пункту гледжання, наогул не павінны былі нарадзіцца, былі Божым дарам для Божага народа.

Ян Хрысціцель таксама асаблівы дар для ўсіх нас. Ён — адзіны прарок, якому было дадзена заданне непасрэдна падрыхтаваць Божы народ да прыйсця Месіі. Сам Пан Езус сказаў, што не нарадзілася большага прарока за Яна Хрысціцеля (гл. Мц 11, 11).

Дарэчы, Касцёл з самага пачатку развіцця хрысціянства меркаваў, што Ян Хрысціцель яшчэ ва ўлонні маці быў вызвалены ад першароднага граху менавіта ў той момант, калі яго маці, Альжбета, сустрэлася з Марыяй, цяжарнай Сынам Божым. Такім чынам, Ян — адзіны святы, чыйму нараджэнню прысвечана літургічнае свята, безумоўна, акрамя нараджэння Пана Езуса і нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Мае дарагія. Святы Аўгустын зазначаў: «Ян Хрысціцель з’яўляецца як бы мяжою абодвух Запаветаў — Старога і Новага. Пра тое, што ён сапраўды з’яўляецца ў нейкай ступені мяжой, сведчыць сам Пан Езус, калі кажа: ”Закон і Прарокі былі да Яна (Лк 16, 16)”. Ян уяўляе сабою Стары Запавет і прадказвае Новы. Увасабляе тое, што старое, таму нараджаецца ад людзей пажылога ўжо ўзросту. Увасабляе таксама тое, што новае, таму ўстаноўлены быў прарокам ужо ва ўлонні маці. Бо перш чым нарадзіўся, яшчэ ва ўлонні сваёй маці, узрадаваўся прыйсцю святой Марыі. Ян ужо тады быў прызначаны для выканання місіі папярэдніка, вызначаны перш, чым нарадзіўся; прадстаўлены як прадвеснік Хрыста, перш чым Хрыстус убачыў яго. Гэта Божыя справы, якія пераўзыходзяць магчымасці чалавечага розуму». Калі святы Ян прадказваў Хрыста, то ў яго спыталіся: «Хто ты?», а ён адказаў: «Я голас таго, хто кліча ў пустыні» (Ян 1, 23). Ян з’яўляецца голасам, а Пан — Словам. Але Ян Хрысціцель з’яўляецца голасам на кароткі час; Хрыстус жа — Словам ад пачатку і навекі.

Умілаваныя, Касцёл жыве Хрыстовым хростам, праз які «раскрылася неба», «Дух Божы сышоў, як голуб», і з неба пачуўся голас Бога: «Ты Сын Мой умілаваны, Цябе ўпадабаў Я» (Лк 3, 22). Гэта найбольшае скарачэнне сутнасці хросту.

Часам здаецца, што некаторыя людзі вельмі недаацэньваюць хрост як сакрамэнт, магчыма, таму, што многія з нас былі ахрышчаны ў дзяцінстве і таму ў нас няма ўспамінаў пра гэтую падзею. Мы ўспрымаем яго хутчэй як факт, чым як дар. У выніку многія бацькі пачынаюць разумець значэнне свайго ўласнага хросту толькі тады, калі яны самі становяцца сведкамі хросту сваіх дзяцей або калі самі адпраўляюцца ў падарожжа ў пошуках жыццядайнай крыніцы, якой з'яўляецца гэты сакрамэнт.

Ян Хрысціцель быў пасланы, каб абвясціць пра прыйсце Месіі і заклікаць людзей да навяртання (пар. Мц 3, 1-3). Ён стаў «святлом для язычнікаў», каб «збаўленне Божае дайшло да краёў зямлі» (Іс 49, 6). Нягледзячы на сваю выключную ролю, ён не ўзвышаў сябе — ён быў поўны пакоры і даверу да Бога. У сённяшнім другім чытанні мы чуем: «Я не той, за каго вы Мяне лічыце. Пасля мяне прыйдзе той, каму я не варты развязаць сандалі на нагах» (Дз 13, 25). Наколькі важныя — і наколькі рэдкія сёння — такія якасці...

Любыя вернікі, падчас кожнай Імшы мы чуем словы, якія прамаўляе святар: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету» (Ян 1, 29). Сённяшняя прэфацыя пра Яна Хрысціцеля нагадвае нам, што менавіта ён указаў на Езуса як на Баранка Божага. Асабліва варта ўсвядоміць гэтую праўду сёння і — калі прамаўляюцца гэтыя словы — абудзіць у душы пакору і давер да Таго, хто штодня прыходзіць да нас і бярэ на сябе нашы грахі.

Святы Ян падрыхтаваў людзей да прыйсця Хрыста, які сваім жыццём і вучэннем паказаў правільны шлях.

Словы Езуса — гэта падмурак, на якім мы павінны будаваць сваё жыццё; толькі Ён вядзе нас да вечнага жыцця. Тыя, хто з’яднаны з Ім, хто жыве Яго праўдай і сілкуецца Эўхарыстыяй, адчуюць паўнату жыцця.

Шлях Хрыста нялёгкі; каб ісці па ім, мы павінны ўзяць свой крыж і пайсці за Панам, бо хто шануе крыж, таго абароніць Хрыстус.

Мае дарагія. Літургія ўрачыстасці нараджэння святога Яна Хрысціцеля вядзе нас да адкрыцця крыніцы сэнсу нашага жыцця. Сэнсам нашага жыцця ёсць Бог, які пажадаў, каб мы нарадзіліся, які «стварыў наша нутро і выткаў нас ва ўлонні маці нашай» (пар. Пс 139, 13-14), і даў нам місію, якую мы павінны выканаць у сваім жыцці. Бог для кожнага з нас мае свой план. Гэтая місія актуальная да таго моманту, пакуль мы жывем. Часам з-за чалавечай слабасці мы можам упасці ў пыху і страціць з поля зроку Божую волю, а нават зрабіць сябе мэтай і аб’ектам дадзенай нам місіі. Нам трэба памятаць у нашых духоўных і жыццёвых змаганнях, што для кожнага з нас Пан Бог напісаў сцэнарый нашага жыцця. І гэты сцэнарый самы лепшы для нас, таму што Бог, паклікаўшы нас да жыцця, запланаваў для нас самую лепшую праграму. Самую лепшую, бо Ён заўсёды плануе, кіруючыся міласэрнасцю і любоўю. І ад нас залежыць, ці будзем мы жыць паводле Божага сцэнарыя, напісанага спецыяльна для нас, ці будзем мы непаўторнымі ў выкананні волі Божай у гэтым сцэнарыі жыцця, ці будзем мы асаблівымі носьбітамі Божых ласкаў і Яго сведкамі, Хрыстовымі паходнямі, якія асвятляюць шлях іншым, хто шукае Бога, ці ўсё ж такі захочам жыць па сваім сцэнарыі. Жыць па сваім сцэнарыі вельмі небяспечна, бо нас можа паглынуць сучасны хаос, наш эгаізм і пыха, любаванне сабою у сацсетках, як гэта стала цяпер паўсюднаю з’яваю, а таксама самалюбаванне і крытыканства. Усе гэтыя з’явы вядуць да аднаго: да аддалення ад Бога, і нам пагражае страціць ласку быць дзецьмі Божымі.

Трэба нам зразумець і памятаць: у кожным замысле Божай міласэрнасці, якая прыходзіць да нас з кожным чарговым пакліканнем, ёсць наша шчасце, ёсць пацвярджэнне таго, што, нягледзячы на маю няпамятлівасць пра Яго, Бог памятае, бо ёсць міласэрны, бо Ён — Айцец, бо Ён — верны.

Браты і сёстры,  нараджэнне і жыццё святога Яна, якія ўспамінаюцца ў сённяшняй літургіі, нагадваюць нам, што, каб захаваць сэнс жыцця, трэба выканаць адну самую важную ўмову: заўсёды ставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці. Пакора святога Яна Хрысціцеля вучыць нас, што Бог і Яго воля заўсёды павінны быць нашым прыярытэтам, і кожны з нас павінен усведамляць, што служэнне Богу — гэта найвышэйшая мэта. Мы павінны ў сваім жыцці быць тымі, хто «рыхтуе шляхі Пану» (пар. Лк 1, 76), сучаснымі Янамі Хрысціцелямі. Толькі тыя, хто зможа пераадолець спакусу пыхі, ніколі не страцяць сэнсу свайго жыцця і сваёй місіі, бо Пан Бог даў нам магчымасць нарадзіцца, каб праслаўляць Яго і верна служыць Яму. І, безумоўна, быць удзячнымі Яму за ўсё, асабліва за тую місію, якую ён нам прадвызначыў.

Сёння мы праслаўляем Бога за непахіснасць святога Яна Хрысціцеля, за яго пакору і вернасць. Напэўна, кожны з нас разумее, наколькі нам сёння патрэбныя евангельская мужнасць і адвага, каб прапаведаваць Хрыста «ў спрыяльны і неспрыяльны час», і тая вернасць, якая дазволіць нам, нават у небяспецы, сведчыць пра нашую прыналежнасць да Бога, да Касцёла.

Там, дзе ёсць святары і вернікі, якія адлюстроўваюць Сэрца Бога, якія напоўненыя мужнасцю і бескампраміснасцю, па прыкладу святога Яна Хрысціцеля, там Касцёл развіваецца, вера паглыбляецца, а надзея на вечнае жыццё ўсё больш мацнее.

Няхай гісторыя святога Яна Хрысціцеля ўмацуе нашу веру і нагадвае нам, да чаго мы пакліканы як хрысціяне. Давайце памятаць, што сваім жыццём мы павінны паказваць, хто наш Пан, штодня давярацца нашаму Збаўцу і быць вернымі Яму.

На адважнае сведчанне нашай прыналежнасці Езусу Хрысту, Збаўцу і Валадару свету, ўсіх сардэчна благаслаўляю: У імя Айца і Сына, і Духа Святога. Амэн.

✠ Арцыбіскуп Юзаф Станеўскі
Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі

Мінск, 13 чэрвеня 2026 года
Успамін святога Антонія Падуанскага

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.