У межах падрыхтоўкі да Юбілею 2025 года створана пастаянная валанцёрская служба, якая дапамагае пілігрымам з усяго свету. Валанцёры суправаджаюць пілігрымаў да канчатковай мэты іх падарожжа — ватыканскай базылікі святога Пятра.
Як паведаміла 19 лістапада Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, праект Romea Strata дзейнічае з мая 2024 года. Ён стаў вынікам супрацоўніцтва Фабрыкі святога Пятра (установы, якая вядзе справы ватыканскай базылікі) з фондам Homo Viator – San Teobaldo з дыяцэзіі Вічэнцы. У межах ініцыятывы для пілігрымаў зарэзерваваны асобны маршрут, які дазваляе пазбегнуць доўгіх чэргаў на плошчы святога Пятра. Таксама распрацавана сістэма лічбавага ўліку пілігрымаў, падобная да той, што дзейнічае ў Асізі і Сант’яга-дэ-Кампастэла. Яна дазваляе пілігрымам атрымаць testimonium — афіцыйнае пасведчанне, якое пацвярджае іх духоўнае падарожжа. Толькі з чэрвеня па кастрычнік 2024 года было выдадзена 3700 такіх пасведчанняў.
Сертыфікат уяўляе сабой спецыяльны пергамін з выявамі святых Пятра і Паўла. Для яго атрымання неабходна прайсці не менш за 100 кіламетраў.
Штодня, раніцай і ў другой палове дня валанцёры сустракаюць пілігрымаў ля спецыяльна абсталяванага пункту пры ўваходзе на плошчу святога Пятра. Пілігрымы прыбываюць у асноўным пешкі і на роварах. Ёсць і тыя, хто пераадолеў шлях да ватыканскай базылікі конна. «Пілігрым міру» іспанец Альбэрто Кастэла дэ Перэда прыйшоў у Рым пешкі з Ерузалема, а адна італьянскай пара з горада Піза прыбыла ў маі 2024 года на плошчу святога Пятра на конях.
Асноўнай навіной Romea Strata стала рэканструкцыя апошняга ўчастка гістарычнага шляху пілігрымаў. Замест Трыумфальнай дарогі (Via Trionfale) ім прапануецца новы, больш бяспечны і маляўнічы маршрут. Пры супрацоўніцтве з Італьянскай чыгункай і адміністрацыяй Рыма быў адноўлены закінуты ўчастак чыгункі, а таксама тунэль Монтэ-Чочы, закрыты каля дзесяці гадоў таму. Адноўлены ўчастак адкрывае перад пілігрымамі ўнікальную панараму горада, якая стварае спрыяльны настрой перад прыбыццём у базыліку святога Пятра.
Неўзабаве будзе прэзентаваны таксама новы даведнік па маршруце Romea Strata — гістарычным шляху пілігрымаў, які вядзе ад Тарвізіа (на поўначы Італіі) да Рыма. Спадарожнік створаны ў супрацоўніцтве з выдавецтвам Terre di mezzo. Ён уключае дэталёвую інфармацыю аб 1000-кіламетровым шляху, апісвае яго гістарычныя, культурныя і прыродныя асаблівасці, а таксама дае пілігрымам практычныя парады.
Юбілей 2025 года стане асаблівым часам для духоўнага аднаўлення і сустрэчы пілігрымаў з усяго свету.
Арцыпрэзбітэр ватыканскай базылікі кардынал Маўро Гамбэцці адзначыў важнасць гасціннасці. «Мы радыя, што Фонд Homo Viator – San Teobaldo дапамагае нам прымаць пілігрымаў з розных куткоў свету, якія прыбываюць да магілы Апостала Пятра. Такая ўвага і блізкасць дазваляе аказаць ім гасцінны прыём у гэтым унікальным і дарагім для ўсіх вернікаў месцы», — кажа кардынал Гамбэцці.