Пошук

29.10.2024 20:09   Тэкст: Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Фота: з архіву Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі / Catholic.by

26 і 27 кастрычніка ў Дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры святога Лукі ў Ляскоўцы, што пад Мінскам, прайшоў трэнінг для валанцёраў парафіяльных суполак Дабрачыннага каталіцкага таварыства Caritas на тэму: «Хрысціянскае лідэрства».

На працягу двух гадоў, ужо пяты раз запар, валанцёры сабраліся, каб набыць новыя веды, падзяліцца сваім вопытам працы і завесці новыя знаёмствы з аднадумцамі.

Гэтым разам удзел у адукацыйнай сустрэчы ўзялі валанцёры з парафій Найсвяцейшага Імя Марыі (Мінск, катэдра), святога Францішка Асізскага ў Копішчы (Новая Баравая), Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі (Будслаў), трох парафій святога Казіміра (Маладзечна, Стоўбцы, Лагойск), Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі (Заслаўе), Божага Цела (Нясвіж), святых апосталаў Пятра і Паўла (Капыль), святога Андрэя Апостала (Нарач).

Першы дзень распачаўся святой Імшой, цэлебрацыю якой узначаліў дырэктар Caritas Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі брат Анатоль Ярошка OFMCap.

У гаміліі ён звярнуў увагу на важнасць усведамлення таго, што мы ўсе — дзеці Бога.

«Хрысціяне — гэта людзі дзеяння, бо ў ім можа праяўляцца найбольш яскрава галоўная запаведзь любові: як, найперш, да Бога, так і да чалавека, бліжняга», — падкрэсліў святар.

Пасля супольнай малітвы сястра Валерыя Пацукевіч MSF, якая з’яўляецца адказнай за дабрачынную дзейнасць у Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Святой Сям’і і духоўным настаўнікам валанцёраў, распачала апавяданне пра лідэра Старога Запавету Майсея, кіраўніцтва якога разглядалася як узор для пераймання. Сястра Валерыя адзначыла пры гэтым, што хоць Майсей з’яўляецца важным прыкладам хрысціянскага лідэрства, паказваючы, як можна весці народ з верай, пакорай і адданасцю Богу, але цэнтральнай фігурай хрысціянства і яго галоўным лідэрам з’яўляецца Езус Хрыстус.

На працягу двух дзён законніца імкнулася паказаць якасці сапраўднага лідэра Езуса Хрыста і яго служэнне.

На трэнінгу валанцёры атрымалі магчымасць развіць навыкі эфектыўнага лідэрства, такія як камунікацыя, прыняцце рашэнняў і кіраванне камандамі, што дапаможа ім у валанцёрскай дзейнасці. Удзельнікі натхніліся прыкладамі паспяховых хрысціянскіх лідэраў, што дапамагло ім убачыць, як яны могуць уплываць на свае супольнасці і служыць іншым. Праца ў камандзе спрыяла ўсталяванню сувязяў паміж валанцёрамі, дазволіла ім абменьвацца вопытам, падтрымліваць адзін аднаго і працаваць сумесна над сацыяльнымі ініцыятывамі.

Навучанне хрысціянскаму лідэрству стала важным інструментам для развіцця валанцёраў. Арганізатары трэнінгу спадзяюцца, что гэта дапаможа ім стаць больш эфектыўнымі лідэрамі ў сваіх супольнасцях.

Духоўна ўзбагачаныя валанцёры вярнуліся ў свае парафіі з новымі пастановамі і ідэямі, каб несці Евангелле кожнаму чалавеку праз учынкі міласэрнасці і матываваць іншых.

Рэлігійная місія «Дабрачыннае каталіцкае таварыства Caritas» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі запрашае ўсіх ахвотных, хто мае жаданне рабіць дабро і дапамагаць людзям, стаць валанцёрскім лідэрам Сaritas у сваёй парафіі.

Для гэтага напачатку неабходна запоўніць акету валанцёра ТУТ>>>

 

Абноўлена 29.10.2024 20:25
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.