Пошук

18.11.2024 16:09   Catholic.by
Ілюстрацыйная выява: newjerusalemstudios.com

Рэктар Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне ксёндз канонік Віталь Вайцяхоўскі кіруе вернікам Касцёла на Беларусі ліст на нядзелю Хрыста Валадара сусвету — дзень, калі збіраюцца ахвяраванні на ўтрыманне семінарыі, які сёлета прыпадае 24 лістапада.

  • Тэкст ліста для друку ТУТ>>>
  • Тэкст ліста па-польску ТУТ>>>

Ліст на нядзелю Хрыста Валадара Сусвету
рэктара Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне
ксяндза каноніка Віталя Вайцяхоўскага

24 лістапада 2024 г.

Паважаныя браты і сёстры,

у 1925 годзе Папа Пій XI, абвяшчаючы энцыкліку Quas primas, увёў свята Хрыста Валадара. Прычыны ўстанаўлення гэтага свята Святы Айцец патлумачыў наступнымі словамі: «Людзям трэба нагадваць аб іх абавязках перад Езусам Хрыстом як Панам і Валадаром і аб тым, што Яго панаванне распаўсюджваецца на іх асабістае і грамадскае жыццё».

Папа адзначыў, што шмат зла абрынулася на свет, бо многія людзі выдалілі Езуса Хрыста і Яго найсвяцейшы закон са сваіх звычаяў, асабістага, сямейнага і грамадскага жыцця, а ў будучыні няма надзеі на трывалы мір паміж народамі, пакуль як асобныя людзі, так і цэлыя краіны пазбягаюць і адмаўляюць валадарства Нашага Збаўцы.

Хрыстус Валадар сядзіць на сваім троне славы ў акружэнні анёлаў, але падчас суда выявіцца, што Ён прыйшоў да нас як наш бліжні — галодны, прагнучы, бяздомны, абадраны, пераследаваны. З радасцю распазнаём нябачнага Валадара ў бедным чалавеку, які чакае ад нас любові. Кожная перамога над уласнай слабасцю, кожнае навяртанне — гэта ўласнае, унутранае свята гэтага Валадара.

Што такое Валадарства Божае? Валадарства Божае не з гэтага свету. Яно на гэтай зямлі, але не з гэтай зямлі. Яно носіць духоўны характар. Развіваецца ў свеце, але знаходзіць сваю канчатковую мэту толькі на небе. Валадарства Езуса — гэта Валадарства праўды і жыцця, Валадарства ласкі і святасці, Валадарства любові, справядлівасці і міру.

Мы ўсе пакліканыя будаваць Божае Валадарства на зямлі, дзе жывем і дзе праходзіць наша штодзённасць. Бог запрасіў нас да супрацоўніцтва, вызваліў нас ад улады зла і аддаў пад уладу дабра, даў нам моц супрацьстаяць злу і чыніць дабро, даў нам права чэрпаць Божую моц ва ўсіх святых сакрамэнтах.

У гісторыі хрысціянства было шмат паслядоўнікаў Хрыста, якія мужна браліся за пабудову Валадарства Божага на зямлі. Многія праславіліся як святыя мучанікі і вялікія місіянеры.

У Касцёле шмат людзей, якія і сёння прысвячаюць сваё жыццё і працу, а перадусім сваю любоў Езусу Хрысту.

Цікавая гісторыя паклікання святога Францішка Асізскага. Падчас малітвы ў разбуранай капліцы ён пачуў голас Пана, які казаў: «Францішак, ідзі адбудуй мой дом, які, як бачыш, разбураецца». Адразу пасля таго, як пачуў голас Бога, ён адбудаваў касцёл Маці Божай Анёльскай, званы Парцыюнкула, а пазней зразумеў, што Бог кліча яго да духоўнага аднаўлення Касцёла.

У кожную эпоху і ў кожным пакаленні Бог кліча свой народ да адбудовы Касцёла. У кожнай эры Касцёла ёсць месца для аднаўлення і вяртання да нашых каранёў у Пану. Узнікаюць новыя выклікі, якія патрабуюць выбару. У кожным стагоддзі Бог запрашае нас не наракаць на існуючую сітуацыю, а выпраўляць яе.

Мы з’яўляемся прыладай ў Яго руках — тым больш карыснай, чым больш дазваляем Яму весці сябе. Бог не чакае ад нас вялікіх спраў або незвычайнага поспеху. Ён толькі просіць нас зрабіць тое, што мы павінны зрабіць у той час, які ён нам дае.

Свет патрабуе жывога сведчання.

У Касцёле неабходны людзі, якія не будуць копіямі святога Францішка, Папы Вайтылы, ксяндза Папялушкі, Маці Тэрэзы з Калькуты і іншых, а стануць тымі, хто прыцягне іншых да Бога: прыцягне сваёй гісторыяй і харызмай там, дзе яны жывуць сёння. Нам патрэбныя людзі, якія сапраўды жывуць Евангеллем. Я і ты патрэбныя Хрысту.

Прыгожае сведчанне далі нам дакладчыкі і ўдзельнікі навуковай канферэнцыі: «Новая евангелізацыя ў кантэксце дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі», якая праходзіла ў будынку Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне. Было сказана, што евангелізацыя — гэта шлях Касцёла, кожны з нас атрымлівае моц Духа Святога, а таксама харызмы і дары, мэта якіх — будаванне Цела Хрыста, гэта значыць Касцёла.

Прадстаўнікі розных груп з усіх дыяцэзій Беларусі дзяліліся багатым вопытам евангелізацыі ў сваім асяроддзі, і заўсёды на першае месца ставілі асабістае сведчанне, сакрамэнтальнае жыццё, перамены ў ім і дзяленне радасцю веры. Мы прадстаўляем нашага Пана на зямлі праз служэнне і місіі, якія адкрываем у сабе на працягу ўсяго жыцця.

Напрыканцы мы пачулі заклік нашых пастыраў не спыняцца на тым, што было і ёсць, але, як чытаем у Апакаліпсісе святога Яна: «Хто мае вушы, няхай чуе, што Дух прамаўляе Касцёлам» (Ап 2, 7). Перафразуючы гэты сказ, мы шукаем не тое, што нам падабаецца, але тое, чаго жадае Бог.

Сённяшняя літургія адраджае ў нас жаданне, каб Хрыстус сапраўды валадарыў у нашым жыцці.

Хрыстус — укрыжаваны Валадар, Валадар, увянчаны цернямі, павешаны на крыжы, і застаецца ім назаўсёды, нават цяпер, седзячы праваруч Айца, да якога вярнуўся пасля свайго ўваскрасення. Па чалавечых мерках, Яго Валадарства вельмі цяжка зразумець. Мы глядзім на гэта праз прызму дарогі пакорнай любові і жыцця, якое з’яўляецца дарам і служэннем. Толькі Дух Святы робіць нас здольнымі з’яднацца з гэтым пакорным Валадаром хвалы. Да гэтай любові пакліканы кожны вучань.

Хрыстус, Валадар Любові, памёр на крыжы як злачынца, каб мы былі збаўленыя. Яго катавалі, каб мы ўсе вылечыліся. Ён цярпеў нечалавечае прыніжэнне, каб мы маглі быць узнесеныя. Ён быў адкінуты людзьмі, каб мы маглі быць прынятыя Айцом нябесным. Яго «залічылі ў злачынцы», каб мы сталі святымі. Ён дазволіў быць «пераможаным на крыжы», каб мы сталі пераможцамі, уваскрэслі разам з Ім і дасягнулі неба.

Кожны дзень мы гаворым: «Прыйдзі Валадарства Тваё». Яно прыйшло, але паглядзім, якія мы і што адбываецца сярод нас, ці ёсць у нас валадарства праўды, справядлівасці, любові і міру? Таму памолімся заключнымі словамі з Літаніі да Хрыста Валадара: Усемагутны, спрадвечны Божа, які хацеў усё абнавіць праз свайго Найміласэрнейшага Сына, Валадара Сусвету, у сваёй дабрыні зрабі так, каб усе народы, падзеленыя праз грэх, падпарадкаваліся Твайму салодкаму валадарству.

У нашай семінарыі распачаўся 35-ы навучальны год. Дзякуй за гэта Богу.

У гэты дзень, паводле шматгадовай традыцыі, адважваемся прасіць усіх вернікаў Беларусі аб асабліва гарачай малітве за нашых семінарыстаў і аб новых святарскіх пакліканнях.

Кожная парафія і кожная супольнасць вернікаў маюць патрэбу ў руплівым і чулым пастыры. Аднак пачаткам паклікання з’яўляюцца нашыя сем’і і парафіяльныя супольнасці, дзе маладыя людзі распазнаюць Божы заклік да святарства і прымаюць першыя рашэнні.

Ад імя ўсёй семінарыйнай супольнасці я хацеў бы падзякаваць усім святарам, законным сёстрам, свецкім вернікам і кожнаму асабіста за ўсю дабрыню, якую вы аказваеце нашай семінарыі, і прашу аб малітве і ўсялякай падтрымцы, каб наша фармацыя была больш эфектыўнай і плённай, запэўніваем у малітоўнай памяці ўсіх нашых дабрадзеяў і сяброў, усіх тых, хто носіць у сваім сэрцы справу паклікання. Шчыра дзякуем вам за падтрымку і суправаджэнне нашай семінарыйнай супольнасці: як духоўнае, так і матэрыяльнае. Аддзяч, Божа!

Абноўлена 18.11.2024 16:10
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця