13 лістапада ў Хрысціянскім сацыяльным цэнтры ў Мінску арцыбіскуп эмэрыт Тадэвуш Кандрусевіч правёў дзень засяроджання для Меншых Братоў Капуцынаў з Маладзечанскага рэгіёна.
Напачатку заслужаны іерарх прамовіў аскетычную канферэнцыю на тэму «Духоўнае выгаранне і змаганне з ім». У ёй арцыбіскуп Кандрусевіч заўважыў, што адны крызісы з’яўляюцца вынікам натуральнага развіцця чалавека, іншыя — вынікам маральнага бязладдзя, унутранага хаосу і несумленнасці.
«Аднак кожны крызіс можна разглядаць як магчымасць для пабудовы новага жыцця, бо ён стымулюе да пошуку новых рашэнняў», — падкрэсліў іерарх. Ён дадаў, што не застрахаваныя ад крызісаў і духоўныя асобы, хоць пачатак іх служэння Богу і Касцёлу быў поўны энтузіязму. Адсюль узнікаюць непрыемныя сюрпрызы, у тым ліку і выгаранне — прыкмета нашага часу.
Галоўнай прычынай выгарання арцыбіскуп назваў хібы ў духоўным жыцці, і адзначыў, што чалавек, які змагаецца з праблемай выгарання, патрабуе дапамогі. Ён даў капуцынам канкрэтныя рэкамендацыі адносна таго, як не трапіць у падобную сітуацыю.
Пасля канферэнцыі адбылася святая Імша, цэлебрацыю якой узначаліў заслужаны іерарх. У прамоўленай гаміліі ён засяродзіўся на тым, што Езус казаў сваім вучням пра грахі і спакусы, супрацьстаяць якім дапамагае моцная вера, што праяўляецца ў штодзённым жыцці.
На заканчэнне арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч пажадаў капуцынам, каб, умацаваныя Божай ласкай, мужна змагаліся са спакусамі і давалі прыклад моцнай веры.