У Рыме адкрыўся афіцыйны пункт прыёму пілігрымаў і турыстаў з усяго свету, якія падчас Юбілею скіруюцца ў базыліку святога Пятра.
Як паведаміла 1 лістапада Польская рэдакцыя парталу Vatican News, ён будзе дзейнічаць на праспекце, які вядзе ад замка Святога Анёла каля Тыбра да Ватыкана (Via della Conciliazione, 3 A). Там пілігрымы атрымаюць гасцінны прыём і ўсю неабходную інфармацыю.
«Мы хочам, каб яны ведалі, што мы прымаем іх з распасцёртымі абдымкамі», — сказаў Генеральны вікарый Святога Айца для Горада-дзяржавы Ватыкан кардынал Маўро Гамбэцці.
Святы 2025 год будзе афіцыйна распачаты Папам 24 снежня адкрыццём святых дзвярэй у ватыканскай базыліцы.
Як заявіў арцыбіскуп Рыно Фізікела, адказны ў Ватыкане за падрыхтоўку Юбілею, гэты пункт быў распрацаваны такім чынам, каб палегчыць прыём вялікага наплыву пілігрымаў, што чакаецца ў наступным годзе. Тут яны атрымаюць усю інфармацыю і матэрыялы, якія дапамогуць ім як мага паўней перажыць Юбілей. Там пілігрымы знойдуць падрабязныя карты юбілейных маршрутаў і інфармацыю пра запланаваныя рэлігійныя і культурныя мерапрыемствы. Таксама будзе магчымасць паразмаўляць з духавенствам.
У інфармацыйным пункце пілігрымы, якія ідуць да базылікі Святога Пятра, таксама атрымаюць асноўную інфармацыю пра святыню і падрабязнасці, якія не ўсім вядомыя. Прадугледжаныя спецыяльныя матэрыялы для дзяцей, падлеткаў і для школ.
Тут жа можна будзе набыць памятныя юбілейныя сувеніры.
На цырымоніі адкрыцця пункта прысутнічаў мэр Рыма Рабэрто Гуалцьеры. Гэта месца будзе служыць аператыўным цэнтрам забеспячэння бяспекі і кіравання патокамі турыстаў. Дзякуючы шчыльнаму супрацоўніцтву з паліцыяй і гарадскімі ўладамі, паток пілігрымаў будзе пастаянна кантралявацца, каб забяспечыць спакой і бяспеку для ўсіх.