Пошук

07.07.2021 13:45   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

2 і 3 ліпеня ў Нацыянальным санктуарыі ў Будславе прайшлі традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай. Прапануем узгадаць, чым быў найбольлш адметны сёлетні Будслаўскі фэст.


Перадусім варта адзначыць, што сёлетнія ўрачыстасці ў Нацыянальным санктуарыі праходзілі праз няпоўныя два месяцы пасля пажару ў будслаўскай базыліцы, які цалкам знішчыў дах святыні.

У сувязі з гэтым доступ у касцёл падчас фэсту быў закрыты, а ўсе цэлебрацыі адбываліся на палявым алтары, дзе знаходзіўся таксама і цудадзейны абраз Маці Божай Будслаўскай, які на ноч выносіўся ў бяспечнае месца.

Напамінам пра пажар стаў крыж з абгарэлых бэлек даху, усталяваны перад касцёлам.


Перад палявым алтаром былі змешчаны восем копій цудатворных ікон Маці Божай з найбольш папулярных марыйных санктуарыяў Беларусі, якія перад гэтым правезлі па ўсёй краіне ў пілігрымцы-перэгрынацыі, арганізаванай пробашчам парафіі святога Сымона і святой Алены ў Мінску ксяндзом канонікам Уладзіславам Завальнюком.

Яшчэ аным пазітыўным знакам стала тое, што перад урачыстасцямі ў Будславе пасля доўгага перапынку зноў пачаў ісці трохсотгадовы гадзіннік на касцёльнай вежы, адноўлены і наладжаны прафесійнымі рэстаўратарамі.

Паколькі ў першы дзень фэсту прыпадала ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай, першая святая Імша цэлебравалася на палявым алтары апоўдні. Узначаліў цэлебрацыю біскуп Юрый Касабуцкі, які выказаў надзею на хуткую адбудову будслаўскай базылікі, якая з’яўляецца не толькі выдатным помнікам архітэктуры, але перадусім важным духоўным цэнтрам для ўсяго беларускага народа.

Нягледзячы на пажар, ад правядзення фэста ў запланаваны час вырашылі не адмаўляцца.


Не застаўся Будслаў і без кірмашу, але да традыцыйных цукровых пеўнікаў і рэлігійных прадметаў сёлета дадаліся незвычайныя сувеніры: кавалкі абгарэлых бэлек і крокваў, а таксама медзі з даху базылікі, што засталіся пасля пажару. Выраб гэтых памятак, якія кожны ахвотны мог набыць за ахвяраванне, быў арганізаваны Дабрачынным каталіцкім таварыствам Caritas, а ўсе сабраныя ў выніку сродкі прызначаны на аднаўленне касцёла ў Будславе.

З той самай мэтай супрацоўнікі і выхаванцы Хрысціянскага сацыяльнага цэнтру ў Мінску падрыхтавалі смачны крафтавы зефір уласнага вырабу з хатняй садавіны, якім частавалі ахвотных разам з гарбатай з зёлак.

Увагу да ходу прац па аднаўленні пацярпелай ад пажару святыні праяўляе таксама дзяржаўная ўлада, сведчаннем чаго стала прысутнасць на фэсце старшыні Мінаблвыканкама Турчына і старшыні Мядзельскага райвыканкама Вайнілкі, якія коратка наведалі ўрачыстасць.

Нягледзячы на тое, што сёлета з-за складанай эпідэміялагічнай сітуацыі арганізаваныя пілігрымкі не праводзіліся, тым не менш на працягу ўсяго першага дня ў Будслаў у індывідуальным парадку прыбывалі пілігрымы пешкі і на роварах.

Увечары святую Імшу для пілігрымаў цэлебраваў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўпэўнены, што з Марыяй нашаму народу ўдасца пабудаваць новую Беларусь, заснаваную на сапраўдных хрысціянскіх каштоўнасцях. Колькасць удзельнікаў начной Імшы набліжалася да той, якая была тут у «дакавідныя» гады.

Імшу апоўначы з традыцыйнай працэсіяй са свечкамі цэлебраваў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч: упершыню ў якасці Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. У прамоўленай гаміліі іерарх заклікаў удзельнікаў урачыстасці да малітвы аб тым, каб Беларусь сапраўды стала краінай для годнага жыцця.

Завяршыліся сёлетнія ўрачыстасці святой Імшой 3 ліпеня, цэлебрацыю якой узначаліў Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч. Прадстаўнік Папы Францішка ў Беларусі асаблівым чынам маліўся перад цудадзейным абразом Маці Божай Будслаўскай за мір і згоду ў нашай краіне.

Усяго ў сёлетнім Будслаўскім фэсце ўзялі ўдзел каля дзвюх соцень святароў, да дзесяці тысяч вернікаў, і яшчэ прыкладна столькі ж сачылі за ўрачыстасцю з дапамогай прамой трансляцыі на канале Нацыянальнага санктуарыя.

Абноўлена 07.07.2021 17:45
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Дух хоча жыць у нас –
мы пакліканы да вечнага жыцця