2 ліпеня, у дзень урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, святой Імшой апоўдні, якую біскуп Юрый Касабуцкі цэлебраваў разам з новапрэзбітэрамі і іншымі святарамі, у Будславе распачаўся традыцыйны фэст.
Сёлета ён моцна адрозніваецца ад усіх папярэдніх. На гэта біскуп Касабуцкі звярнуў увагу ў прамоўленым падчас Імшы Божым слове.
Іерарх адзначыў, што гэтым разам вернікі не маюць магчымасць зайсці ў пашкоджаную пажарам базыліку, і таму цудадзейны абраз Маці Божай знаходзіцца на палявым алтары на адкрытым паветры.
Апошні раз такое было ў 1998 годзе, калі тагачасны арцыбіскуп Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі кардынал Казімір Свёнтэк каранаваў будслаўскую ікону Божай Маці папскімі каронамі.
Біскуп Касабуцкі звярнуў увагу на тое, што пажар у Нацыянальным санктуарыі, які адбыўся ў маі, стаў для вернікаў беларускага Касцёла вялікім выпрабаваннем, падобным да таго, якое напаткала католікаў Францыі, калі гарэла галоўная святыня Парыжа катэдра Нотр-Дам.
«Мы глядзім на будынак будслаўскага касцёла, і нашыя сэрцы абліваюцца крывёю. Напэўна, многія задаюць сабе пытанне: „Чаму такое здарылася менавіта тут, дзе мы так утульна сябе адчувалі пад крылом Маці Божай?“», — дадаў біскуп.
Нагадаўшы, што ў гісторыі няраз здараліся пажары ў святынях, якія потым супольнымі намаганнямі адбудоўваліся, іерарх зазначыў, што з падобных выпрабавнняў супольнасць вернікаў павінна выходзіць мацнейшай, як сталь пасля закальвання. Генеральны вікарый архідыяцэзіі адзначыў, якую вялікую хвалю салідарнасці выклікала гэтае няшчасце не толькі сярод католікаў, але сярод людзей розных канфесій і нават розных рэлігій, у тым ліку мусульманаў.
Дзякуючы ўсім за дапамогу, за матэряльную і духоўную падтрымку, біскуп Юрый Касабуцкі выказаў надзею на хуткую адбудову будслаўскай базылікі, якая з’яўляецца не толькі выдатным помнікам архітэктуры, але перадусім важным духоўным цэнтрам для ўсяго беларускага народа.
На заканчэнне цэлебрацыі іерарх папрасіў пробашча будслаўскай парафіі ксяндза Дзмітрыя Дубовіка падзяліцца радасцю і распавесці пра запушчаны за некалькі дзён перад фэстам гадзіннік на вежы касцёла, які не ішоў доўгія гады.