Пошук

03.07.2020 11:11   Catholic.by

Увечары 2 ліпеня цэлебрацыю апошняй святой Імшы ва ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай у Нацыянальным санктуарыі ўзначаліў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.

Эўхарыстыя, як і іншыя цэлебрацыі ў гэтыя дні, адбывалася на палявым алтары і сабрала некалькі соцень удзельнікаў, якія прыбылі з розных мясцін Беларусі, каб ушанаваць Маці Божую ў Яе цудадзейнай Будслаўскай іконе.

У прамоўленым Божым слове біскуп Юрый засяродзіўся на евангельскай сцэне Адведзінаў Найсвяцейшай Паннай Марыяй святой Альжбеты.

«Марыя паспяшалася да сваёй ужо немаладой сваячкі, каб яе падтрымаць і дапамагчы. Яна ўвайшла ў яе становішча; не столькі зразумела, колькі адчула, як важна ў гэтую хвіліну быць побач.

Таксама на вяселлі ў Кане Галілейскай Марыя не засталася абыякавай да той непрыемнай сітуацыі, у якую трапілі маладыя, калі ў іх не хапіла віна. З гэтай прычыны іх маглі асуджаць незадаволеныя госці і пасля яшчэ доўга кпіць з небаракаў. Марыя ратуе становішча, звяртаючыся з просьбай аб дапамозе да свайго Сына. <…>

І сёння, як ва ўсе часы, Маці Божая не застаецца абыякавай да патрэбаў людзей, якім неабходна Яе матчына падтрымка і дапамога.

Яна становіцца нашай Заступніцай, Пасрэдніцай Божых ласкаў, такіх патрэбных у жыцці для кожнага чалавека», — падкрэсліў іерарх.

Ён дадаў, што Марыя не проста наведала Альжбету, але, як перадае Евангелле, засталася з ёю даўжэйшы час, некалькі месяцаў.

«Завяршаюцца сёлетнія ўрачыстасці ў Будславе, але няхай Марыя застаецца з усімі намі і ніколі нас не пакідае, падтрымліваючы на жыццёвым шляху і паказваючы дарогу да свайго Сына — Езуса Хрыста», — сказаў на заканчэнне гаміліі біскуп Юрый Касабуцкі.

Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі падзякаваў Богу за добрае надвор’е, што, насуперак прагнозам, не стала дадатковаю цяжкасцю ў правядзенні сёлетніх урачыстасцяў Маці Божай Будслаўскай, якія адбываліся ў час пандэміі.

Словы шчырай падзякі іерарх выказаў тым, хто прычыніўся да арганізацыі парафіяльнага адпусту ў Будславе, перадусім ксяндзу пробашчу Дзмітрыю Дубовіку, вікарыю парафіі ксяндзу Аўгусту Калясінскаму, сястры назарэтанцы Таццяне Стасюкевіч, будслаўскім вернікам і ўсім тым, хто дапамагаў ім у падрыхтоўцы да фэсту. Біскуп падзякаваў таксама ўсім пілігрымам, якія ў індывідуальным парадку наведалі ў гэтыя дні Нацыянальны санктуарый, святарам, якія служылі ў канфесіяналах і далучыліся да цэлебрацый, і, нарэшце, хорам, якія прыгожым спевам аздобілі ўрачыстыя набажэнствы.

Абноўлена 03.07.2020 11:36
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа