Пошук

10.07.2020 12:19   Тэкст і фота: Віктар Ведзень / Catholic.by

Гэтым летам з прычыны пандэміі каранавірусу вернікі пілігрымавалі ў санктуарый у Будславе толькі ў індывідуальным парадку. Пра сямейную пілігрымку Мінск – Будслаў – Мінск, агульная працягласць шляху ў якой склала 308 кіламетраў, распавядае Віктар Ведзень.

У пілігрымку ў Нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай мы з жонкам ходзім некалькі гадоў запар. Гэта ўжо стала часткай жыцця, а пасля і добрай сямейнай традыцыяй. А сам шлях — часам падзякі Богу за пражыты год, за Яго прысутнасць у нашым жыцці і сям’і.

Як толькі афіцыйна стала вядома, што арганізаваных пілігрымак у Будслаў у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй ў нашай краіне сёлета не будзе, трэбы было вырашаць, як самім прыбыць на свята да Маці Будслаўскай. У гэтым годзе мы хацелі гэта зрабіць разам з нашым сынам, якому два з паловай гады. І вырашылі, што ідэальны варыянт здзейсніць гэты шлях — зладзіць сваю сямейную пілігрымку на роварах.

Як часамі бывае перад падарожжам, пачынаеш збірацца ў апошні дзень, нават перад самым выездам раніцай. Перабіраеш рэчы, нешта выкладаеш ці, наадварот, думаеш, што яшчэ не ўзяў. Так было і зараз, нягледзячы на тое, што кожны дзень пілігрымкі пракручваўся ў галаве дэталёва ўжо за тыдзень.

Напэўна, самым складаным было своечасова выехаць і паспець на ранішнюю Імшу, а пасля далей праехаць праз горад.

Перад намі былі тры дні дарогі да Будслава. Як для мяне, то нават шмат часу, каб даехаць. Але, паколькі такая пілігрымка адбывалася ўпершыню і з маленькім дзіцем, трэба было шмат чаго прадумваць дэталёва. Крыху хваляваліся, якое будзе надвор’е ў дарозе, якія і колькі рэчаў спатрэбяцца дзіцяці, як ён першы раз будзе адчуваць сябе ў крыху нязвыклых умовах.

Асабліва трэба было знайсці перад выездам прыдатны і надзейны велапрычэп. Можна сказаць, што толькі за два дні да пілігрымкі нам трапіўся двухмесны дзіцячы прычэп з багажнікам і нават з амартызатарамі. Так што нашаму маленькаму пасажыру ехаць было камфортна. І, як толькі мы ад’ехалі ад Мінска, дзіця адразу ж заснула. Свежае паветра і хуткасць гэтаму добра спрыялі!

Мы арыентаваліся на маршрут штогадовай роварнай пілігрымкі ад Чырвонага касцёла. Аднак, як паказала пілігрымка, заўсёды было месца для ўпісання Богам свайго сцэнарыю шляху, што атрымалася для нас яшчэ лепей і спакайней.

Дарога аказалася разнастайнай. Узгоркі з працяглымі пад’ёмамі і спускамі дадавалі кантраст маршруту.

Паступова розныя супярэчлівыя думкі знікалі з галавы — толькі тады пачынаеш адпачываць ад гарадской мітусні і проста атрымліваць асалоду ад наваколля.

Дарога была падзелена прыкладна на аднолькавыя адлегласці, і ў першы дзень атрымалася праехаць 62 км. Пад вечар мы даехалі да Радашковічаў, дзе змаглі крыху адпачыць, набраць свежай вады і наведаць касцёл Найсвяцейшай Тройцы. Ад’ехаўшы яшчэ каля дзесяці кіламетраў убок да вёскі Сычавічы, мы спыніліся на наш першы начлег.

Пад раніцу пайшоў дождж, пад які добра спалося. Калі паснедалі і размеркавалі нанава рэчы, сёння нам трэба было даехаць да Касцяневічаў, але план ажыццявіўся іншым чынам. Шмат часу ў мяне занялі прыпынкі на фатаграфаванне розных цікавых аб’ектаў. Складана фатографу праехаць міма і не зафіксаваць убачанае!

Калі даехалі да Вілейскага вадасховішча, што ў вёсцы Сосенка, здавалася, нібы трапілі на мора. Моцны вецер падымаў хвалі, што ўразаліся ў берагі і накатваліся зноў. Нават лёгкі балотны пах раптам ператварыўся ў салёны марскі брыз. «Ура, мора!» — усклікнулі жонка з сынам. Крыкі чаек дапаўнялі гэтую атмасферу. Так у гэты дзень мы засталіся на адным з прыгожых берагоў вадасховішча. Зручна было, што на кожны дзень у нас была размеркавана ежа і газавая турыстычная гарэлка. Гэта давала час на адпачынак і аднаўленне сіл.

Калі пачынаеш прыслухоўвацца адзін да аднаго, заўважаеш і прымаеш патрэбы блізкага чалавека, то нібыта адкрываешся на Божы Провід, падумалася мне гэтым днём.

Шлях да Маці Божай Будслаўскай — гэта ачышчэнне праз пэўныя выпрабаванні, як кажуць дасведчаныя пілігрымы. Абвастраюцца пачуцці, эмоцыі, адчуваюцца мазалі, на шляху нечакана пачынаецца навальніца, моцны вецер — так часта было ў пешых пілігрымках. Зараз быў іспыт гравійкай. Каб хутчэй прыбыць у Будслаў і паспець на вячэрнюю Імшу, вырашылі паехаць напрасткі.

Лясная дарога і ў апошнія 16 кіламетраў стала добрым параўнаннем з пройдзенай адлегласцю. Адчуваўся кожны каменьчык, кожная ямка, і парывiсты вецер увесь час мяняўся. Усё ж такі, выехаўшы каля Будслава на асфальтаваную дарогу, адчулі палегку, і настрой падымаўся, калі ўбачылі будслаўскую святыню.

Вяртацца ў Мінск вырашылі таксама на роварах. Адпачыўшы фізічна і набраўшыся духоўных сіл, круціць педалі было лёгка. Нават атрымалася ўстанавіць новы сямейны рэкорд, праехаўшы 108 кіламетраў за адзін дзень.

Зразумеў, што пілігрымка распачалася нашмат раней. Яшчэ на стадыі нараджэння думак пра яе. Калі ўжо ўяўлялася дарога — адбывалася псіхалагічная настройка на шлях, а атрыманае духоўнае благаслаўленне дадало ўпэўненасці, што ўсё атрымаецца як мае быць!

 

Абноўлена 10.07.2020 13:27
Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Бог заўсёды чакае нас.
Ён ніколі не губляе надзеі і заўсёды прабывае побач.