Пошук

02.07.2021 11:48   Тэкст: Мікола Гракаў / Фота: Віталій Палінеўскі / Catholic.by

Побач з Нацыянальным санктуарыем Маці Божай Будслаўскай перад фэстам быў усталяваны крыж, зроблены з абгарэлых бэлек і фрагментаў медзі з даху святыні, знішчанага пажарам 11 мая.

Перад крыжам змешчана таблічка з надпісам:

«Боль і ахвяра. Крыж зроблены з гістарычных абвугленых бэлек згарэлага даху Будслаўскай базылікі».

Побач знаходзіцца яшчэ адзін крыж з назваю «Памяць і ўдзячнасць», які да пажару захоўваўся за галоўным алтаром святыні. Ён быў зроблены ў 2007 годзе ў Вільні з гістарычных бэлек, знятых з даху віленскага кляштара айцоў бэрнардынаў, пабудаванага ў 1507 годзе побач з касцёлам святой Ганны.

Гэтыя бэлькі былі вычасаны з дрэваў, якія больш за пяцьсот гадоў таму раслі ў пушчы на берагах ракі Сэрвач, дзе манахі для іх нарыхтоўкі заснавалі паселішча з «будаў», або буданоў — сённяшні Будслаў.

Бэрнардыны сплаўлялі драўніну па паўнаводных тады Сэрвачы і іншых рэчках у Вілію, а па ёй — у Вільню, дзе яе выкарыстоўвалі для будаўніцтва кляштара.

Падчас яго рэстаўрацыі на пачатку ХХІ стагоддзя частка бэлек была заменена, а з гістарычнага дрэва быў зроблены крыж, які ў гонар 500-годдзя Будслава на маторных лодках супраць цячэння даставілі ў нацыянальны санктуарый.

Арганізаваная ў 2007 годзе ксяндзом Уладзіславам Завальнюком водная пілігрымка мела працягласць 308 км і доўжылася восем дзён.

Крыж з абвугленых бэлек з даху базылікі формай і памерамі нагадвае крыж, прывезены з Вільні.

На час фэсту абодва крыжы ўсталяваныя на плошчы перад базылікай, доступ у якую пасля пажару закрыты.

Пры выкарыстанні матэрыялаў Catholic.by спасылка абавязковая. Калі ласка, азнаёмцеся з умовамі выкарыстання

Дарагія чытачы! Catholic.by — некамерцыйны праект, існуе за кошт ахвяраванняў і дабрачыннай дапамогі. Мы просім падтрымаць нашу дзейнасць. Ці будзе наш партал існаваць далей, у значнай ступені залежыць ад вас. Шчыра дзякуем за ахвярнасць, молімся за ўсіх, хто нас падтрымлівае.

. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Папа Францішак

Спагадлівасць - гэта праява Божай
Міласэрнасці, адзін з сямі дароў Святога Духа